Воскресенье, 13 июля 2025

Што і як будзем мадэрнізаваць?

2 027

На гэтым тыдні два дні на Пружаншчыне працаваў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь П.П.Пракаповіч. Пётр Пятровіч, які курыруе пытанні мадэрнізацыі рэальнага сектара беларускай эканомікі, наведаў шэраг сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, каб азнаёміцца з планамі кіраўніцтва гаспадарак наконт правядзення эканамічнай і тэхнічнай мадэрнізацыі вытворчасці. Атрыманымі ўражаннямі ён падзяліўся падчас выязнога пасяджэння аблвыканкама па пытанні «Аб мадэрнізацыі прадпрыемстваў і арганізацый вобласці», якое прайшло ў мінулую сераду ў Пружанскім райвыканкаме.

Як зазначыў памочнік Прэзідэнта, убачаным ён застаўся незадаволены і патрабаваў зрабіць сур’ёзныя крокі  па выкараненні недахопаў.

— Улічваючы тое, што старшыня Пружанскага райвыканкама М.М.Серкоў на пасадзе крыху больш за месяц і ўжо ёсць пэўныя зрухі, варта спадзявацца, што за вызначаны тэрмін раён справіцца з выяўленымі пралікамі,— зазначыў П.П.Пракаповіч.

Пра тое, што пытанню мадэрнізацыі эканомікі краіны ўдзяляецца вялікая ўвага, сведчыў спіс запрошаных на пасяджэнне, якое вёў старшыня аблвыканкама К.А.Сумар. Удзел у абмеркаваннях прынялі кіраўнікі ўсіх раёнаў Брэстчыны, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ А.І.Юркевіч, прадстаўнікі ўпраўленняў і камітэтаў аблвыканкама, кіраўнікі банкаў, якія дзейнічаюць у Брэсцкай вобласці.

Нагадаем, што па патрабаванні кіраўніка дзяржавы ўсе арганізацыі, якія займаюцца вытворчасцю, гандлем або аказваюць паслугі, павінны на пачатак года мець планы ўдасканалення эканамічнага стану прадпрыемства, укаранення новых тэхналогій і інавацый. Распрацаваныя адпаведныя бізнэс-планы павінны быць узгаднены з банкамі, якія стануць крэдытаваць рэалізацыю запланаваных мерапрыемстваў.

— Зыходзячы з гэтага, адразу вызначу тэматыку сённяшняй сустрэчы,— падкрэсліў Канстанцін Андрэевіч.— Мы сабраліся не гаварыць аб плануемых намерах, а трымаць справаздачу аб сваіх першых дзеяннях у гэтым накірунку.

Задачы пастаўлены даволі сур’ёзныя. За тры гады — да канца 2015 года — на Брэстчыне павінна больш чым удвая вырасці прадукцыйнасць працы. Такая ж дынаміка запланавана і для выручкі, а значыць, і для аплаты працы работнікаў. Гэтыя лічбы рэальныя, калі выканаць запланаваную мадэрнізацыю і ствараць новую канкурэнтаздольную прадукцыю, якая будзе запатрабавана на экспартных рынках. На вызначаныя мерапрыемствы запланавана выдаткаваць звыш паўтара мільярда долараў ЗША. Побач з гэтым будзе ўдзяляцца ўвага і аб’ектам сацыяльнага прызначэння, бо ўсе намеры наўрад ці здзейсняцца без разважлівай кадравай палітыкі, калі людзям будуць гарантаваны не толькі высокія заробкі, але і жыллё, выкананне сацыяльных нарматываў. У якасці прыкладаў былі разгледжаны дзеянні некаторых раёнаў вобласці. І трэба адзначыць, што пакуль кіраўнікі не ўсюды дакладна ўяўляюць свае дзеянні. Старшыня аблвыканкама папярэдзіў, што ў далейшым, калі пытанне будзе разглядацца штомесяц, падыходы будуць больш строгія.

Таксама была ўдзелена ўвага і развіццю лясной і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, будаўнічай галіны. Кіраўнікі гэтых ведамстваў трымалі справаздачу, а таксама выказалі свае прапановы наконт рэалізацыі мерапрыемстваў. Напрыклад, лясной гаспадарцы патрэбна больш тэхнікі, але гэтыя патрэбы пакуль не ў стане задаволіць айчынныя машынабудаўнікі. Генеральны дырэктар абласной ЖКГ спыніўся на праблеме субсідзіравання. Справа ў тым, што камунальнікі запланавалі шэраг мер па скарачэнні выдаткаў і некаторыя ўжо ажыццявілі. Але эканомія прывяла да таго, што яны сталі атрымліваць менш дзяржаўных грошай на далейшае развіццё. Такія «нажніцы» могуць прывесці да непрадказальнай сітуацыі.

Больш канкрэтыкі ў далейшых планах прагучала ў выступленні старшыні Пружанскага райвыканкама М.М.Серкова.

Міхаіл Мікалаевіч падрабязна спыніўся на мадэрнізацыі аграпрамысловага комплексу, называючы запланаваныя сёлетнія мерапрыемствы па асобных гаспадарках. Напрыклад, бягучы год стане лёсавызначальным для ААТ «Роўбіцкае»: калі на рэспубліканскім узроўні будзе станоўча вырашана пытанне аб пралангацыі даўгоў гаспадаркі на пяць гадоў, то таварыства можа быць далучана да ААТ «Жураўлінае». Дарэчы, у гэтай гаспадарцы будуць скарэкціраваны планы па ўзвядзенні ўласнага рэпрадуктара для свінагадоўлі. Усяго ж рэканструкцыя рознай ступені пройдзе на 55 раённых прадпрыемствах розных форм уласнасці, на што будзе выдаткавана звыш двух трыльёнаў рублёў, 90% з якіх пойдуць на сельскую гаспадарку.

Акрамя тэхнічнага пераўзбраення, будзе ўдасканалена сістэма кіравання, зменяцца падыходы ў забеспячэнні выканаўчай дысцыпліны, праведзена аптымізацыя выдаткаў і штатаў персаналу. Найбольш увагі, на думку старшыні райвыканкама, патрабуе камбінат будаўнічых матэрыялаў, паляпшэнне эканамічнай раўнавагі якога будуць дабівацца шляхам развіцця і ўдасканалення існуючай вытворчасці.

Алег Сідарэнка, Аляксандр Мелеш (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *