Дарогі злучаюць вялікія гарады і невялікія вёсачкі, якія часам нават цяжка адшукаць на геаграфічнай карце. Пасля доўгай дарогі хлебам-соллю мы сустракаем дарагіх сэрцу гасцей. І ўвогуле, са словам «дарога» ў нас звязаны толькі самыя добрыя пачуцці. А калі раптам дарога становіцца прычынай разладу? Такое, на жаль, таксама здараецца ў нашым жыцці.
Вёску Шубічы з шашой Пружаны-Белы Лясок злучаюць дзве дарогі: адна знаходзіцца на балансе ДРБУ-140, а другая — унутрыгаспадарчая, пракладзена праз палетак ААТ «Шані-аграпрадукт». З сёлетняй вясны апошняя дарога, якая ідзе ад вёскі да аўтобуснага прыпынку «Шубічы» практычна спыніла сваё існаванне. Калі казаць па-простаму, то яе зааралі. А каб не рухалася тэхніка, з двух бакоў яшчэ і перакрылі землянымі валамі.
Такія дзеянні кіраўніцтва ААТ «Шані-аграпрадукт» выклікалі абурэнне ў жыхароў Шубіч. Пасыпаліся скаргі ў розныя інстанцыі. Тэлефанавалі вяскоўцы і ў рэдакцыю газеты.
Мы паспрабавалі разабрацца ва ўсім па парадку. Аказалася, сапраўды, дарога гэта з’яўляецца ўнутрыгаспадарчай і значыцца як палявая, што пацвярджае і начальнік раённай землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы Аляксандр Іваноў. У свой час былы кіраўнік гаспадаркі В.І.Сарока меў нават намер перадаць яе на абслугоўванне дарожнай арганізацыі. І дарога гэтая пазначана на карце Пружанскага раёна, якая выдавалася ў 2003 годзе. Новы кіраўнік — новы падыход?
Дырэктар ААТ «Шані-аграпрадукт» А.В.Камінскі тлумачыць, што дарога закрыта толькі для перамяшчэння тэхнікі. Для веласіпедыстаў і пешаходаў не існуе ніякага абмяжавання. А павелічэнне памераў палетку ў выніку ліквідавання дарогі зручна для работы энерганасычанай тэхнікі. Да таго ж, па словах кіраўніка, аўтамашыны часцяком пракладвалі свой шлях па пасевах. Напэўна, таму, што была дарога недагледжанай, яміна на яміне.
А што кажа другі бок канфлікту? Як лічыць старшыня Шаняўскога сельскага выканаўчага камітэта С.І.Лапука, дарога мае права на жыццё, бо гэта зручна для людзей.
Такога ж меркавання прытрымліваюцца і жыхары вёскі Шубічы, а таксама тыя, хто цяпер прыязджае толькі ў бацькоўскія хаты.
Ніна Рак жыве ў Пружанах. У Шубічах знаходзіцца бацькоўскі дом. Летам на веласіпедзе дабіраецца сюды. Калі зруйнавалі дарогу, рабіць гэта стала цяжэй, бо трэба даваць вялікага кругаля.
Канстанцін Бабрук цяпер на пенсіі і жыве ў вёсцы. Працаваў у розных арганізацыях горада. Таксама не разумее, навошта ліквідавалі дарогу, якая існавала дзесяцігоддзямі.
—Ёй жа карысталіся жыхары не толькі Шубіч, але і Кацёлкаў, Зарэчча, Абруба, хутара Квасаўшчына, — зазначае суразмоўца.
А вось, як рэагуе на гэта ветэран Вялікай Айчыннай вайны 92-гадовая М.А.Бабрук:
— Па гэтай дарозе я вярталася ў родную вёску пасля вайны, па ёй некалі хадзілі ў царкву ў Пружаны. Гэта ж самы блізкі шлях.
Ураджэнец вёскі В.І.Курачынскі быў на асабістым прыёме па гэтым пытанні ў старшыні райвыканкама. Пакуль пытанне знаходзіцца на стадыі вывучэння. Адказ на яго абавязкова будзе дадзены.
А калі падыходзіць да яго вырашэння чыста па-чалавечы? Няўжо гэта дарога наносіць такі вялікі ўрон эканоміцы гаспадаркі? Думаю, што не.
На здымках: такі цяперашні выгляд дарогі.
Фота аўтара.
Мікола Архуцік.