Понедельник, 2 декабря 2024

Чтобы знать, чем живет власть. Из доклада главного редактора УРГ «Раённыя будні» и программы радиовещания «Пружанскае раённае радыё»

1 922

З даклада галоўнага рэдактара ўстановы «Рэдакцыя газеты «Раённыя будні» і праграмы радыёвяшчання «Пружанскае раённае радыё» М.Д.Антаноўскага.

Гаворачы аб важнай ролі  раённай газеты на інфармацыйным полі, варта нагадаць некаторыя лічбы і факты. Па стану на 1 студзеня  2015 года пад-пісчыкі нашага раёна атрымлівалі крыху больш 30 тысяч экзэмпляраў асноўных рэспубліканскіх і рэгіянальных друкаваных выданняў, з іх прыкладна трэцяя частка (больш 9 тысяч) прыходзіцца на “Раённыя будні”. Для параўнання:  газета “Советская Белоруссия” –1430 падпісчыкаў, “Рэспубліка” – 179, “Звязда” – 96, “Народная газета” – 97, “Сельская газета” – 120, абласная “Заря” – 430 экзэмпляраў.

У разліку на 1000 чалавек насельніцтва раёна прыходзіцца  больш 190 экзэмпляраў раённай газеты, гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў не толькі ў  Брэсцкай вобласці, але і  ў рэспубліцы. Нягледзячы на істотнае на працягу некалькіх апошніх гадоў скарачэнне колькасці насельніцтва  ў раёне, цікавасць да нашага выдання не зніжаецца. Прычым яно карыстаецца прыкладна аднолькавай папулярнасцю як у гараджан, так і ў вясковых жыхароў: на гарадскіх падпісчыкаў прыходзіцца 38% ад агульнага тыражу газеты. Калі зыходзіць з таго, што зараз, па дадзеных статыстыкі, у  раёне пражываюць 48,7 тысячы чалавек (у тым ліку 19 тысяч у горадзе, або 39%), то бачна, што “Раённыя будні” аднолькава цікавыя  і для вяскоўцаў, і для пружанцаў. З гэтай сярэдняй статыстыкі не ў лепшы бок “выбіваюцца” нашы гарадскія пасёлкі: лічым, што 400 экзэмпляраў раёнкі на амаль 3 тысячы чалавек у Ружанах і 300 экзэмпляраў на Шарашова – малавата. Гэта – не папрок, а падстава задумацца, найперш  журналістам, чаму так адбываецца.

Хацелася б звярнуць увагу на тое, што асноўная маса  рыхтуемых журналістамі матэрыялаў  выдаецца на беларускай мове. Раблю на гэтым акцэнт таму, што існуе думка аб тым, нібыта беларуская мова стрымлівае рост тыражоў.  Прыклад нашай газеты пераканаўча абвяргае гэтае сцвярджэнне. Значыць, не ў мове справа. Тады – у чым?

Папулярнасць газеты тлумачыцца тэматычнай насычанасцю, зваротам журналістаў да самых злабадзённых, найбольш хвалюючых мясцовых праблем і падзей. Па сутнасці рэдакцыю цікавяць абсалютна ўсе бакі жыццядзейнасці раёна. І ўсё гэта так ці інакш датычыцца тэмы разглядаемага пытання. Яно і зразумела: “Раённыя будні” і наша радыёвяшчанне асвятляюць мясцовую тэматыку, а ўсё, што адбываецца ў раёне, знаходзіцца пад кантролем органаў мясцовага кіравання і самакіравання.

“Раённыя будні” —  гэта не проста газета, якая папісвае, а чытач пачытвае. Гэта – друкаваны орган раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў.  Гэта значыць, выданне, якое праводзіць дзяржаўную палітыку на мясцовым узроўні, з’яўляючыся не толькі калектыўным інфарматарам, але  ў немалой ступені – і  арганізатарам.

Аналізуючы, якую ж ролю адыгрываюць раённыя сродкі масавай інфармацыі ў аб’ектыўным і ўсебаковым інфармаванні сваіх чытачоў і слухачоў аб дзейнасці  органоў мясцовага кіравання і самакіравання ў вырашэнні хвалюючых насельніцтва пытанняў, давялося пагартаць падшыўкі раённай газеты за два апошнія гады, журнал рэгістрацыі радыёперадач  нашага радыёвяшчання. Адразу хачу адзначыць, што не менш 80 працэнтаў плошчы кожнага газетнага нумара (не прымаючы, вядома, да ўвагі “варагаўскую” рэкламу і праграму тэлебачання) аддаецца матэрыялам рэгіянальнай тэматыкі, а перадачы  раённага радыё, можна сказаць, на ўсе сто працэнтаў прысвечаны выключна мясцовым падзеям.

Рэдакцыі важна будаваць сваю работу па прынцыпу “Папулярнасць  газеты – гэта карыснасць інфармацыі”. Нават пры асвятленні такой сумнай, на першы погляд, тэмы, як дзейнасць органаў мясцовага кіравання і самакіравання.

Яна, між іншым, не такая ўжо і сумная. Па той простай прычыне, што нярэдка веданне (або няведанне) прынятых органамі мясцовага кіравання і самакіравання рашэнняў, распараджэнняў, палажэнняў і нават думак, прыхільнасцей першых асоб раёна ўплывае на стан жыццёвых інтарэсаў канкрэтнага чалавека, суб’екта гаспадарання, індывідуальнага прадпрымальніка.

Варта нагадаць, што з прыняццем 4 студзеня 2010 года Закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь” упершыню комплексна былі ўрэгуляваны грамадскія адносіны ў сферы мясцовага кіравання і самакіравання, дэталёва раздзелены паўнамоцтвы і адказнасць органаў дзяржаўнай улады і органаў мясцовага самакіравання. Новы дакумент надзяліў мясцовыя органы ўсімі неабходнымі паўнамоцтвамі, каб вырашаць неабходныя пытанні на мясцовым узроўні, а не звяртацца па кожным выпадку па дапамогу ў вышэйшыя інстанцыі. Заканадаўча замацавана ўкараненне прынцыпу “адно акно”, спрошчаны адміністрацыйныя працэдуры,  з’явілася такое звязуючае звяно паміж насельніцтвам і органамі мясцовага кіравання і самакіравання, як інстытут стараст.

Безумоўна, раённая газета  не магла абысці ўвагай усе гэтыя новаўвядзенні, неаднаразова на яе старонках з’яўляліся тлумачэнні аб дзейнасці  адпаведных служб па прынцыпе “адно акно”. Праўда, з цягам часу, калі гэтая форма работы з насельніцтвам стала звыклай з’явай, увайшла ў патрэбнае рэчышча, увага да яе з боку сродкаў масавай інфармацыі  некалькі аслабела. Але не-не ды і з’яўляюцца публікацыі на гэтую тэму. Цяпер ужо на тэматычнай старонцы “Мясцовая ўлада”, якая тры гады таму была задумана журналістамі разам з былым старшынёй раённага Савета дэпутатаў Віктарам Мікалаевічам Макарэвічам для асвятлення дзейнасці найперш Саветаў пярвічнага ўзроўню, пасялковых і сельскіх выканкамаў і іх першых памочнікаў – стараст населеных пунктаў.

Такім чынам мы імкнемся, каб мінімум раз у год жыхары кожнага сельсавета мелі магчымасць са старонак “раёнкі” атрымаць уяўленне аб тым, што робіцца на іх тэрыторыі.

Асноўнай формай дзейнасці Саветаў, безумоўна, з’яўляюцца сесіі. Таму і газета, радыё надаюць сесіям раённага Савета дэпутатаў асаблівую ўвагу. Нашы чытачы і слухачы маюць магчымасць дэталёва азнаёміцца з дакладамі па асноўных абмяркоўваемых пытаннях і выступленнямі дэпутатаў у спрэчках.

На жаль, даводзіцца сёння канстатаваць, што, у адрозненне ад папярэдніх гадоў, у газеце зараз практычна не асвятляецца дзейнасць пастаянных камісій раённага Савета дэпутатаў. А яны, безумоўна ж, дзейнічаюць, вядуць пэўную работу.

Дзейнасць органаў выканаўчай і распарадчай улады яскрава можна прасачыць па публікацыях пад такімі рубрыкамі, як “Афіцыйна”, “У райвыканкаме”, “Актуальнае інтэрв’ю”,  “Ад першай асобы”, “Праблема?” і некаторых іншых. Звычайна кожнае планавае пасяджэнне райвыканкама знаходзіць сваё адлюстраванне на старонках газеты, калі ўвага чытачоў акцэнтуецца на асноўных праблемных пытаннях, якія хвалююць мясцовую ўладу.

Усе мы ведаем, што апошнім часам наш раён дынамічна развіваецца, ёсць пэўныя дасягненні  нават на ўзроўні рэспублікі. Хаця нямала і праблем, якія трэба неадкладна вырашаць. У сувязі з гэтым, нам здаецца, вельмі важна спалучыць у нейкай прапорцыі на старонках газеты, вобразна кажучы, белае і чорнае, прыемнае і не вельмі радаснае. Як ні дзіўна, але дрэнныя навіны выклікаюць большую цікавасць, чым добрыя.

Заўважана, што мясцовыя органы кіравання вельмі добразычліва, з пашанай ставяцца да людзей працы, тых, хто стварае не толькі матэрыяльны дабрабыт, але і тых, хто вучыць нашых дзяцей, лечыць хворых, нясе культуру ў масы і проста радуе сваім талентам. І гэта добра бачна па тых публікацыях, якія расказваюць пра сустрэчы кіраўнікоў раёна з працоўнымі калектывамі, пра ўдзел у розных масавых мерапрыемствах. І прыклад тут паказвае сам старшыня райвыканкама Міхаіл Мікалаевіч Серкоў, якому, як ён прызнаецца ў сваіх інтэрв’ю, не вельмі даспадобы кабінетны стыль кіравання.

Тое ж самае можна сказаць і пра намесніка старшыні райвыканкама Мікалая Пятровіча Кудраўца: калі не ў кожным, дык адназначна праз нумар сустрэнеш яго прозвішча на старонках “раёнкі” ў матэрыялах аб праводзімых семінарах, урачыстасцях, спартыўных спаборніцтвах, сустрэчах з замежнымі гасцямі і г.д.

Паверце, гэта не падхалімаж, гэта – рэаліі жыцця чыноўніка-кіраўніка, якія, дарэчы, патрабуюць нямала высілкаў і пра якія таксама павінен ведаць наш чытач.

На старонках газеты публікуецца нямала матэрыялаў, у якіх закранаюцца пытанні, што хвалююць  як канкрэтнага чалавека, так і грамадскасць у цэлым. І тут сапраўды журналістам даводзіцца працаваць у цесным кантакце з кіраўніцтвам раёна, службовымі асобамі, кіраўнікамі прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый. Напэўна, ва ўсіх яшчэ на слыху праблемы, выкліканыя сітуацыяй  па недапушчэнні  распаўсюджання на тэрыторыі раёна такога небяспечнага захворвання, як афрыканская чума свіней. На наш погляд, тут няблага спрацавалі не толькі адпаведныя службовыя асобы, але і сродкі масавай інфармацыі. Разам мы імкнуліся не выпусціць сітуацыю з-пад кантролю, заспакоіць насельніцтва, даносячы праўдзівую інфармацыю аб дзеяннях мясцовай улады.

Або зусім свежы прыклад: спыненне вытворчасці малака “Прастаквашына” СТАА “ЮНІМІЛК Пружаны”. Адпаведная і,  галоўнае, своечасовая публікацыя па ініцыятыве намесніка старшыні райвыканкама Вячаслава Мікалаевіча Зубко аб рэальным стане спраў на гэтым прадпрыемстве, думаецца, неяк прыцішыла чакаемую хвалю абурэння. Дадатковае  апытанне людзей, зробленае журналістам на гэты конт і змешчанае пад пастаяннай нашай рубрыкай “Думкі з вуліцы”,  пацвердзіла, што больш нашых пакупнікоў з разуменнем адносяцца да сітуацыі.

Увогуле жа, адкрытая і шчырая гутарка з чытачамі аб набалелых пытаннях з удзелам адказных службовых асоб звычайна знаходзіць станоўчы водгук і паразуменне. Вось чаму мы асабліва цэнім публікацыі пад рубрыкамі “Праблема?”, ВАМ (Выпадак. Адказ. Меркаванне), “Ёсць пытанне”, “Актуальнае інтэрв’ю”, “Эканоміка”. Назаву толькі некалькі такіх публікацый: “Пружаны – не Сочы, але і тут цёмныя ночы” (аб арганізацыі начнога асвятлення горада), “У гарадской забудовы – свае правілы” (тлумачэнні архітэктара раёна аб будаўніцтве непажаданага для часткі гараджан аздараўленчага комплексу), “Ініцыятыва – ключ да поспеху” (роздум намесніка старшыні райвыканкама В.М.Зубко аб незадавальняючым развіцці прадпрымальніцтва), “Сірата пры жывых бацьках” (інтэрв’ю намесніка камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама аб сітуацыі ў нешчаслівых сем’ях)… І гэты спіс можна доўжыць і доўжыць.

У працяг гэтай тэмы выкажу такую думку. Людзі з асаблівай цікавасцю ставяцца да выступлення першай асобы раёна. Аб гэтым можна меркаваць нават па тым, што на сайце газеты  інтэрв’ю, адказы на пытанні жыхароў, якія дае старшыня райвыканкама, карыстаюцца найбольшай папулярнасцю. На нашу думку, варта было б разнастаіць формы ўзаемаадносін кіраўніцтва  раёна з насельніцтвам праз СМІ. Цікавым, напрыклад, падаўся матэрыял пад рубрыкай “Старшыня даў даручэнне”: калі памятаеце, гутарка вялася аб мэтазгоднасці адкрыцця на аўтавакзале ў Пружанах чыгуначнай касы, і старшыня даў даручэнне праз газету праінфармаваць людзей. На жаль, першая спроба аказалася апошняй. У журналістаў на гэты конт ёсць і іншыя прапановы.

З упэўненасцю можна сцвярджаць, што ў раёне наўрад ці зной-дзецца служба, якая б на працягу года не выступала на старонках газеты ці пра якую б не пісала “раёнка”. 2-3 заўважныя  матэрыялы на год – нармальная норма для намеснікаў старшыні райвыканкама і падначаленых ім кіраўнікоў упраўленняў,  аддзелаў і раённых служб. У прынцыпе  ў сярэднім яно так і атрымліваецца. Больш актыўна  тут дзейнічаюць тыя службы (напрыклад, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і сацыяльнага забеспячэння), якім трэба неадкладна давесці да насельніцтва  важную інфармацыю. Цесна супрацоўнічае з газетай райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, асабліва ў гарачыя  для вяскоўцаў дні сяўбы, нарыхтоўкі кармоў і ўборкі ўраджаю.

Актыўнасць праяўляюць праваахоўныя органы, міліцыя і пракуратура, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Праўда, нам бы хацелася, каб пры гэтым была не проста канстатацыя фактаў, а глыбока асэнсаванае іх тлумачэнне, аналіз прычын іх узнікнення.

Мы ўдзячны за разуменне важнасці працы журналістаў, актыўнае супрацоўніцтва з рэдакцыяй  Алене Харытонаўне Лапыка, Вячаславу Мікалаевічу Зубко, Сяргею Міхаўлавічу Гуку, Любові Сяргееўне Імховік, Канстанціну Іванавічу Панімашу, Раісе Мікалаеўне Кадэшка, Уладзіміру Мікалаевічу Мікіцічу, Міхаілу Міхайлавічу Грышкевічу, Мікалаю Сцяпанавічу Жогалу, Пятру Мікалаевічу Білецкаму, Васілю Сцяпанавічу Лу-к’янчуку, Васілю Лявонцьевічу Севасцьянчыку, Галіне Леанідаўне Бондар, Віктару Міхайлавічу Каліху, Дзмітрыю Пятровічу Карпею, Генадзю Адамавічу Сысою і многім іншым.

У рамках цяперашняй барацьбы за інфармацыйную прастору перамагаюць тыя, хто можа гібка рэагаваць на змены чытальніцкай аўдыторыі, яе інтарэсаў. А яны ў апошні час  сапраўды адчувальна змяніліся. Чытач – наш спажывец, пакупнік, якому патрэбна дагадзіць.

І калектыў рэдакцыі стараецца гэта рабіць, і напаўняючы газету змястоўнасцю, і павялічваючы яе аб’ём. Калі ў 80-х гадах “раёнка” выходзіла  на 12 палосах фармату А3 (3 разы па 4 старонкі) на тыдзень,  а ў  90-х   толькі  на 8 старонках  (2 разы  на тыдзень), у пачатку 2000-х – на 16,  дык з другой палавіны 2013 года – на 24 старонках (8 палос па серадах і 16 – па суботах).

Установа “Рэдакцыя газеты “Раённыя будні” і праграмы радыёвяшчання “Пружанскае раённае радыё” вось ужо больш дзясятка гадоў знаходзіцца на поўнай самаакупнасці. За 2014 год  у бюджэт пералічана 360 мільёнаў рублёў, у тым ліку 185 млн. падаходнага падатку. Устойлівае фінансавае становішча дазваляе рашаць усе праблемы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння рэдакцыі, пастаянна павышаць заработную плату супрацоўнікаў. Праўда, дасягаецца гэта за кошт павелічэння нагрузкі на работнікаў: скарацілі штаты да 16 замест рэкамендуемых 18 чалавек і адначасова павялічылі аб’ём газеты з 20 да  24 старонак.

Цяпер крыху падрабязней  пра  яшчэ адну складаемую рэгіянальнай інфармацыйнай прасторы – раённае радыё, заснавальнікам якога, дарэчы, з’яўляецца  раённы Савет дэпутатаў. Да нядаўняга часу перадачы мясцовага радыё, падрыхтоўка якіх ускладзена на рэдактара аддзела радыёінфармацыі, ажыццяўлялася тры разы на тыдзень, у агульным аб’ёме – 70 мінут (па 20 мінут па аўторках і чацвяргах і 30 – па суботах).

На нашу думку, хуткае знішчэнне праваднога радыё з’явілася вялікай памылкай. Яго пазбавілася шматтысячная армія слухачоў, асабліва незадаволена ўспрынялі гэты факт вясковыя жыхары, для абсалютнай  большасці з якіх прапановы аб набыцці эфірных радыёпрыёмнікаў, настроеных на частату 98,3 МГц, засталіся непрымальнымі. На нашу думку, пераход з праваднога на поўнае эфірнае вяшчанне павінен быў быць больш плаўным, магчыма, нават з павышэннем кошту за карыстанне радыёкропкай.

Атрымалася ж, што старое разбурылі, а ўзамен мала што далі.

Для раённых радыё прапануюць тры варыянты выхаду да слухача.  Першы: займець сваё паўнацэннае  FM-радыё, што вельмі праблематычна і па кошце, і з-за адсутнасці належнай рэкламнай базы, якая б забяспечвала самафінансаванне. Праўда, пры гэтым нельга выключаць варыянт  стварэння такой радыёстанцыі на некалькі сумежных раёнаў.

Другі: на хвалі радыёстанцыі “Брэст” даваць у месяц дзве-тры платныя 5-мінутныя падборкі навін раёна. Наўрад ці патрэбны тут каментарыі.

І трэці, пакуль найбольш прымальны: выхад у эфір на частаце праграмы Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё тры разы на тыдзень, па аўторках і чацвяргах з 6.25 да 6.40 і па серадах з 21.05 да 21.30. Праўда, пакуль і тут ёсць свае замарочкі: Белтэлерадыёкампанія ставіць свае ўмовы па заключэнні з ёй адпаведных дамоў, займення спецыяльнай ліцэнзіі на трансляцыю перадач.

Не выключана, што нешта ў гэтых схемах можа памяняцца, бо Міністэрствам інфармацыі да сярэдзіны гэтага года павінна распрацаваць праграму развіцця рэгіянальнага вяшчання.

Самым перспектыўным сегментам інфармацыйнага поля сёння лічыцца Інтэрнэт. Існуе нават думка, што ён у хуткім будучым адсуне на другі план іншыя сродкі масавай інфармацыі. Аднак, шчыра кажучы, у гэта верыцца з цяжкасцю. Нам здаецца, што друкаваныя СМІ  і далей  (а ў бліжэйшай перспектыве – несумненна) будуць знаходзіць свайго чытача. Гэта звязана з пэўным  кансерватызмам часткі аўдыторыі, у першую чаргу рэгіянальнай, яе інфармацыйнымі запытамі, а таксама з эканамічным бокам пытання.

Сёння кантэнт беларускіх веб-сайтаў (і сайт нашай газеты таксама таму пацвярджэнне) у масе свай бясплатны, рынак рэкламы ў сферы інтэрнэт-СМІ мае нязначны аб’ём і знаходзіцца па сутнасці ў зародкавым стане. Так што поўны сыход друкаваных СМІ ў інтэрнэт малаверагодны. У той жа час будзе ўзмацняцца тэндэнцыя раздзялення “сфер уплыву”: аператыўная інфармацыя, навінавы кантэнт, форумы, блогі – усё гэта стане прэрагатывай інтэрнэту, а вось аналітыка – якасная, праблемная – застанецца ў друкаваных версіях выданняў.

Менавіта з гэтых пазіцый мы падыходзім  да развіцця нашага сайта, які карыстаецца калі не папулярнасцю, дык пэўным попытам адназначна. За пяць гадоў яго наведалі  больш  430 тысяч чалавек.  Папулярнасць сайта імкліва расце, сярэднясутачная наведвальнасць – 350 чалавек.

Яшчэ некалькі слоў аб планах на будучае. Ідэйна-тэматычны змест газеты і  перадач раённага радыё наўрад ці карэнным чынам  памяецца: як сведчыць вопыт папярэдніх гадоў, ён упаўне адпавядае месцу і ролі мясцовых СМІ ў інфармацыйнай прасторы нашага грамадства. Напэўна, размова можа  весціся толькі аб паляпшэнні форм падачы матэрыялаў, іх актуальнасці і аператыўнасці, паляпшэнні паліграфічнага выканання і вёрсткі газетных палос і, магчыма, павелічэнні  аб’ёму выпуску як газеты, так і радыёперадач. Усё гэта ў канчатковым варыянце будзе звязана з фінансавымі магчымасцямі ўстановы: як вядома,  і Міністэрствам інфармацыі, і аблвыканкам перад СМІ  пастаўлена задача аб поўным выхадзе на самаакупнасць.

Як адзін з найбольш прымальных, разглядаецца наступны варыянт развіцця раённых СМІ: газета выходзіць адзін раз на тыдзень аб’ёмам 24-32 старонкі ў поўнакаляровым выкананні (накшталт “Аргументов и фактов”). Папярэдне “раскручваецца” інтэрнэт-версія яе і павялічваецца  час выхаду эфірнага радыёвяшчання, а магчыма – ствараецца і сваё тэлебачанне, што дазволіць больш аператыўна знаёміць жыхароў раёна з галоўнымі падзеямі рэгіёна. Дзякуючы штотыднёваму выпуску, амаль у паўтара раза зніжаюцца затраты на дастаўку газеты падпісчыкам, некалькі змяншаюцца і паслугі друкарні, асабліва пры ўмове, што набярэ папулярнасць падпіска на электронны варыянт газеты, калі не патрабуюцца ні паслугі паштальёнаў, ні паслугі паліграфістаў.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *