аённае свята працаўнікоў сяла «Дажынкі-2013» і кірмаш «Пружанская восень» прайшлі ў мінулую нядзелю ў райцэнтры.
Пачалося яно святочным шэсцем перадавікоў на ўборцы ўраджаю, дэлегацый сельвыканкамаў, сельгаспрадпрыемстваў і арганізацый, парадам сельскагаспадарчай тэхнікі. Магутныя трактары, збожжаўборачныя камбайны, тэхніка, якая працуе на льняных палетках, — усё гэта можна было ўбачыць у нядзельную раніцу на вуліцы Р.Шырмы.
Па працы і пашана
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў на ўборцы ўраджаю 2013 года адбылася на цэнтральнай плошчы горада.
На сцэну, перад якой устаноўлены вялізны каравай, запрашаецца старшыня райвыканкама М.М.Серкоў. Яму ўручаецца сімвалічны сноп.
Кіраўнік раёна агучыў цікавыя лічбы. Так, сёлета сабрана ў нашых гаспадарках 122 тысячы тон збожжа, або амаль па 2,5 тоны на кожнага жыхара. Калі змалоць гэта збожжа, то мукі хопіць на 25 гадоў. За дзень на фермах надойваеца столькі малака, што яго хопіць на цэлы месяц для нашых жыхароў.
Вядучыя мерапрыемства называюць прозвішчы сельскіх працаўнікоў, якія сталі прызёрамі рэспубліканскага і абласнога спаборніцтва на ўборцы ўраджаю і былі ўшанаваны на дажынках, якія прайшлі ў Ляхавічах і Жлобіне.
На сцэну адзін за адным падымаюцца кіраўнікі, механізатары, вадзіцелі, аператары КЗС, спецыялісты.
Сярод гаспадарак пераможцам на ўборцы збожжавых і зернебабовых стала ААТ «Агра-Калядзічы». Другое і трэцяе месца прысуджана адпаведна ААТ «Жураўлінае» і ААТ «Эксперыментальная база «Белавусаўшчына».
Граматай Савета Міністраў адзначана праца механізатара ААТ «Агра-Калядзічы» В.А.Чэрніка.
Сярод галоўных аграномаў лепшымі прызнаны Л.У.Чарняк з ААТ «Агра-Калядзічы» і А.В.Шыпуль з ААТ «Эксперыментальная база «Белавусаўшчына», а сярод галоўных інжынераў — А.С.Смецюх з ААТ «Шані-аграпрадукт».
Заслужаныя ўзнагароды з рук старшыні райвыканкама атрымалі камбайнеры У.М.Назарук і А.В Зінкевіч з ААТ «Жураўлінае», В.А. Амельчанка і Я.А.Бражкін з ААТ «Ружаны-Агра», С.І.Ахрэм і Ю.А.Калін з ААТ «Эксперыментальная база «Белавусаўшчына».
Сярод маладых камбайнераў вызначыліся С.В.Густыр і Ю.В. Рыпінскі з ААТ «Ружаны-Агра», В.М.Шарашовец і А.У.Санукевіч з ААТ «Жураўлінае», Я.І.Чатырбок і М.Г.Ляўчук з ААТ «Эксперыментальная база «Белавусаўшчына».
Камбайнеры А.А.Сацюк і Д.А. Сацюк сталі пераможцамі сярод сямейных экіпажаў.
Больш за іншых перавезлі збожжа ад камбайнаў вадзіцелі А.А.Жарыкаў, П.І.Краўчук (абодва з ААТ «Жураўлінае»), а таксама У.А.Саваш з «Белавусаўшчыны».
Узнагароды атрымалі і маладыя вадзіцелі: В.В. Амельчанка з ААТ «Ружаны-Агра», В.В.Сідарчук з ААТ «Мурава» і С.І.Місюля з ААТ «Жураўлінае».
Больш за іншых перавезлі збожжа на ААТ «Аранчыцкае збожжапрыёмнае прадпрыемства» вадзіцелі аўтапарка №11 П.А.Глушко і М.М.Сушчук.
Пераможцамі прызнаны калектыў ЗСК-80 з ААТ «Айчына» (старшы аператар А.Г.Крац) і КЗСВ-40 з ААТ «Вялікасельскае Агра» (старшы аператар А.І.Давідзюк).
Узнагароды былі ўручаны таксама і ад райкама прафсаюза работнікаў АПК. За стварэнне найлепшых сацыяльна-бытавых умоў і норм аховы працы і тэхнікі бяспекі адзначана ААТ «Пружанскае» (старшыня прафкама А.А.Краўчук). Старшыня райкама прафсаюза С.С.Лаўрыновіч уручыў падарункі сямейнаму экіпажу М.С.Шышко і С.М.Шышко, а таксама інжынеру па ахове працы і тэхніцы бяспекі М.М.Ганчару з ААТ «Жураўлінае».
Падведзены былі вынікі конкурсу на лепшы сельскі падворак. У ліку пераможцаў Віктар і Алёна Таргонскія з Шарашова, Дзмітрый і Ганна Раманоўскія з Муравы, Вадзім і Інга Хаметы з Мокрага.
Таксама былі абвешчаны вынікі конкурсу па стварэнні бытавых умоў, утрымання і аснашчэння пакояў для прыёму ежы. Тут лепшымі прызнаны майстэрня ААТ «Пружанскае» (галоўны інжынер А.М. Кот) і малочнатаварны комплекс «Роўбіцк» (начальнік М.М.Купраш).
Перад пераможцамі жніва і прысутнымі на свяце выступілі народны хор «Вербніца», ансамбль песні «Ліцвіны», народны ансамбль танца «Завіруха», вакальная група аўтаклуба «Забава»…
Гасцявалі на падворках
Варта сказаць, што свята ўдалося на славу. Прыемна, што адгукнуліся на прапанову прыняць удзел у ім усе пассельвыканкамы, гаспадаркі, якія не толькі выставілі сваю прадукцыю, але і прывезлі самадзейных артыстаў і наладзілі сапраўдны фестываль падворкаў. Варта адзначыць і райспажыўтаварыства, філіялам якога належала галоўная роля на кірмашы: гандлявалі не толькі сельгаспрадукцыяй, але і многімі іншымі прамысловымі і харчовымі таварамі.
Пры гэтым, нарэшце, арганізатары свята зразумелі, што не трэба так строга ставіцца да рэалізацыі спіртных напояў: пружанцы ўмеюць сябе паводзіць ў грамадстве, таму п’яных і шумных спрэчак не было заўважана. А вось усмешак было хоць адбаўляй. Вясёлы настрой адчуваўся ва ўсім, нават на спартыўных пляцоўках, якія сабралі вялікі натоўп гледачоў.
А цяпер асобна варта спыніцца на цэнах. Даўно не даводзілася бываць на сапраўдных кірмашах, дзе можна набыць тыя ж рэчы, але крыху дзешавей. Як правіла, такія мерапрыемствы можна было назваць вынасным гандлем, бо цэны ў палатках і ў магазінах нічым не адрозніваліся. На гэты раз усё было арганізавана інакш, з-за чаго ля кожнага прылаўка збіраліся чэргі. Калі за гэты паказчык даваліся б узнагароды, то першае месца атрымала б палатка з сырамі і маслам малочнага камбіната: так хацелася пружанскіх сыроў паспытаць, ды і па масле ўжо засумавалі. І практычна ў кожнай гандлёвай палатцы прапаноўвалася паўдзельнічаць у бяспройгрышнай латарэі.
Праўда, не абышлося, як кажуць, без лыжкі дзёгцю: чамусьці хутка закончыліся грошы ў банкамаце на плошчы, і памяшканне аддзялення «Беларусбанка» было літаральна забіта абуранымі людзьмі.
Праводзіліся і вялікія конкурсы, самым галоўным з якіх стала ацэнка сельскагаспадарчых падворкаў. Падводзілася яна па некалькіх намінацыях. Спецыяльнае журы па дастойнасці ацаніла і ўклад тых, хто праявіў фантазію, уменне і здольнасці пры афармленні сельскагаспадарчых падворкаў, паказаў сваю шчодрасць і талент. Напрыклад, самы лепшы «Каравай Пружаншчыны» прыгатавалі ружанцы, лінаўчане і шаняўцы, «Лепшымі гаспадынямі» сталі прадстаўніцы Мокраўскага, Пружанскага, Хараўскога і Шарашоўскага падворку. Безумоўна, ацэньваліся і творчыя здольнасці ўдзельнікаў конкурсу. Так, лепшую «Візітную картку» паказалі калектывы Сухопальскага, Шчарчоўскага, Пружанскага і Хараўскога падворкаў, а найбольш «Яскравыя персанажы» прывезлі з сабой артысты з Вялікага Сяла і Зеляневічаў.
Але сапраўднымі пераможцамі ў гэты дзень сталі пакупнікі, якія не паленаваліся і прыйшлі на кірмаш. Без пакупак ніхто не вярнуўся дадому!
Мікола АРХУЦІК, Алег СІДАРЭНКА, Аляксандр МЕЛЕШ (фота)