Чым восень і зіма адрозніваецца ад іншых пор года? Ні дождж або снег, ні халады з маразамі не змогуць сапсаваць наш настрой. Але ёсць адзін мінус: у гэты перыяд хутка цямнее, а значыць, гойсаць па вуліцы можна нядоўга. Чым заняцца? Для многіх хлопчыкаў і дзяўчынак такога пытання не існуе восенню або зімой: яны наведваюць шматлікія спартыўныя секцыі ў Лядовым і Водным палацах.
Многія госці нашага горада адзначаюць, як пружанцам пашанцавала мець такі Лядовы палац. І справа зусім не ў самім комплексе, хаця ён зроблены на самым высокім сучасным узроўні. Ёсць крытыя каткі і ў іншых гарадах Беларусі. А вось трэнерскі састаў у пружанскім Лядовым палацы самы прафесійны, што дае магчымасць рыхтаваць, напрыклад, фігурыстаў высокага спартыўнага класа.
Як расказвае адзін з трэнераў юных фігурыстаў Алена Мікалаеўна Лёўкіна, трапіць у гэтую секцыю вельмі проста.
— Прымаюцца практычна ўсе жадаючыя прыкладна з шасці гадоў, хаця ёсць і трохгадовыя выхаванцы. Але хачу зазначыць, што фігурнае катанне — складаны від спорту.
Працэс навучання вельмі разнастайны. Першыя крокі самыя простыя — развіццё агульнафізічных здольнасцей: шэсць разоў на тыдзень спартыўныя практыкаванні, акрабатыка, харэаграфія. Так праходзіць адзін месяц, па заканчэнні якога выхаванцы прыступаюць да асваення канькоў.
Дзеці вучацца проста стаяць, хадзіць, а потым і бегаць у каньках, каб потым на лёдзе адчуваць сябе ўпэўнена. Уявіце, што толькі адзін канёк важыць 750 грамаў, да таго ж ён яшчэ і востры. Фігурыст павінен умець не толькі правільна падаць, але і хутка і правільна ўставаць.
Потым трэнеры вучаць розным фігурным элементам. Зразумела, што хатняе заданне тут не задаюць. Але трэнеры раяць рухацца як мага больш: гуляць на вуліцы, бегаць, скакаць, займацца на турніках і катацца на арэлях. Усе гэтыя практыкаванні развіваюць пачуцці прасторы, рытму, што вельмі неабходна потым на трэніроўках. 
— Нагрузкі і становяцца прычынай адсеву ў будучым,— пацвярджае Алена Мікалаеўна.— Прыкладна да 8-9 гадоў выхаванцы пераводзяцца ў вучэбна-трэніровачныя групы, у якіх яны асвойваюць больш высокі ўзровень майстэрства з вузкай спецыялізацыяй па асобнай праграме. А праз год-два трэнер вызначае, у якім стылі рыхтавацца далей — адзіночным катанні, парным выступленні ці ў спартыўных танцах. Ідэальнай парай традыцыйна лічацца высокі моцны хлопчык і далікатная гнуткая дзяўчынка.
Алег Сідарэнка.
Фота Сяргея Талашкевіча.
