Дырэктар Брэсцкай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву прафсаюзаў па відах барацьбы Пётр Пятровіч Хацько – госць у Пружанах нячасты. Таму падчас апошняга яго візіту ў наш горад не ўпусціла магчымасці для сустрэчы.
— І якая ж цікавасць прывяла Вас у Пружаны? – задаю першае пытанне.
— Прыцягненне вучняў да заняткаў такімі алімпійскімі відамі спорту, як барацьба грэка-рымская і вольная. Развіццю гэтых відаў у вобласці надаецца вялікая ўвага. Акрамя Брэста, барацьба актыўна папулярызуецца ў Баранавічах, Пінску, Ганцавічах. Цяпер і ў Пружанах.
— Якім чынам?
— З пачатку навучальнага года аддзяленні барацьбы грэка-рымскай і вольнай нашай школы адкрываюцца ў вашым горадзе. Вялікую ролю ў гэтым адыграў старшыня райвыканкама Міхаіл Мікалаевіч Серкоў, Беларуская федэрацыя барацьбы, упраўленне спорту і турызму аблвыканкама, а таксама федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.
— Пётр Пятровіч, такое імкненне развіваць згаданыя алімпійскія віды спорту ў райцэнтрах не можа не захапляць. Аднак, калі згадаць скандальныя заяўленні падчас апошняй Алімпіяды з нагоды вываду грэка-рымскай і вольнай барацьбы з разраду алімпійскіх відаў, ці не будзе такое імкненне запозненым?
— Сапраўды, такія заяўленні гучалі. Гэта нейкае дзікунства: вывесці з разраду алімпійскіх віды спорту, з якіх наогул пачынаўся ўвесь алімпійскі рух. На шчасце, тыя беспадстаўныя размовы засталіся ў мінулым. Правядзенне Алімпіяды без спаборніцтваў па грэка-рымскай і вольнай барацьбе проста не магчыма. Таму хачу заклікаць на нашы заняткі ўсіх хлапчукоў, якія жадаюць стаць не толькі дужымі і прыгожымі мужчынамі, але і паспяховымі спартсменамі.
— Ці створаны ў нашым горадзе неабходныя ўмовы для заняткаў грэка-рымскай і вольнай барацьбой?
— Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама прадаставіў памяшканне для заняткаў грэка-рымскай барацьбой у спартыўнай зале Воднага палаца. Беларуская федэрацыя барацьбы забяспечыла барцоўскім дываном. Брэсцкая СДЮСШ падабрала перспектыўнага трэнера, які ўжо прыступіў да заняткаў з пружанскімі дзецьмі. У перспектыве – забеспячэнне спартыўнай формай і ўдзел у разнастайных спаборніцтвах, у тым і ліку і рэспубліканскіх. З дня на дзень прыступяць да трэніровак і вольнікі.
*
Міжнародны турнір па таэквандо ў раёне?
Рэальнасць бліжэйшых дзён
Першы Міжнародны адкрыты дзіцяча-юнацкі турнір па алімпійскай версіі таэквандо ВТФ пройдзе на базе турыстычнага комплексу “Белавежтур” у в.Клятное 17-19 кастрычніка 2014 года.
З мэтай папулярызацыі і развіцця гэтага віду спорту, акрамя беларускіх таэквандыстаў, удзел у турніры прымуць каманды Расіі, Польшчы, Украіны, Латвіі. Спаборніцтвы пройдуць сярод кадэтаў 2000-2002 гадоў нараджэння, а таксама хлопчыкаў і дзяўчынак 2003-2006 г.н.
Ідэя правядзення турніру належыць кіраўніцтву Пружанскага райвыканкама.
— Такім чынам мы будзем папулярызаваць не толькі спорт, але і наш раён. Да ўсяго, у бюджэт раёна паступяць дадатковыя сродкі. Як можна было ўпусціць такія магчымасці? — зазначае старшыня райвыканкама М.М.Серкоў.
Рустэм Шайхутдзінаў, старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення ГА “Беларуская федэрацыя таэквандо”:
—“Дзіцячае” таэквандо моцна развіта ў Брэсце. Аднак дастаткова папулярызуецца і развіваецца таксама ў раёнах вобласці. Пацвярджэннем таму – Пружаны. За апошнія 12 гадоў, на працягу якіх у Пружанах вядуцца заняткі гэтым відам спорту, тут “выраслі” такія вопытныя трэнеры, як Вольга Прысяжнюк і Аксана Кашуба.
Многія нашы выхаванцы маюць значныя перамогі. Аднак з заканчэннем школы большасць юных таэквандыстаў (у тым ліку і пружанскіх) выбірае далейшае навучанне ў ВНУ, задаволіўшыся атрыманымі навыкамі самаабароны. У спорце прабіваюцца адзінкі… Адзін з іх – цяперашні трэнер пружанскіх таэквандыстаў Віталь Мадзяліца.
*
Сапраўдны баец нават калі падае, падымаецца і б’ецца…
На трэніроўкі па таэквандо ў ДЮСШ №1да Віталя Мадзяліцы цяпер збіраецца каля пяцідзесяці хлопчыкаў і дзяўчынак з Пружан, Новых Засімавічаў, Лінова. Аднак, здаецца, зусім нядаўна на заняткі бегаў сам…
—Таэквандо, — расказвае трэнер, — я пачаў займацца з адзінаццаці гадоў. Спачатку з Генадзем Чарвяковым, затым з Вячаславам Каўганкам. Калі трапіў на першыя спаборніцтвы па барацьбе, удача ўсміхнулася адразу: заняў другое месца. Паехаў на другія спаборніцтвы ў жыцці, ужо на вобласці, і заняў першае месца.
Пасля восьмага класа школы пружанец Віталь Мадзяліца ўжо быў навучэнцам абласнога вучылішча алімпійскага рэзерву, уваходзіў у нацыянальную каманду Рэспублікі Беларусь па таэквандо. Стаў чэмпіёнам РБ, атрымаў званне майстара спорту Рэспублікі Беларусь. Ужо ў мінулым спаборніцтвы ў Галандыі, Германіі, Польшчы, Расіі. На юніёрскім чэмпіянаце свету, які праходзіў ва В’етнаме, заняў 9 месца. Такое ж месца заваяваў на чэмпіянаце Еўропы ў Рыме сярод дарослых спартсменаў. Апошнія два гады – на трэнерскай рабоце ў Пружанах.
— Я рады, — расказвае Віталь, — што некалі бацькі накіравалі мяне ў спорт. Дзякуючы спартыўным заняткам, яшчэ ў падлеткавым узросце ў мяне выпрацавалася сіла волі, мэтанакіраванасць, упэўненасць у сабе. Дзякуючы спорту, я рана стаў самастойным чалавекам. І ўпэўнены: такімі ж будуць і самыя ўпартыя мае выхаванцы.
— Скажыце, якой фізічнай падрыхтоўкай альбо рысамі характару патрэбна валодаць падлетку, каб вырасці ў паспяховага таэквандыста?
— Патрэбна быць вынослівым. Калі церпіць – будзе толк. І нават калі не стане спартсменам, будзе стойкім чалавекам, які з лёгкасцю перанясе жыццёвыя цяжкасці. Сапраўдны баец нават калі атрымлівае траўму, падымаецца і б’ецца. І гэта не толькі ў спорце…
Навуку трэнера ўсвядомілі многія яго выхаванцы. Так, Глеб Сударыкаў у сваёй узроставай катэгорыі заняў першае месца сярод таэквандыстаў абласнога аддзялення Беларускай федэрацыі таэквандо. На Кубку Брэсцкай крэпасці Улад Покала заваяваў другое месца і кубак за волю да перамогі.
Да сваіх, малых і вялікіх, перамог імкнуцца ўсе выхаванцы Віталя Мадзяліцы. І хоць трэнеруюцца ў яго хлопцы і дзяўчаты ад 8 да 11 гадоў, таэквандо, як лічыць трэнер, не рана і не позна пачаць займацца і ў іншым узросце. Галоўнае, мець на гэта вялікае жаданне.
*
З марай пра сваіх Карэліных і Паддубных
У спартыўнай зале Воднага палаца было шматлюдна. Хлапчукі разміналіся, а самыя дасціпныя нават мераліся сілай і спрытам у цэнтры барцоўскага дывана, пазначанага чырвоным кругам. Антон Кемаў праводзіў трэніроўку па грэка-рымскай барацьбе.
—І як Вы, Антон, трапілі ў Пружаны?
— У вобласці актыўна развіваецца грэка-рымская барацьба. Нездарма ўсе чэмпіянаты рэспублікі апошніх гадоў па гэтым відзе спорту праходзілі менавіта ў Брэсце. Вельмі вітаюцца і маладыя спецыялісты. Таму, калі мне паступіла прапанова заняцца гэтай спартыўнай работай у Пружанах, згадзіўся адразу.
— І Вас, брастаўчаніна, не спужаў малы горад?
— Па-першае, я якраз-такі не люблю вялікіх гарадоў. А па-другое, у Пружанах створаны такія ўмовы для заняткаў спортам, якіх няма нават у Брэсце. І хлопцы тут намнога дужэйшыя, чым у абласным цэнтры. Такіх здалёк бачна: і спіна, і плечы добрыя, і, галоўнае, вочы блішчаць. Ёсць з кім працаваць. Да ўсяго мяне забяспечылі жыллём, таму толькі радуюць умовы працы і пражывання.
— Набор дзяцей на заняткі ажыццяўляецца з пэўнага ўзросту?
— Як правіла, падыхо-дзяць хлапчукі 9-11 гадоў з добрым фізічным здароўем. Аднак хачу зазначыць, што адной з галоўных умоў з’яўляецца вялізнае жаданне займацца спортам. Ведаю па сабе. Заўсёды браў прыклад з бацькі – Канстанціна Васільевіча Кемава – майстра спорту СССР. І хоць некалі ў мяне была трэцяя група здароўя: праблемы з сэрцам і пазваночнікам, дзякуючы спорту цяпер у мяне здароўе адменнае.
— Але ж Вы самі казалі і пра вялікія плечы і моцныя спіны…
— У грэка-рымскай барацьбе аднолькава паспяхова могуць зарэкамендаваць сябе як спартсмены з малой, так і з вялікай вагой. Галоўнае, каб у іх было жаданне і смеласць. Тады балельшчыкі атрымаюць сапраўднае захапленне ад паядынку. Тым больш, што нядаўна былі зменены правілы барацьбы ў бок відовішчнасці. Так што, думаю, слаўныя традыцыі, якія пакінулі ў гэтым відзе спорту славутыя Паддубны і Карэлін, прадоўжаць будучыя пружанскія спартсмены. У любым выпадку, мы плануем арганізоўваць паказальныя выступленні дома і ездзіць на спаборніцтвы ў іншыя гарады.
НАША ДАВЕДКА
Антон Кемаў – выпускнік Рэспубліканскага вучылі-шча алімпійскага рэзерву. Майстар спорту Беларусі па грэка-рымскай барацьбе. Шматразовы чэмпіён міжнародных і міждзяржаўных турніраў, прызёр чэм-піянату рэспублікі 2013 года ў вагавай катэгорыі да 98 кілаграмаў. Дзеючы спартсмен. З верасня 2014 года – трэнер аддзялення грэка-рымскай барацьбы ў Пружанах.
Галіна Каляда, Сяргей Талашкевіч (фота).