Навукова-практычная канферэнцыя “Юзаф Крашэўскі: знакаміты і невядомы”, якая адбылася ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”, стала насамрэч міжнароднай. На трох мовах: беларускай, рускай і польскай, гучалі выступленні. А лепшым перакладчыкам служыла атмасфера сяброўства і аднадумства, якая панавала ў зале. Сапраўды, усіх прысут-
ных аб‘ядноўвала не толькі агульная любоў да творчасці –літаратурнай, мастацкай, музычнай – Крашэўскага, але і жаданне данесці свае веды і пачуцці да шырокіх колаў, дастойна ўвекавечыць памяць знакамітага земляка.
Гэта падкрэслівалі ў сваіх прывітальных прамовах арганізатары канферэнцыі: начальнік аддзела культуры райвыканкама К.І.Панімаш, дацэнт Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта С.М.Васовіч і дырэктар музея “Пружанскі палацык” Ю.С.Зялевіч.
Тэматыка выступленняў была вельмі разнастайнай. Дырэктар музея Ю.І.Крашэўскага ў Раманове Ганна Чабадзінска-Пшыбыслаўска расказвала пра наяўныя фонды музея, гісторыю яго стварэння. Аказваецца, тутэйшы маёнтак радзіны Крашэўскіх быў разбураны падчас другой сусветнай вайны і ўзнаўляць яго давялося амаль з нуля. Чатыры гады доўжылася будаўніцтва сядзібнага дома, аднаўляліся капліца, парк, сад… “Цяжка аднаўляць памяць”, — прызнаецца пані Ганна. Давялося па крупінках збіраць начынне дома — мэблю, кнігі, фатаграфіі. Але цяпер, дзякуючы працы многіх энтузіястаў, Раманова стала цэнтрам вывучэння жыцця і творчасці пісьменніка.
Пані Ганна выказала спа-дзяванне, што падобны лёс напаткае і Доўгае. Зразумела, пачынаць тут таксама давядзецца з пустога месца, але ж вопыт польскіх калег паказвае, што самая важная складаемая поспеху – жаданне працаваць на вынік.
Але са стадыі “пустога месца” мы, здаецца, ужо зрушыліся. Гэта яскрава даказала студэнтка Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна Марына Каленік. Дзяўчына распрацавала праект аднаўлення сядзібы Крашэўскіх у вёсцы Доўгае, які і прадэманстравала ўдзельнікам канферэнцыі.
Скажу адразу, што яе аповед спачатку ўспрымаўся як казка. Для тых, хто бачыў пустку з рэшткамі падмуркавых камянёў, шчодра зарослую дзе дрэвамі, дзе пустазеллем, нерэальнай здавалася сама ідэя паступовага – модульнага – стварэння не толькі музея, але цэлага культурна-турыстычнага комплексу. Ды толькі не на год і не на два наперад пралічыла Марына магчымыя крокі. Яна прапанавала пачаць з малога, з узнаўлення карчмы, якая ў старажытнасці стаяла пры дарозе, стварыць тут адпаведны інтэр‘ер, прасякнуты духам 19 стагоддзя, разгарнуць рэкламную кампанію… Паступова на мультымедыйным экране вырастаў турыстычны гарадок – з домам-музеем, канцэртнай пляцоўкай, дзе праводзяцца фестывалі раённага маштабу, стайняй (на фурманцы ці ў брычцы можна пападарожнічаць па наваколлі), нават гасцініцай. І, улічваючы лёс Раманова, праект ужо не здаваўся такім фантастычным.
Пажаданне Доўгаму паўтарыць лёс ужо адноўленых беларускіх гістарычных святынь прагучала з вуснаў кандыдата гістарычных навук, дацэнта В.М.Папко, дырэктара музея “Палацавы комплекс “Мір”. Вольга Мікалаеўна лічыць, што грошы, укладзеныя ў музеі, сябе акупляюць.
Як прыклад – музеі ў Міры і Нясвіжы, якія маюць незвычайны поспех у турыстаў. Але ж турысты прагнуць усё новых відовішчаў, таму тыя, хто сёння наведаў Мір, заўтра паедуць у Ружаны, Пружаны, Доўгае, калі тут будзе што пагля-дзець.
Наша зямлячка выступіла на канферэнцыі з дакладам “Крашэўскі і яго перапіска з сям‘ёй”, а таксама падарыла “Пружанскаму палацыку” рарытэтную кнігу “Лісты да радзіны” – збор пісьмаў пісьменніка, многія з якіх адпраўлены з Доўгага.
Творчасць Юзафа Крашэўскага ана-лізавала ў сваім выступленні і доктар філалагічных навук, прафесар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта М.П.Жыгалава. Увагу яе прыцягнула паэзія. Але тэма даклада была больш складанай: “Этнавітальнасць і мульцікультурнасць у лёсе і творчасці Ю.І.Крашэўскага: назіранні і інтэрпрэтацыя”. У сваім даследаванні Марыя Пятроўна зрабіла слушную выснову: нельга адносіць геніяльнага творцу да нейкай адной – польскай ці беларускай – культуры, яго спадчына належыць многім народам.
Уласна кажучы, мы заўсёды існавалі ў асяроддзі розных культур, розных моў. Ураджэнцы розных этнічных груп, аб‘яднаныя адзіным — Брэсцка-Падляшскім — рэгіёнам пражывання, не канфрантавалі паміж сабой, а жылі ў добрасуседстве і згодзе.
Спадзяванні на тое, што Доўгае ў будучым стане “домам для пілігрыма” – прытулкам літаратараў, выказаў дырэктар музея-сядзібы “Пружанскі палацык” Ю.С.Зялевіч. Даклад яго называўся “Новыя даследаванні па маёнтку Крашэўскіх у Доўгім”. Юрый Сяргеевіч расказаў пра нядаўна знойдзеныя дакументы, якія адносяцца да 19 стагоддзя.
З калекцыяй прадметаў, прысвечанай жыццю і творчасці Ю.І.Крашэўскага, пазнаёміла прысутных галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы Н.С.Пракаповіч. Аказваецца, у фондах нашага музея ўжо сабрана больш 200 такіх экспанатаў.
Музычна-крытычная дзейнасць Ю.І.Крашэўскага таксама стала прадметам даследавання. Трэцякурсніцу Беларускай акадэміі музыкі Ірыну Філімовіч захапіла шматграннасць таленту вялікага земляка.
Яго музычныя творы: паланэзы, вальсы, ронда, песні, – невялікія, але аматарскімі іх назваць нельга, хаця Юзаф Ігнацы не атрымаў спецыяльнай музычнай адукацыі. Акрамя гэтага, ён склаў нямала творчых партрэтаў сваіх сучаснікаў – кампазітараў і музычных дзеячоў, быў арганізатарам “Жытомірскіх музычных вечароў”. А яшчэ кампазітары клалі ў аснову сваіх музычных твораў сюжэты яго раманаў і аповесцей. “Невядомыя старонкі беларуска-польскіх музычных сувязей 19 стагоддзя” – назва даклада студэнткі.
Размова неяк плаўна перайшла і на іншых славутых ураджэнцаў Пружаншчыны, спадчына якіх пакуль недастаткова вывучана. У прыватнасці, кандыдат гістарычных навук, дацэнт БрДТУ С.М.Васовіч спыніўся на біяграфіі Платона Мікалаевіча Жуковіча, вучонага, выкладчыка Полацкай духоўнай се-мінарыі, які нарадзіўся ў Пружанах у 1857 годзе. За работай канферэнцыі сачыў з мультымедыйнага экрана… сам Юзаф Ігнацы Крашэўскі. Ён сядзеў ля свайго бюро, задуменна падпершыся рукой, і эфект яго прысутнасці ў зале быў настолькі вострым, настолькі яскравым, што, здавалася, раптам устане ён з любімага высокага крэсла і скажа: “Маё жыццё добра ведаеце, але хіба ад вашых размоў нешта памяняецца? Пра музей у Доўгім не першы год размовы чую. Так што не ведаю, ці заслужылі вы маё ўхваленне”.
Ці заслужым?
Ірына СЯДОВА.
На здымках: удзельнікі канферэнцыі пабывалі ў г.п.Шарашова, дзе наведалі Свята-Траецкі касцёл і месца пахавання за ім бацькі Юзафа Ігнацы — Яна Крашэўскага.
Фота аўтара.