Пятница, 17 января 2025

Цифровое телевидение: мачта в Куплино будет установлена до конца года

2 538

Перыядычна ў рэдакцыю тэлефануюць жыхары раёна са скаргамі на якасць трансляцыі тэлеканалаў, недаступнасць прыёму некаторых тэлепраграм. Людзей цікавіць, калі ж нарэшце на тэрыторыі Пружаншчыны з’явіцца лічбавае тэлебачанне. Спяшаемся абрадаваць: прагрэс не прымушае сябе чакаць,  і ўжо ў канцы бягучага года нарэшце можна будзе далучыцца да лічбавага тэлебачання.

Пра будаўніцтва тэлевізійнай станцыі нашаму карэспандэнту расказаў дырэктар філіяла «Брэсцкі абласны вузел радыёвяшчання і тэлебачання» В.В.Караблёў.

— Да 2015 года Беларусь цалкам пяройдзе на лічбавае вяшчанне — такая задача пастаўлена ў рамках рэалізацыі дзяржаўнай праграмы ўкаранення лічбавага тэлебачання і радыёвяшчання, — кажа Віктар Веніямінавіч. — З уводам новага абсталявання вырашыцца адразу некалькі задач: у насельніцтва з’явіцца магчымасць прагляду дадатковай колькасці тэлевізійных праграм, палепшыцца якасць адлюстравання, знізіцца спажыванне электраэнергіі.

І пачатак вяшчання ў лічбавым фармаце — гэта першы этап. Другі мяркуе павелічэнне колькасці прымаемых тэлепраграм. У прыватнасці, сёння ў Беларусі ёсць кабельнае, MMDS — разна-віднасць кабельнага па тэхналогіі, спадарожнікавае, ZALA, дзяржаўныя аналагавае і лічбавае тэлебачанні. А ў перспектвые пасля ўкаранення «лічбы» плануецца стварэнне камерцыйнага лічбавага эфірнага ТБ, якое будзе змяшчаць пакет не менш як з 25 праграм, сярод якіх «Сядзіба», RTV 1, «Тэлеклуб», «Еўракіно»…

— Калі «лічбу» чакаць жыхарам Пружанскага раёна?

— Наогул, згодна з планами Беларускага радыётэлевізійнага перадаючага цэнтра і пры адпаведным фінансаванні Брэстчына будзе пакрыта сеткай лічбавага тэлебачання ў бліжэйшыя два гады. А вось пружанцы змогуць ацаніць магчымасці новых тэхналогій ужо напрыканцы гэтага года.

У жніўні пачалося будаўніцтва адпаведнай станцыі ў раёне вёскі Куплін. Новая мачта будзе мець вышыню 125,8 метра. Старую, якая стаіць на даху аднаго з будынкаў Пружанскага завода радыёдэталей, дэманціруюць.  Пераваг новабудоўлі нямала, сярод іх і тое, што радыус зоны дзеяння лічбавага сігнала павялічыцца з 7-14 да больш як 30 кіламетраў — у  залежнасці ад рэльефу і іншых акалічнасцей.

— Цікава, і колькі каналаў можна будзе настроіць на тэлевізары?

— У лічбавым стандарце стане магчымы прыём такіх тэлепраграм, як «Беларусь-1», «АНТ», «Беларусь 2 + Брэсцкае абласное ТБ», «СТВ», «НТВ-Беларусь», «РТР-Беларусь», «Мир».

— А чаму менавіта вёска Куплін была абрана месцам будоўлі?

— На тэрыторыі Брэстчыны ўжо фунцыянуюць восем мачтаў, за кошт якіх лічбавым сігналам вяшчання пакрыта 88% тэрыторыі вобласці. Куплін — самае аптымальнае месца для пашырэння гэтай сеткі. Тым больш, што непадалёку знаходзіцца падстанцыя, ідзе оптыка-валаконная лінія, а таксама мясцовасць адпавядае санітарным патрабаванням.

— Віктар Веніямінавіч, лю-дзей хвалюе: што рабіць, калі ў доме стаіць звычайны, не вельмі новы тэлевізар, здольны прымаць толькі аналагавы сігнал?

— Па-першае, патрэбна прыёмная тэлевізійная антэна дэцымятровага дыяпазону хваляў з гарызантальнай палярызацыяй (яе трэба накіроўваць убок выбранай перадаючай станцыі). Па-другое, трэба набыць лічбавую ТБ-прыстаўку вытворчасці РУВП «Віцязь», ПВУП «Вытворчасць тэлекамунікацыйных сістэм» альбо новыя тэлевізар «Гарызонт» ці «Віцязь», якія, звярніце ўвагу, абавязкова павінны быць абсталяваны ўбудаванымі цюнерамі для прыёму лічбавых праграм тэлебачання.

Магчыма выкарыстанне і тэлевізараў замежнай вытворчасці пры ўмове, што ў іх маюцца ўбудаваныя цюнеры, падтрымліваючыя стандарт вяшчання DVB-T з фарматам сціскання MPEG-4, а таксама прыставак з аналагічнымі характарыстыкамі.

Завастру ўвагу. Тэлевізары з лічбавым цюнерам у Беларусі знайсці няцяжка. Аднак майце на ўвазе: калі вытворца ўзгадвае наяўнасць лічбавага цюнера ў той ці іншай мадэлі, у большасці выпадкаў ён мае на ўвазе MPEG-2 – фармат, дзеючы сёння ў большасці краін Заходняй Еўропы, але не актуальны для Беларусі, якая карыстаецца больш сучасным фарматам MPEG-4. Так што, перш чым набыць новы тэлевізар, варта пацікавіцца наяўнасцю ў яго фармату менавіта MPEG-4.

Дадатковую інфармацыю пра магчымасці прыёму тэлевізійных праграм можна знайсці на сайце  www.brtpc.by, а таксама на раённым вузле электрасувязі, аддзяленнях паштовай сувязі.

— Магчыма, не кожны захоча мяняць тэлевізар ці купляць дадатковае абсталяванне — усё-такі лішнія затраты. Атрымліваецца, у людзей будзе выбар — спажываць звычайнае аналагавае ці больш якаснае лічбавае тэлебачанне?

— Не зусім так. Пасля ўвядзення ў эксплуатацыю новай мачты некаторы час лічбавае і аналагавае вяшчанне будуць існаваць паралельна, дапаўняючы адно другое. Але, згодна з раней згаданай дзяржаўнай праграмай, лічбавы фармат вяшчання павінен цалкам замяніць аналагавы. На Пружаншчыне гэта адбудзецца праз два гады. Калі дакладней, то 10 ліпеня 2014 года аналагавае тэлебачанне ў Пружанах будзе цалкам адключана.

Гутарыла Марына Вакульская.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *