У музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” працуе “Выстава трох карцін”, дзе прадстаўлены работы члена Саюза мастакоў Расіі, аднаго з заснавальнікаў аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” Івана Чарнякевіча, якія ён падараваў у гонар 580-годдзя г.Пружаны і 20-годдзя з дня заснавання музея. Падарунак тым даражэй, што ён зроблены ад шчырага сэрца мастаком-земляком, наяўнасцю работ якога ганарацца вядучыя музеі свету. Палотны, створаныя рукой майстра, упрыгожваюць прыватныя калекцыі аматараў мастацтва. Іван Міхайлавіч Чарнякевіч нарадзіўся ў 1955 г. у вёсцы Плябанцы, дзіцячыя гады правёў у Пружанах. У 1973 г. ён закончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве ў Мінску, а ў 1981 г. – ЛВМПВ імя В.Мухінай (цяпер Мастацка-Прамысловая акадэмія барона Шцігліца) у Ленінградзе.
І.Чарнякевіч — сусветна вядомы самабытны мастак, які працуе з рознымі матэрыяламі і ў розных тэхніках: алейны жывапіс, роспіс па шоўку, габелен, батык і інш. Ён плённа піша і з 1981 г. актыўна ўдзельнічае ў шматлікіх выставах у Расіі, Італіі, Нідэрландах, Швейцарыі, Эстоніі, Латвіі і Беларусі. Сёння яго працы знаходзяцца ў калекцыях Дзяржаўнага мастацкага музея Беларусі, музея кнігадрукавання Францыска Скарыны ў Полацку, краязнаўчым музеі г.Навагрудка, беларускім культурным цэнтры г.Сіднэя (Аўстралія), Рускім культурным цэнтры г.Сеула (Карэя), Ваенна-касмічнай акадэміі імя Мажайскага (г.Санкт-Пецярбург), у прыватных зборах у Расіі, Нідэрландах, Францыі, Італіі, ЗША.
Тры работы, якія вядомы зямляк падараваў музею, — гэта своеасаблівы прыклад для іншых ураджэнцаў Пружаншчыны, фактычна пачатак збору, які можа стаць асновай для стварэння ў горадзе мастацкай галерэі, надзею на з’яўленне якой Іван Чарнякевіч выказаў са святочнай трыбуны 13 ліпеня.
Палотны, выстаўленыя сёння ў музейнай зале, розныя па манеры, настроі і эмацыянальным насычэнні.
Так, карціна “Жанчыны Палесся. Фота пачатку ХХ стагоддзя” – гэта своеасаблівае адлюстраванне і прысвячэнне Беларусі – з яе цяжкім лёсам, знясільваючай працай і, у той жа час, з глыбокай самабытнасцю, адкрытымі і чыстымі людзьмі, якія жылі на зямлі, займаліся штодзённымі справамі, сумавалі і радаваліся, выхоўвалі дзяцей, з тым пластом традыцыйнай культуры, які быў амаль змецены ў віхуры войн, рэвалюцый, рэпрэсій, ганенняў і насаджэння псеўдабеларускасці. Карціна нібыта прымушае нас азірнуцца назад, спыніцца і задумацца, што мы страцілі, а што набылі. Стрыманая чорна-белая каларыстычная гама, выкарыстаная пры напісанні палатна, таксама падкрэслівае тонкую сувязь мінулага і сённяшняга дня, стварае некаторы эфект фатаграфіі. Сапраўды, для напісання карціны “Жанчыны Палесся” І.Чарнякевіча натхніў здымак сям’і Германчукоў з в.Дражын на Бабруйшчыне (1911-1912 гг.) з архіва вядомага беларускага этнографа І.Сербава.
Яшчэ адно палатно на беларускую тэму – “Песня” напісана пад уражаннем народнага абраду Купалле. Выявы людзей на ім нібыта толькі намечаны з дапамогай розных геаметрычных формаў. Здаецца, што мастак напісаў твор “з ходу”, пад імгненным уражаннем і некалькі схематычна. Але, дзякуючы простым, нават умоўным, формам напісання і выкарыстанню сціплых стрымана-лаканічных колераў – блакітнага, шэрага, белага, карціна прыцягвае гледача празрыстасцю і чысцінёй, як музыка, як песня, як сам гук беларускага слова.
Буйнасць фарбаў, якія, негледзячы на іх яркасць, маюць плаўныя пераходы, шырокі, некалькі хаатычны мазок, абсалютна свабоднае валоданне пэндзлем вызначаюць карціну “Сусвет”. Яна прываблівае гледача рознакаляровымі лініямі і пераплеценымі злучэннямі, дазваляе сачыць за дынамікай гэтых пераходаў-лабірынтаў, шукаючы выйсце, ці, наадварот, паглыбляючыся ў яе нетры, дапамагае далучыцца да працэсаў стварэння, малюючы для кожнага ўласныя вобразы і выявы.
Мастацтвазнаўцы адзначаюць, што для карцін Івана Чарнякевіча характэрна лёгкасць экспрэсіўнай манеры і ўяўная «нестараннасць» малявання. Аднак менавіта такая лёгкасць сведчыць аб вялікім мастацкім вопыце і школе, адмове ад вучнёўскага акадэмізму, асаблівым стане душы, свабодзе думкі і самавыяўленні.
Бліжэй пазнаеміцца з творамі Івана Чарнякевіча можна ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” на “Выставе трох карцін”, якая будзе працаваць да сярэдзіны жніўня.
Спадзяемся, што ў 2015 г. удасца зладзіць вялікую персанальную выставу работ Івана Міхайлавіча Чарнякевіча на радзіме, прысвечаную яго юбілею.
Наталля Пракаповіч, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык”.