На жаль, адпачынак у большасці з нас толькі раз на год. А часам так хочацца зрабіць сабе свята, адправіцца ў падарожжа, вырвацца з шэрых будняў. Аднак дзеля некалькіх дзён адпачынку не многія пагодзяцца займацца афармленнем дакументаў і пошукам туру: правінцыялам не вельмі зручна і звяртацца ў турагентствы, офісы якіх знаходзяцца ў буйных гарадах.
Сёлета на дапамогу пружанцам прыйшоў філіял ААТ “Брэстаблаўтатранс” “Аўтамабільны парк №11 г.Пружаны”.
— З гэтага года мы не толькі прадастаўляем транспарт, як было раней, але і бярэм на сябе ўсе клопаты: ад браніравання месцаў у гасцініцы да страхоўкі, — дзеліцца мэнэджар па турызму і міжнародных перавозках Святлана Кавалевіч. — Для падарожжаў за мяжу ў нас ёсць два новыя камфартабельныя аўтобусы з тэлевізарамі, кандыцыянерамі, магчымасцю гатаваць чай ці каву. Ад кліента патрабуецца толькі адно — аплаціць паслугі. Размяшчэнне, праезд таможні, заказ экскурсій, страхоўка і, па жаданні, нават харчаванне — усё гэта наладжваем мы самі.
У філіяле распрацаваны спецыяльныя туры па Беларусі для школьнікаў: Белавежская пушча, Брэсцкая крэпасць, Мір, Нясвіж, Хатынь і іншыя гістарычныя мясціны нашай краіны.
На выхадныя дні разлічаны туры ў Санкт-Пецярбург, Кіеў, Львоў. Гэта для тых, каго цікавяць знакамітыя месцы, храмы, музеі. Таксама аўтапарк прапануе сваім кліентам паездкі на горналыжныя курорты Украіны. Арганізоўваюць тут і шоп-туры ў Хмяльніцкі, Ковель, Маскву.
Такім чынам, кожны можа выбраць паездку па сваім гусце. А галоўнае — не ўзнікне ніякіх праблем з афармленнем: усё будзе зроблена на месцы. Магчымы наяўны і безнаяўны разлік.
Ужо ў наступным годзе аўтапарк плануе арганізоўваць туры ў Крым.
Адным з першых скарыстаўся новай паслугай даўні кліент аўтапарка – калектыў банкаўскіх работнікаў. Вось што расказаў пра паездку старшыня прафкама Сяргей Уладзіміравіч Мацукоў:
— Арганізоўваць тур для вялікай групы не проста. Але ў нас не ўзнікла ніякіх праблем, бо ўсе пытанні вырашаліся на месцы, у Пружанах. Да таго ж, да сваіх давер большы.
Наш шлях у Закарпацце доўжыўся 12 гадзін, але гэты час добра пераносіўся ў сучасным камфартабельным аўтобусе. Па прыездзе ў Ужгарад нас хутка размясцілі ў гасцініцы, бо месцы былі забра-ніраваны і нас ужо чакалі.
Мы пазнаёміліся з архітэктурай і традыцыямі Ужгарада, Мукачава, Берагава. Пабачылі два вяселлі: украінскае і венгерскае. Пабывалі ў вёсцы вінаробаў. І, нягледзячы на дождж, пакупаліся ў тэрмальнай крыніцы. Усё гэта мы паспелі за два дні. Экскурсіі былі вельмі цікавымі, нам так усё спадабалася, што нават захацелася застацца там яшчэ б на дзянёк. Думаю, у хуткім часе мы зноў скарыстаемся паслугамі аўтапарка.
Калі вас зацікавіла інфармацыя аб падарожжах, звяртайцеся па нумарах: 9-26-51, 9-10-73, 8-029-766-44-53, 8-029-166-44-94 (Дзмітрый), 8-033-674-45-81 (Святлана).
Ліц. №02310’0592528 ад 06.11.2009.