Четверг, 13 февраля 2025

Фонд музея-усадьбы пополнился новым экспонатом. Предприниматель и меценат Дмитрий Шульман: «Непростительно, что творчество Крашевского не включено в школьную программу»

1 537

Музейны фонд «Пружанскага палацыка» папоўніўся новым экспанатам — унікальным медалём, выпушчаным да 50-годдзя творчай дзейнасці Юзафа Крашэўскага.

Хочацца зазначыць, што сапраўдныя грамадскія ўвага і цікавасць да яго асобы з’явіліся параўнальна нядаўна. Але ў Пружанах ніколі не забывалі пра выбітнога земляка. Захавальніца фондаў музея Наталля Пракаповіч зазначае, што ў палацыку, бадай, адзіная дасканала сістэматызаваная калекцыя прадметаў, якія маюць дачыненне да жыцця і творчасці Ю.Крашэўскага. Усяго больш трох соцень экспанатаў, частка якіх — копіі графічных работ, створаных таленавітай асобай. Пазайздросціць можна і сабранай  калекцыі кніг: тут літаратура як на польскай, так і на рускай мовах, ёсць нават арыгінальныя прыжыццёвыя выданні аўтара.IMG_1997

І калекцыя пастаянна папаўняецца. Канешне, у многім дзякуючы супрацоўніцтву з музеем Ю.І.Крашэўскага ў польскім Раманове. Але трэба аддаць належнае і проста нераўнадушным людзям, якія на добраахвотных пачатках дапамагаюць павялічыць музейныя фонды. Некалькі гадоў таму жыхар Расіі, напрыклад, прэзентаваў палацыку марку, выпушчаную ў Польшчы да 140-годдзя з даты нараджэння знакамітай асобы, а жыхар Германіі — канверт з выявай Ю.І. Крашэўскага, спецгашэнне якога адбылося ў Варшаве і было прымеркавана да 200-гадовага юбілею пісьменніка. А тры гады таму жыхар Бабруйска Андрэй Святліцкі падарыў музею медаль, выпушчаны ў 1879 годзе да 50-годдзя творчай дзейнасці Крашэўскага. Дарэчы, знаўцы ўдакладняюць, што з гэтай нагоды свет убачылі чатыры віды медалёў вельмі малым тыражом, эскізы якіх зацвярджаў сам пісьменнік.

— Калі натрапілі на інфармацыю, што на расійскім аўкцыёне будзе прадавацца адзін з тых медалёў, безумоўна, сталі шукаць спосабы яго набыцця, — расказаў дырэктар Ю.С.Зялевіч падчас перадачы новага экспаната ў фонд музея. — Такіх грошай у нас не было, таму ўзялі на сябе смеласць звярнуцца да нашага земляка ў Расіі Дзмітрыя Міхайлавіча Шульмана, які і дапамог нам займець каштоўную рэч.

Па прызнанні самаго Д.М.Шульмана, які не першы раз робіць шчырыя жэсты для роднага горада, шматграннасць асобы Крашэўскага стала для яго адкрыццём.

— Так, дагэтуль чуў, што з Пружаншчынай звязана імя Крашэўскага. Але тое, што гэты чалавек уяўляў сабой настолькі адораную асобу, для мяне стала адкрыццём.

Дзмітрый Міхайлавіч з задавальненнем пазнаёміўся з экспазіцыяй, якая штогод летам адкрываецца ў палацыку да дня нараджэння Крашэўскага. Сёлета часовая выстава праходзіць пад назвай «Пілігрым з Доўгага». Многія факты выклікалі непадробнае захапленне госця: напрыклад, тое, што Крашэўскі занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса як «самы пладавіты літаратар свету эпохі гусінага пяра» — ім напісана каля 600 (!) тамоў мастацкіх тэкстаў (раманаў, аповесцей, паэм, вершаў, п’ес), а таксама работ па гісторыі, этнаграфіі, падарожных заметак, публіцыстычных і літаратурна-крытычных артыкулаў.

— Недаравальна, што творчасць Юзафа Крашэўскага — і літаратурная, і мастацкая — не ўключана ў школьную праграму, — выказаў сваё меркаванне Д.М.Шульман.

Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *