Прайшлі паўторныя паўфінальныя матчы на Кубак Рэспублікі Беларусь па футболе сярод аматарскіх каманд.
ФК «Ружаны» на гарадскім стадыёне ў Пружанах прымаў сталічны клуб «АЛФ-2007». Нагадаем, што ў Мінску ў першым матчы наша каманда саступіла саперніку з лікам 1:4. Для таго, каб выйсці ў фінал, ФК «Ружаны» ў паўторным паядынку павінен быў выйграць 3:0.
Першы тайм прайшоў з перавагай нашай каманды, што знайшло сваё адлюстраванне ў ліку. Двойчы варатар мінчан вымушаны быў даставаць мяч з сеткі сваіх варот. Галы на свой рахунак запісалі Дзяніс Рудэнка і Дзмітрый Мілеўскі.
Інтрыга ў гэтай сустрэчы захоўвалася да сярэдзіны другога тайма, калі ў адной з контратак госці забілі мяч у вароты ружанцаў. Але, як бы там ні было, ФК «Ружаны» перамог з лікам 2:1 каманду, якая выступае ў другой лізе чэмпіянату рэспублікі.
Хочацца падзякаваць футбалістам ФК «Ружаны» за футбольную восень, якую яны падаравалі пружанскім балельшчыкам сёлета. У асноўным скла-дзе каманды гулялі выхаванцы ружанскага футбола Дзяніс Рудэнка, Васіль Кечка, Уладзімір Давідзенка, Ігар Шамяцюк, Юрый Макарэвіч.
Трэнер каманды Юрый Манцэвіч і яго памочнік Андрэй Кечка выказваюць шчырую падзяку кіраўніцтву ААТ «Ружаны-Агра» за спонсарскую дапамогу.
Мікалай Архуцік.