Стартаваў чэмпіянат Брэсцкай вобласці па футболе. Пасля гадавога перапынку ў ім бярэ ўдзел ФК «Пружаны». Аб камплектаванні каманды і задачах на сёлетні сезон гутарка карэспандэнта з галоўным трэнерам Ю.М.Цюшкевічам.
— Юрый Мікалаевіч, якая задача на сезон пастаўлена перад камандай?
— Галоўнае на сёлетні сезон — стварэнне баяздольнага калектыву. Каманда ў нас новая, таму будзем рухацца наперад і набірацца вопыту ад гульні да гульні. Канечне, хочацца ўзняцца ў турнірнай табліцы як мага вышэй ужо сёлета.
— А па якім прынцыпе ішло камплектаванне каманды?
— Па прынцыпе адбору мацнейшых футбалістаў, якія добра вядомы мне. Паколькі каманды Бярозы і Івацэвічаў сёлета не ўдзельнічаюць у чэмпіянаце вобласці, то асобных футбалістаў мы вырашылі заявіць за нашу каманду. Ёсць у складзе футбалісты з Кобрына і Пружан. Дарэчы, у заявачным спісе налічваецца дзевяць пружанскіх футбалістаў. Усе яны маладыя, і мы даем ім шанц замацавацца ў асноўным складзе, выпускаючы на замену.
— Вы асабіста пры-хільнік відовішчнага атакуючага футбола ці аддаеце перавагу гульні ад абароны?
— Тут усё залежыць ад саперніка. Часам можна гуляць і першым нумарам, а часам даводзіцца паказваць закрыты футбол. Для мяне галоўнае — дабіцца неабходнага выніку.
— Каго Вы лічыце самымі верагоднымі прэтэндэнтамі на чэмпіёнскі тытул у сёлетнім сезоне?
— Думаю, гэта мінулагодні чэмпіён — каманда «Брэстжылбуд». За самыя высокія месцы могуць пазмагацца таксама ФК «Маларыта» і ФК «Ганцавічы».
— Юрый Мікалаевіч, як паказвае практыка, нават каманды вышэйшай лігі чэмпіянату рэспублікі сёлета маюць вялікія фінансавыя цяжкасці. А як абстаяць справы ў нас?
— Гэта таксама самае балючае пытанне і для нашай каманды. Ёсць праблемы з набыццём неабходнага спортінвентара і формы. Вялікую дапамогу камандзе аказвае ў фінансавым плане і вырашэнні арганізацыйных пытанняў прадпрымальнік Мікалай Папко.
— Футбол пры пустых трыбунах — гэта не футбол. Як прывабіць балельшчыкаў на стадыён?
— У ідэале хацелася б, каб кожны футбольны матч у Пружанах стаў сапраўдным святам для прыхільнікаў каманды. Каб іграў духавы аркестр, працавала кропка грамадскага харчавання, праводзіліся конкурсы сярод балельшчыкаў… Але я перакананы, калі каманда будзе паказваць відовішчную, самаадданую гульню, балельшчык пойдзе на стадыён.
Гутарыў Мікола Архуцік.