І ўсё-такі законы трэба ведаць: не толькі па той прычыне, што іх няведанне не пазбаўляе ад адказнасці, але і таму, што нярэдка яны абараняюць нашы правы, даюць прывілеі, пра якія іншы раз мы і не здагадваемся.
Узяць хаця б, напрыклад, звычайныя фасовачныя поліэтыленавыя пакеты, у якія ў магазінах затарваюць пакупкі. Склалася ўражанне, што да мінулых выхадных, пакуль у чарговым нумары «Раённых будняў» не быў надрукаваны артыкул «Минторг предупреждает: упаковка должна быть бесплатной», пра сваё права аб бясплатнай упакоўцы пры пакупцы пераважнай большасці відаў тавараў не ведаў ніхто з пружанцаў. Таму што менавіта на выхадныя ў шэрагу мясцовых магазінаў пачаўся сапраўдны пярэпалах: у «Белмаркеце», кладучы любы тавар — ад цукеркаў да смажанай курынай голені — у пакет, папярэджвалі: «У нас пакеты платныя!», на што выслухоўвалі ад незадаволеных пакупнікоў: «А ў «раёнцы» пісалі…» Адной з калег нават давялося ад прадаўца выслухаць лекцыю на тэму «Ці патрэбны «заказныя» артыкулы ў СМІ?»
Варта прызнацца, я і сама ніколі не звяртала асаблівай увагі на тое, ёсць у чэках сумы за фасовачныя пакеты ці не: здаецца, мы ўжо прывыклі плаціць ад 100 да 300 рублёў за тару. Але заўсёды звяртала ўвагу на той факт, што, напрыклад, у брэсцкай «Кароне» бясплатна даюць не толькі маленькія пакецікі, але і вялікія «майкі». Дробязь, але прыемна.
Пасля выхаду артыкула і ў нашых магазінах сэрвіс памяняўся. Праўда далёка не ва ўсіх. Бясплатна ўпакоўваць тавар усё ж сталі ў «Белмаркеце». Прыемна здзіўлены былі пакупнікі магазінаў №7 і «Верас»: пры пакупцы развяснога пячэння прадавец не ўзяла грошай за ўпакоўку. У «Санары», напрыклад, кавалак каўбасы абгарнулі ў харчовую плёнку (так, у прынцыпе, рабілі і раней), але за пакет пры пакупцы цукеркаў давялося заплаціць.
А вось у «Палявым» па-ранейшаму на касе выбіваюць і кошт купленых прадуктаў, і кошт пакетаў, у якія яны пакладзены. Такая ж сітуацыя была і ў прадуктовым магазіне «Юбілейны».
Такім чынам, спажыўцу быццам бы і нагадалі, і растлумачылі яго пакупніцкае права (больш таго, некаторыя цяпер нават спрабуюць настаяць на яго выкананні). Але мяняць палітыку ў адносінах да пакупніка спяшаюцца не ўсе прадаўцы, роўна як і пакупнікі не спяшаюцца пакідаць з гэтай нагоды запісы ў кнізе заўваг і прапаноў, на што маюць поўнае права, паколькі незапакаваны бясплатна тавар прыроўніваецца да тавару неналежнай якасці.
З усяго сказанага вышэй можна, як мне падаецца, зрабіць такі вывад. У кожным магазіне павінен быць вызначаны бясплатны від упакоўкі (харчовая плёнка, папера, поліэтыленавы пакет, кантэйнер і г.д.) у залежнасці ад віду тавару. Калі, напрыклад, у харчовую плёнку можна загарнуць кавалак каўбасы, дык наўрад ці падыдзе яна для затарвання яек ці жывой рыбы: тут ужо бясплатным павінен быць поліэтыленавы пакет. Калі прапануемая бясплатная ўпакоўка вам не падабаецца — набывай за грошы іншую. Вось і ўвесь каментарый правілаў, па якіх павінен працаваць гандаль. Што тут незразумелага?
Закон «Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання» ўступіў у сілу 22 ліпеня 2014 года, калі законную сілу атрымала яшчэ і пастанова Савета Міністраў №703, якой зацверджаны Правілы продажу асобных відаў тавараў і ажыццяўлення грамадскага харчавання. На заканадаўчым узроўні арыкуламі 451 і 452 Грамадзянскага кодэкса яшчэ раней быў замацаваны за гандлем абавязак перадаваць пакупніку куплены ім тавар у тары. Дапусцім, людзі, каго датычыцца гэтае патрабаванне закона, вырашылі праігнараваць яго і далей «каваць» грошы практычна з паветра. Але ж калі існуе закон, правілы ці любы іншы нарматыўны дакумент, дык ёсць не толькі тыя, каму яны адрасаваны і на каго распаўсюджваюцца, але і тыя, хто павінен кантраляваць іх выкананне. Таму заканамерна пытанне: ці кантралюецца належным чынам адказнымі асобамі выкананне гэтага закона?
Марына Вакульская.
Некалькі пытанняў аб упакоўцы тавараў пракаменціравала начальнік сектара гандлю і паслуг аддзела эканомікі райвыканкама І.У.Шука.
1. Якія тавары павінны ўпакоўвацца бясплатна?
— Згодна з п.25 Правілаў продажу асобных відаў тавараў і ажыццяўлення грамадскага харчавання, прадавец абавязаны перадаць пакупніку тавары ў тары ці ўпакоўцы, за выключэнне тых, якія ўжо не патрабуюць запакоўвання. Пры гэтым плата за ўпакоўку, якая тым не менш вызначаецца прадаўцом, не павінна брацца. Пры гэтым выключэнне складаюць упакоўкі для тортаў, набораў пірожаных, разліўных напояў — іх цана павінна ўключацца ў рознічную цану тавара.
2. Як быць, калі прадавец перадае тавар без упакоўкі ці ў дрэннай упакоўцы?
— Пакупнік мае права патрабаваць перадачы тавару ў бясплатнай упакоўцы. Праўда, варта адзначыць, што прадавец сам вызначае від гэтай упакоўкі: будзе гэта папера ці поліэтыленавы пакет, харчовая плёнка, кантэйнер ці ланч-бокс. Выпадак адмовы ў гэтым патрабаванні можа расцэньвацца як перадача тавару неналежнай якасці.
3. Выконваць патрабаванні па ўпакоўцы павінны прадаўцы гандлёвых кропак усіх формаў уласнасці?
— Незалежна ад формы ўласнасці магазіна — прыватная гэта крама ці магазін райспажыўтаварыства — у любым выпадку тавар павінен быць упакаваны. У тым ліку і ў выпадку рэалізацыі прадукцыі асабістай вытворчасці.
4. Атрымліваецца, поліэтыленавы пакет — выключна бясплатная рэч?
— Як поліэтыленавыя пакеты, так і, напрыклад, скрынкі для цацак, кантэйнеры для харчовых прадуктаў уключаны ў пералік тавараў. І поліэтыленавы пакет можа выступаць у якасці тавару, але ў тым выпадку, калі пакупніку была прапанавана іншая бясплатная ўпакоўка (напрыклад, харчовая плёнка, папера і г.д.).