Воскресенье, 6 октября 2024

У Пружанского района новый руководитель

2 970

У мінулую суботу адбылася нечарговая сесія раённага Савета дэпутатаў, на якую, акрамя дэпутатаў, былі запрошаны начальнікі аддзелаў райвыканкама, старшыні пасялковых і сельскіх Саветаў дэпутатаў, кіраўнікі прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый раёна. Удзел у сесіі прынялі старшыня аблвыканкама, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.В.Ліс, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Брэсцкай вобласці Д.Д.Гобараў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў С.Д.Ашмянцаў.27июн2015_0586

На разгляд  дэпутатаў было   ўнесена адно пытанне: аб зацвярджэнні на пасаду старшыні Пружанскага раённага выканаўчага камітэта. Як вядома,  напярэдадні Прэзідэнт нашай краіны даў згоду на прызначэнне на гэтую пасаду Міхаіла Мікалаевіча Крэйдзіча.27июн2015_0624

Слова атрымлівае старшыня аблвыканкама А.В.Ліс. Уносячы на разгляд дэпутатаў кандыдатуру М.М.Крэйдзіча, губернатар яшчэ раз нагадаў пра тыя высокія патрабаванні, якія сёння прад’яўляе наш Прэзідэнт да кіруючых кадраў на ўсіх узроўнях, і выказаў спадзяванне, што новы старшыня райвыканкама дасць новы імпульс для больш паспяховага развіцця Пружаншчыны.27июн2015_0629

Выбар на М.М.Крэйдзіча, адзначыў старшыня аблвыканкама, выпаў не выпадкова: Пружанскі раён з’яўляецца адным з самых высокаразвітых сельскагаспадарчых рэгіёнаў не толькі на Брэстчыне, але і ў рэспубліцы. Папярэд-нікамі тут створана выдатная матэрыяльна-тэхнічная база для развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці, але яна, па словах губернатара, на жаль, пакуль не выкарыстоўваецца ў поўным аб’ёме.  Таму месца кіраўніка раёна даверана чалавеку, працоўная дзейнасць якога звязана выключна з сельскай гаспадаркай.

Выступіўшыя на сесіі дэпутаты дырэктар ААТ “Пружанскі льнозавод” М.С.Жогал і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў С.І.Барташ падтрымалі прапанову старшыні аблвыканкама, узгадаўшы, што ім даводзілася не раз пераконвацца ў высокім прафесіяналізме і дзелавых якасцях М.М.Крэйдзіча, калі ён узначальваў сельгаспрадпрыемства, а затым упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання  райвыканкама ў суседнім Бярозаўскім раёне.

Разам з тым выступоўцы сказалі нямала добрых слоў у адрас М.М.Серкова, які за два з паловай гады на пасадзе старшыні райвыканкама ўнёс значны ўклад у развіццё нашага раёна, яго сацыяльнай сферы, ажыццяўленне шэрагу інвестыцыйных праектаў, наладжванне прадпрымальніцкай дзейнасці. Былі выказаны спадзяванні, што і на пасадзе намесніка старшыні аблвыканкама Міхаіл Мікалаевіч дапаможа нашаму раёну развівацца больш дынамічна і паспяхова.27июн2015_0671

Дэпутаты аднагалосна прынялі рашэнне аб зацвярджэнні М.М.Крэйдзіча на пасаду старшыні Пружанскага райвыканкама. Пад апладысменты прысутных старшыня аблвыканкама  ўручыў яму службовае пасведчанне.27июн2015_0617

Міхаіл Мікалаевіч шчыра падзякаваў за аказаны высокі давер узначаліць наш раён і адзначыў, што ён добра разумее ўсю складасць ускладзеных на яго абавязкаў і будзе імкнуцца разам з усімі працаўнікамі Пружаншчыны зрабіць гэты рэгіён больш  заможным і прывабным.

Слова папрасіў і  ўжо былы старшыня райвыканкама Міхаіл Мікалаевіч Серкоў. Ён сказаў, што ўдзячны лёсу за магчымасць папрацаваць у нашым раёне, у раёне, які лічыць самым лепшым і адметным сваімі працавітымі людзьмі. Былы кіраўнік шчыра падзякаваў усім, хто прысутнічаў у зале, за ўзаемапаразуменне, за творчы падыход у рабоце і выказаў упэўненасць, што тое,  чаго  яму не ўдалося ажыццявіць, усё ж будзе даведзена да канца новым кіраўніцтвам раёна. Прысутныя віталі і дзякавалі былому старшыні райвыканкама гарачымі, працяглымі апладысментамі.27июн2015_0610

Пасля таго, як сесія раённага Савета дэпутатаў была закрыта, перад прысутнымі з аналізам спраў у сацыяльна-эканамічным развіцці вобласці, у тым ліку і Пружанскага раёна, выступіў А.В.Ліс. Анатоль Васільевіч адзначыў, што сітуацыя ў эканоміцы не простая, ёсць шэраг праблем, якія напрамую звязаны з негатыўнымі падзеямі ў свеце: падзеннем кошту на нафту, крызіснымі з’явамі як у краінах Еўрапейскага саюза, так і ў нашых суседзяў – Расіі і Украіне і г.д. У выніку Брэстчына сутыкнулася з праблемай збыту  выпускаемай прадукцыі,  яе запасы на складах шэрагу прадпрыемстваў перавышаюць дапушчальныя нормы. Побач з гэтым узнікаюць пытанні з занятасцю насельніцтва, на жаль, павялічылася колькасць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных. У такой складанай сітуацыі, падкрэсліў губернатар, вельмі важна захаваць працоўныя калектывы, не дапусціць парушэння тэрмінаў выплаты заработнай платы. Пры гэтым заработная плата павінна сапраўды быць заробленай, а не плаціцца толькі за тое, што чалавек з’явіўся на рабочым месцы. Адказнасць за забяспячэнне людзей працай, за жалезную дысцыпліну на вытворчасці ўскладаецца на кіраўнікоў калектываў. У нас ёсць добрыя прыклады, калі і ў такой няпростай сітуацыі прадпрыемствы працуюць стабільна і паспяхова, дзякуючы пошуку новых рынкаў збыту, якія адкрываюцца толькі якаснай і канкурэнтаздольнай прадукцыі, — падрэсліў губернатар.

Нямала пытанняў у старшыні аблвыканкама было і да кіраўнікоў асобных прадпрыемстваў нашага раёна. У прыватнасці, рэзкай крытыцы ён падверг становішча спраў на малакаперапрацоўчым прадпрыемстве “ДАНОН Пружаны” (ранейшы “ЮНІМІЛК Пружаны”), якое здае ранейшыя пазіцыі. Недаравальна вялікія запасы гатовай прадукцыі, на думку губернатара, маюць кансервавы завод, Ружанская мэблевая фабрыка, малочны камбінат.

Не ўсё добра і ў сельскагаспадарчай галіне раёна. На жаль, у нас менш, чым у сярэднім па вобласці, пакуль нарыхтавана кармоў у разліку на галаву буйной рагатай жывёлы, ёсць прэтэнзіі да якасці фуражу. Трымаць справаздачу за гэта, напрыклад, давялося дырэктарам ААТ “Айчына” і “Роўбіцкае”.

Кіраўнік вобласці асабліва засяродзіў увагу на недапушчэнні фактаў расхлябанасці, карупцыйных праяўленняў, якія не абышлі і наш  раён. Да шырока вядомай і рэзананснай справы па падазрэнні ў злачыннай дзейнасці ранейшага кіраўніка ААТ “Ружаны-Агра” сёлета дабавіліся яшчэ тры крымінальныя справы, узбуджаныя пракуратурай раёна ў адносінах да спецыялістаў гаспадарак.

—Не думайце, — звяртаючыся да прысутных, адзначыў старшыня аблвыканкама, — што заўтра будзе ўсім нам лягчэй. Не варта чакаць лепшых часоў. Мы ўсе павінны добра зразумець, што выйсце адно: выпускаць якасную, канкурэнтаздольную прадукцыю, якая патрэбна спажыўцу.

 Наша даведка:

Старшыня райвыканкама

КРЭЙДЗІЧ Міхаіл МікалаевічКопия М_Н_ Крейдич-календарик

Міхаіл Мікалаевіч Крэйдзіч нарадзіўся ў 1962 годзе ў вёсцы Крэмна Драгічынскага раёна. У 1990 годзе закончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, а ў 2002 годзе – Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт.

Працоўную дзейнасць пачынаў у 1979 годзе  слесарам, трактарыстам-машыністам Драгічынскага раённага вытворчага аб’яднання па аграхімічным абслугоўванні сельскай гаспадаркі. Пасля службы ў Савецкай Арміі зноў вярнуўся на гэтае прадпрыемства.

З 1984 па 1999 гады працоўны шлях М.М.Крэйдзіча звязаны з  калгасам імя Энгельса Драгічынскага раёна, дзе ён займаў пасады інжынера па працаёмістых працэсах, загадчыка  майстэрняў па рамонце сельгастэхнікі, а ў 1995 годзе выбіраецца старшынёй калгаса.

У 2000 годзе Міхаіл Мікалаевіч становіцца старшынёй калгаса  “Чырвоны Сцяг” Бярозаўскага раёна, затым кіруе сельскагаспадарчым вытворчым кааператывам “Міжлессе” гэтага ж раёна.

 З 2010 года да цяперашняга прызначання на пасаду старшыні Пружанскага райвыканкама М.М.Крэйдзіч працаваў намеснікам старшыні, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бярозаўскага райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *