Пятница, 13 декабря 2024

Учитель Владимир Зозуля: Жить с людьми по-людски

1 835

Пра жыхара вёскі Гарадзечна Уладзіміра Фёдаравіча Зазулю людзі заўсёды гавораць з павагай. Да яго, ветэрана, педагога, актывіста, вяскоўцы  прыслухоўваюцца, з ім лічацца. “Чалавек!” – з гонарам зазначаюць, калі атрымліваюць неабходную параду ці бачаць, які прыклад іншым падае сам. Такому прызнанню ў Уладзіміра Фёдаравіча сваё тлумачэнне: “Жыць стараўся з людзьмі па-чалавечы”.

ПЕРШЫ БОЙ, ЯК ПРАВЕРКА НА МУЖНАСЦЬ
На вайну яго мабілізавалі неўзабаве пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў роднай вёскі. З Харкоў тады пайшлі ваяваць адразу 18 хлопцаў. Лічаныя дні ў вучэбцы і – на фронт. Разам былі залічаны ў соты гвардзейскі стралковы полк восьмай гвардзейскай арміі. І свой баявы шлях аднавяскоўцы пачалі з польскага горада Казяніцэ. Хутка адбыўся і першы бой.

Пачыналася Вісла—Одэрская аперацыя, 14 студзеня 1945 года,успамінае ветэран. – У акопах павярнуцца нельга было ад вялікай колькасці салдат. Здавалася, што ад артылерыйскіх залпаў зямля стогне. Па сігналу ў атаку паднялася пяхота. На варожыя ўмацаванні мы, хлопцы з адной вёскі, беглі разам. І я бачыў, як сябры падалі, падкошаныя варожымі кулямі…
Падчас прарыву абароны на Вісле Уладзіміра Зазулю лёс збярог. У тым, першым у сваім жыцці баі, салдат праявіў смеласць і гераізм. Калі дасягнуў варожых умацаванняў і наткнуўся на драцяную загароду, не разгубіўся. Скінуў шынель і, пераадолеўшы па ім калючы дрот, апынуўся у нямецкай траншэі. Тады яго прыклад паўтарылі многія салдаты, якія прарвалі варожую абарону. Радам быў для яго першым вызваленым ад немцаў горадам. І за гэта савецкія салдаты заплацілі высокую цану – свае жыцці. Сярод іх былі і пятнаццаць з васемнаццаці хлопцаў з Харкоў. У жывых засталіся толькі трое.

Хутка Уладзіміра Фёдаравіча знайшла высокая ўзнагарода – ордэн Славы трэцяй ступені. Пасля за праяўлены гераізм гэты чалавек быў узнагароджаны яшчэ ордэнам Айчыннай вайны першай ступені, шматлікімі медалямі. Вайна для яго скончылася, калі да Берліна заставалася каля сарака кіламетраў. Баявое раненне перашкодзіла ажыццявіць мару: дабіць ворага ў яго логаве. Больш чым паўгода давялося лячыцца ў шпіталях, пакуль салдат вярнуўся дамоў. І трапіў адразу на свята, – у Гарадзечненскай школе адзначалі Новы год. І гэта быў добры знак на шчаслівае мірнае жыццё.

ЛЕПШАЯ ЎЗНАГАРОДА – ДАВЕР ВУЧНЯЎ
З войска яго дэмабілізавалі як настаўніка. Краіна, якая падымалася з пасляваеннай разрухі, мела вялікую патрэбу ў спецыялістах. Для Уладзіміра  Зазулі, які паспеў атрымаць педагагічную адукацыю яшчэ да вайны, наступаў час настаўнічаць. Пачынаў у пачатковых школах вёсак Жабін і Паддубна, працаваў у Шаняўской школе, а калі з’явілася магчымасць,  вярнуўся на сваю малую радзіму, у вёску Гарадзечна. Вельмі нямногія настаўнікі тады мелі вышэйшую адукацыю. Сярод іх — Уладзімір Фёдаравіч Зазуля. Яму не раз прапаноўвалі адказныя кіруючыя пасады. “Я і зараз начальства не люблю, — усміхаецца ён, — не імкнуўся ў начальнікі і тады.” Таму, відаць, і задавольваўся пасадай завуча многія гады.

З вучнямі, — успамінае Уладзімір Фёдаравіч, — я стараўся  ніколі не перагібаць палку. Калі і здараліся ў каго якія пралікі, даваў магчымасць усвядоміць і выправіцца. Дарэмна нікога не караў, але і субардынацыю з вучнямі ўмеў трымаць. Прызнаюся, са мной лічыліся.

На пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці настаўніку давялося папрацаваць нават матэматыкам. Хаця для мяне, як для былой вучаніцы Уладзіміра Фёдаравіча, ён найперш – географ і настаўнік малявання. Урокі гэтага чалавека для вясковых дзяцей былі накшталт экскурсій у свет цудоўнага і дагэтуль невядомага, — захапляльнымі і не падобнымі на іншыя. Толькі ён умеў расказаць, напрыклад, пра Хрыстафора Калумба, як пра свайго лепшага знаёмага: з невядомымі дагэтуль падрабязнасцямі, ды яшчэ… паказаць кіно. Дарэчы, Уладзімір Фёдаравіч быў першым настаўнікам, хто асвоіў вузкаплёначны кінаапарат і паспяхова карыстаўся ім у сваёй дзейнасці. А яшчэ, каб быць больш пераканаўчым, ён мог дастаць з шафы бутэльку з марской вадой і даць кожнаму з нас паспрабаваць “смак мора”. Маўляў, ведайце, што такое марская стыхія, якая так прываблівала таго ж Калумба. Гэта былі ўрокі, падобныя на казку, і заўсёды з добрым канцом. Дзіўна, але дагэтуль памятаю пузатыя пяцёркі з абавязкова акуратным подпісам гэтага настаўніка ў сваім дзённіку.

Школьнікам У.Ф.Зазуля прысвяціў больш чым паўстагоддзя свайго жыцця. І за ўвесь гэты час ён толькі аднойчы быў класным кіраўніком. Калі пакінуў выконваць абавязкі намесніка дырэктара, выхаваннем вучняў заняўся з асаблівым імпэтам, быццам бы кампенсуючы мінулыя гады. На зайздрасць вучняў з іншых класаў, за “сваіх” ён стаяў гарой, вучыў і таварыскасці, і ўзаемавыручцы, і дабрыні. Яго вучні скончылі школу ў 1985 годзе, але тое, што здолелі пабачыць падчас вучобы, магчыма, не пабачылі і ў самастойным жыцці. Гэта — бясконцыя экскурсіі па Савецкім Саюзе, і вазіў сваіх вучняў класны кіраўнік без усялякіх суправаджаючых, не маючы ніякай, як зараз прынята гаварыць,  спецыяльнай тэхнікі. У іх распараджэнні была чыгунка, усіх акрыляла мара пабачыць свет і заўсёды была ўпэўненасць дзяцей у сваім настаўніку, а настаўніка – у дзецях. Гэта быў прыклад рэдкага даверу, які аказваюць вучні  вельмі нямногім настаўнікам. Уладзімір Фёдаравіч быў менавіта такім.

ПАКІНУЦЬ СВОЙ СЛЕД
У Гарадзечна насупраць дома ветэрана і настаўніка Зазулі ёсць бярозавая алея. Некалі там была пустэча. Шмат гадоў таму ён арганізаваў дзяцей, каб на яе месцы пасадзіць прыгожыя дрэўцы. “Чалавек павінен пакідаць пасля сябе прыгожыя сляды, — вучыў педагог. — І павінен умець змагацца за гэтую прыгажосць”. Хаця такі ўрок Уладзімір Фёдаравіч даваў значна пазней, калі адстойваў тую ж алею, не пускаючы праз яе вялізную тэхніку, калі перабінтоўваў пашкоджаныя дрэўцы… За гэта захаваныя бярозы аддзячваюць прахожых сваёй прыгажосцю сёння.

Неабыякавым да таго, што адбываецца, гэты чалавек быў заўсёды. Аднавяскоўцы гэта добра ведаюць. Таму, калі вырашылі аднавіць Свята-Пакроўскую царкву, звярнуліся да яго. Людзі ведалі, больш адказнага і сумленнага чалавека, хто б заняўся кіраўніцтвам рэстаўрацыі храма, ім не знайсці. Ці не прынцып гэтага чалавека “пакідаць пасля сябе добрыя справы і даводзіць пачатае да канца” прымусіў яго згадзіцца?

Найбольшае задавальненне атрымліваю, — прызнаецца У.Ф.Зазуля, — калі раблю людзям дабро. Гляджу, як па нядзелях людзі спяшаюцца на службу ў царкву і душа радуецца: у гэтым ёсць і мая заслуга.

Аднаўленне царквы ў Гарадзечна Уладзімір Фёдаравіч называе вялікай народнай будоўляй. Зараз прыхаджане маюць магчымасць наведваць  цудоўны храм, які быў нанова пабудаваны, дзякуючы працы і ахвяраванням вельмі многіх людзей, але найперш жыхарам навакольных вёсак.

Мяне называлі прарабам будоўлі, — успамінае Уладзімір Фёдаравіч, — але не трэба забываць, што былі яшчэ людзі, якія частку свайго здароўя і сіл аддалі высакароднай справе. І найперш гэта — галоўны натхніцель будоўлі  Леанід Несцярчук, казначэй Валянціна Каляда, стараста Марыя Грыгорык,  многія прыхаджане і прыхаджанкі, якія збіралі грошы і маліліся за завяршэнне справы. І гэтая справа была не толькі паспяхова завершана, яна неверагодным чынам аб’яднала людзей. Тады, як ніколі раней, усе адчулі, што значыць жыць дружна, па-чалавечы.

— Уладзімір Фёдаравіч, у сваім жыцці Вы паспелі зрабіць шмат добрых спраў. А што лічыце галоўным сваім дасягненнем, сваёй перамогай?

Тое, што застаўся жыць падчас Вялікай Айчыннай вайны. Я і сам часта задумваюся: як так, калі на фронце загінулі амаль усе хлопцы з Харкоў, з якімі ішоў ваяваць, наогул мільёны савецкіх салдат… Відаць, каб будаваць мірнае жыццё і памятаць вайну.
Некалькі гадоў таму ветэран наведаў горад Радам, адкуль пачынаў баявы шлях (на здымку ўнізе). Сёлета, у гонар 65-годдзя Вялікай Перамогі, плануе яго паўтарыць, каб дайсці да Берліна.
Галіна Каляда. Фота аўтара і з архіву У.Ф.Зазулі.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *