Падведзены вынікі XVIII Беларускага маладзёжнага конкурсу сачыненняў эпісталярнага жанру. Конкурс праводзіла РУП «Белпошта» сумесна з Міністэрствам адукацыі РБ, яго ўмовы зацверджаны Міжнародным бюро Сусветнага паштовага саюза. На рэспубліканскім этапе лепшай была прызнана работа на абраную сёлета тэму «Напішы ліст і раскажы, як музыка ўплывае на жыццё чалавека», якую даслала васьмікласніца з Пружан Юля Сляпцова (СШ №1 імя ЧБВА, настаўніца І.С.Якімавец). Як сцвярджаюць арганізатары, гэты конкурс з’яўляецца цудоўнай магчымасцю дапамагчы моладзі ўсвядоміць важную ролю, якую маюць паштовыя паслугі ў нашым грамадстве, развівае жаданне пісаць пісьмы, а таксама садзейнічае павышэнню пісьменнасці. Сачыненне Ю.Сляпцовай будзе накіравана ў Міжнароднае бюро Сусветнага паштовага саюза (Берн, Швейцарыя) для далейшага ўдзелу ў 43-м Міжнародным маладзёжным конкурсе.
Марына Вакульская.