Адзінаццаць школьнікаў з сярэдняй школы №5 г.Пружаны на чале з дырэктарам І.А. Каробка летнія канікулы правялі з карысцю не толькі для здароўя, але і для розуму, пабываўшы ў Балгарыі.
Праляцелі два месяцы бесклапотных школьных летніх канікулаў. Кожны дзень быў праведзены, несумненна, з карысцю. Аднак самым яркім успамінам для нас стане візіт у Балгарыю. Мы правялі дзесяць незабыўных сонечных дзён у гасціннай краіне на чарнаморскім узбярэжжы.
Міжнароднае супрацоў-ніцтва для нашай школы не новае. Зусім нядаўна, у маі, скончыўся праект у рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча-Беларусь-Украіна 2007-2013», падчас якога ажыццяўляўся абмен дэлегацыямі беларускіх і польскіх школьнікаў.
У маі гасцявалі ў нашым ўтульным горадзе Пружаны падлеткі з Балгарыі. А 21 чэрвеня група пружанскіх школьнікаў адправілася з візітам у адказ.
Балгарыя — гэта, перш за ўсё, бясконцыя пляжы Чорнага мора, горныя вяршыні і зялёныя пагоркі, урадлівыя даліны і маляўнічыя цясніны, вадаспады і мінеральныя крыніцы. Балгарыя славіцца сваім гарачым летам і чысцінёй пляжаў, яна даўно набыла папулярнасць сярод людзей усіх узростаў. Ідэальна падыходзіць яна і для правядзення школьных канікул. Большасць з нас былі ўпершыню ў гэтай цудоўнай краіне.
Першыя пяць дзён мы правялі ў невялікім, але вельмі гасцінным горадзе Первамай. Тут жывуць ветлівыя, уважлівыя і прыемныя людзі. Мы пазнаёміліся з горадам і яго славутасцямі.
Наша дэлегацыя наведала абшчыну Первамай, якую ўзначальвае Ангел Папазаў. Нам распавялі пра такія галіны развіцця мясцовасці, як сельская гаспадарка, прамысловасць, адукацыя і культура. На мерапрыемстве прысутнічаў і Уладзімір Аляксандравіч Варанковіч — пасол Рэспублікі Беларусь у Балгарыі. Для беларускіх школьнікаў быў дадзены цікавы вучнёўскі канцэрт.
Мы даведаліся, што навучальны працэс у гэтай краіне адрозніваецца ад нашага і навучальны год некалькі даўжэйшы. Дзеці вучацца ў школах 12 гадоў. Выпускнікі вучацца да сярэдзіны чэрвеня. Нам удалося пабываць на цырымоніі ўручэння дыпломаў аб атрыманні агульнай сярэдняй адукацыі. Цырымонія выпуску таксама адрозніваецца ад нашай: выпускны баль праходзіць яшчэ ў маі, а вось афіцыйная частка — пасля заканчэння навучальнага года ў чэрвені.
На наступны дзень мы наведалі гістарычны цэнтр Балгарыі — горад Плоўдзіў. У 19 км ад яго размяшчаецца іншы выдатны горад, Асенаўград, у якім мы наведалі Бачкоўскі манастыр і скалу Белінташ у Радопскіх гарах. Там размешчана святыня, якая адыгрывае вялікую ролю ў гісторыі і археалогіі Балгарыі. З гэтай кропкі адкрываецца шыкоўны краявід на горную мясцовасць, які прывёў нас у захапленне.
На ўроках гісторыі мы чулі пра знакаміты горад Шыпка. І вось мы падымаемся па 890 прыступках да помніка Свабоды ў гонар рускіх воінаў і балгарскіх апалчэнцаў, якія загінулі падчас руска-турэцкай вызваленчай вайны.
Шыпка размешчана недалёка ад Даліны руж і Да-ліны цароў Фракіі. Калі падняцца на верх вежы, то можна іх убачыць.
Другую палову паездкі мы правялі з балгарскімі школьнікамі на Сонечным беразе. Мяккія хвалі, чысты пясок, усмешлівыя людзі і гарачае сонца — усё гэта было там. Адпачывалі ў горадзе Нясебар, адным з самых старажытных гарадоў Еўропы, заснаваным тры тысячы гадоў таму. Горад уваходзіць у спіс аб’ектаў сусветнай спадчыны: у 1983 годзе ЮНЕСКА ўзяў яго пад сваю эгіду, з 1956 года Нясебар — уладальнік тытула горада-музея.
У гэтым горадзе шмат кветак. Яны паўсюль: на кветніках, у крамах і рэстаранах і проста на вуліцах. Іх водар плыве ў паветры, складаючы чароўную сумесь з пахамі з рэстаранаў і лёгкім брызам з мора…
Гэта было выдатнае падарожжа, якое падарыла нам масу станоўчых эмоцый і ўражанняў. Спадзяемся, што супрацоўніцтва з горадам Первамай на гэтым не скончыцца, а плённая праца па супрацоўніцтве паміж двума гарадамі працягнецца.
Анастасія Грышкевіч, вучаніца 10 «Б» класа СШ №5 г.Пружаны.