Неабходнасць рэарганізацыі міжшкольных вучэбна-вытворчых камбінатаў наспявала даўно. Аб тым, што яна адбудзецца, актыўна загаварылі апошнім часам. Пакуль высокія службовыя асобы шукаюць канчатковы адказ на пытанне: “Быць ці не быць вучэбным камбінатам?”, сваімі думкамі на гэты конт падзяліўся дырэктар Пружанскага МВВК А.М.ЛАПТАНОВІЧ.
— У тым, што паралельна з навучаннем у школе старшакласнік атрымлівае і прафесію, — гаворыць Анатоль Мікалаевіч, — я нічога дрэннага не бачу. І хоць большасць вучняў пасля атрымання сярэдняй адукацыі плануюць вучыцца далей, у выпадку непаступлення яны заўсёды могуць працаўладкавацца. А значыць, будуць з’эканомлены немалыя дзяржаўныя і бацькоўскія сродкі на дадатковае навучанне па рабочай спецыяльнасці.
— Колькі пружанскіх школьнікаў, дзякуючы вучобе ў вучэбна-вытворчым кабінаце, атрымалі прафесію?
— За 33 гады дзейнасці ВВК працоўную падрыхтоўку ў нас прайшлі звыш шасці тысяч вучняў. У свой час многія з іх атрымалі такія спецыяльнасці, як токар, аператар машыннага даення, муляр, зборшчык рэзістараў, памочнік выхавальніка, жывёлавод-механізатар, трактарыст, сакратар-машыністка, некаторыя іншыя. Сістэма навучання ў вучэбна-вытворчым камбінаце заўсёды была арыентавана на канкрэтныя прадпрыемствы. Часта выпускнікі школ, маючы пэўную рабочую спецыяльнасць, уладкоўваліся на працу ў арганізацыі, дзе праходзілі вытворчую практыку. Радуе, калі падобнае здараецца і зараз.
— Аднак свае ўмовы заўсёды дыктавала само жыццё… Анатоль Мікалаевіч, а якім зараз спецыяльнасцям вучаць у МВВК?
— Сёння ў нашай навучальнай установе ёсць усе шанцы для старшакласнікаў паспрабаваць сябе ў адной з шасці спецыяльнасцей – вадзіцеля механічных транспартных сродкаў катэгорыі “С”, трактарыста-машыніста катэгорыі “А”, швачкі, прадаўца, цырульніка, аператара ЭВМ. Займаючыся па гэтых спецыяльнасцях, школьнікі атрым-ліваюць новыя веды і навыкі, а пасля вучобы ў 11 класе – пасведчанне аб прысваенні кваліфікаванага разраду.
— Галоўнай праблемай усіх ВВК цяпер называюць матэрыяльна-тэхнічную базу. Што сабой яна ўяўляе ў Пружанах?
— Паступовае абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы вядзецца і ў нас. У мінулым годзе, напрыклад, мы набылі новы вучэбны аўтамабіль. У наступным мяркуем папоўніць машынна-трактарны парк новым трактарам і купіць мультымедыйную ўстаноўку.
— Скажыце, калі ласка, колькі вучняў наведвае вучэбна-вытворчы камбінат цяпер?
— У Пружанскім МВВК працоўнага навучання і прафе-сійнай арыентацыі вучыцца 380 школьнікаў з 13 сярэдніх школ горада і раёна. Колькасць жадаючых вучыцца ў нас не памяншаецца і штогод складае прыкладна 200 чалавек. Калі меркаваць па статыстыцы двух апошніх гадоў, трэцяя частка нашых выпускнікоў працягваюць далей вучыцца па профілю ў сярэдніх спецыяльных ці вышэйшых навучальных установах альбо працаваць па выбранай спецыяльнасці. У працэнтных суадносінах гэта выглядае так: швачкі – 42%, прадаўцы – 45%, аператары ЭВМ – 37%, цырульнікі – 14%, трактарысты-машыністы – 46%, вадзіцелі катэгорыі “С” – 10%.Сваё прафесійнае майстэрства, высокі ўзровень ведаў і навыкаў нашы вучні штогод дэманструюць на конкурсах “Лепшы па прафесіі” па ўсіх профілях навучання. Такім чынам, швачкі дэманструюць вырабы, якія сшылі на працягу другога года навучання ці на летняй практыцы. Цырульнікі ствараюць прычоскі прама перад гледачамі, у якасці якіх часта выступаюць мамы і сяброўкі. Юныя прадаўцы правяраюць свае веды ў рашэнні сітуацый па абмену тавару і ў разліку за пакупку. Аператары ЭВМ выконваюць розныя заданні ў праграмах MS Word, MS Excel, MS Access. Аўтамабілісты і трактарысты паказваюць сваё ўменне ў кіраванні тэхнікай і веданні правілаў дарожнага руху. Пасля першага года навучання вучні прахо-дзяць летнюю практыку ў сельскагаспадарчых арга-нізацыях, на прадпрыемствах гандлю райспажыўтаварыства, у цырульнях РКБА, ва ўстановах горада і раёна ў залежнасці ад профілю навучання. І здараецца, што менавіта летняя практыка становіцца рашаючым фактарам у выбары будучай прафесіі школьніка.
— Анатоль Мікалаевіч, які галоўны аргумент Вы б вылучылі ў абарону навучальнай установы, якую ўзначальваеце?
— Навыкі, набытыя выпускнікамі вучэбнага камбіната, застануцца з імі на ўсё жыццё. Будучым урачам, настаўнікам, ваенным таксама будзе дарэчы веданне аўтатэхнікі і камп’ютара, цырульнай і швейнай спраў. І гэта добра разумеюць старшакласнікі, пра што сведчыць маніторынг. Задаволенасць вучняў выбранымі профілямі склала 100%. Зацікаўленасць школьнікаў выбранымі прафесіямі праяўляецца ў тым, што 226 вучняў 11-х класаў у мінулым годзе свядома выбралі экзамен па прафесіянальным навучанні, які ўваходзіць у лік экзаменаў па выбары. — Пружанскі МВВК, акрамя прафесійнага навучання школьнікаў, займаецца іншай дзейнасцю?
— Так. У вучэбным камбінаце праводзіцца перападрыхтоўка трактарыстаў-машыністаў сельскагаспадарчай вытворчасці на ўсе катэгорыі. Мы займаемся павышэннем кваліфікацыі аператараў машыннага даення, аказваем паслугі насельніцтву пенсійнага ўзросту ў асваенні персанальнага камп’ютара. Таксама займаемся пасажырскімі і грузавымі перавозкамі, выконваем разнастайныя сельскагаспадарчыя работы.
Інтэрв’ю ўзяла Галіна КАЛЯДА.