Вянок славы, які зрабілі вучні СШ №1 імя ЧБВА, удзельнічаючы ў аднайменным рэспубліканскім конкурсе да 70-годдзя Перамогі, праслаўляе не толькі подзвіг іх прадзедаў, але і паказвае майстэрства ўласных рук.
Ініцыятыва стварыць свайго роду ўнікальны вянок належыць настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, кіраўніку гуртка “Масцярылка” Алёне Міхайлаўне Кот. Разам з вучнямі 5”Б” класа, у якім яна з’яўляецца класным кіраўніком, і быў створаны вянок у выглядзе ордэна Перамогі. Працавалі над гэтым усе вясновыя канікулы, робячы неабходныя дэталі ўласнымі рукамі. Такім чынам, было змайстравана каля сямісот рознакаляровых кветачак, якія размясцілі ў пэўным парадку. Разнастаілі калектыўную работу каласкі збажыны і галінкі туі, сімвалізіруючы шчаслівае жыццё ў мірнай Беларусі.
— Наш вянок славы, — расказвае Алёна Міхайлаўна, — гэта не толькі часцінка душы кожнага вучня, які прымаў удзел у яго стварэнні, гэта — памяць нашчадкаў аб подзвігу іх прадзедаў і ўдзячнасць за мір, у якім мы зараз жывём і так шануем.
Галіна КАЛЯДА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).