Спецыяльна да Свята беларускага пісьменства ў рэспубліцы была наладжана навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў з Благадатным агнём ад Труны Гасподняй». Вечарам у мінулы чацвер яна прыбыла ў Пружаны.
Ля Пружанскага палацыка сустрэліся святары, прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі, моладзь і праваслаўныя вернікі.
Экспедыцыю, якая да гэтага пабывала ў Баранавічах, Івацэвічах, аграгарадках Першамайскі і Малеч Бярозаўскага раёна, вітаў старшыня райвыканкама Міхаіл Крэйдзіч. Міхаіл Мікалаевіч выказаў упэўненасць, што дні, праведзеныя на пружанскай зямлі, будуць плённымі як для ўдзельнікаў экспедыцыі, так і для пружанцаў.
Старшыня райвыканкама ўручыў кіраўніку экспедыцыі, пісьменніцы, заслужанаму работніку культуры Беларусі, лаўрэату Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Ніне Загорскай каравай і торбачку са святой пружанскай зямлёй.
Ніна Сымонаўна адзначыла, што пружанскі край абраны Богам, бо даў свету вялікую колькасць выбітных асоб, сярод якіх асаблівае месца займаюць Рыгор Шырма і Міхась Забэйда-Суміцкі.
Уладыка Веніямін, духоўны кіраўнік экспедыцыі, выказаў надзею, што сустрэча ўзбагаціць духоўна, а агульная малітва паспрыяе дабрабыту. Ад імя прыхаджан пружанскіх цэркваў слова трымаў удзельнік экспедыцыі настаяцель сабора Аляксандра Неўскага айцец Міхаіл.
Пасля прывітальных словаў экспедыцыя хрэсным ходам накіравалася ў Аляксандра-Неўскі сабор, дзе прайшоў агульны малебен. У гэты ж час праходзілі сустрэчы ў інтэрнатах каледжа і сацыяльным прытулку.
А раніцай у пятніцу каля Свята-Мікалаеўскай царквы ў Пружанах была закладзена каштанавая алея. Удзельнікі экспедыцыі выступілі перад школьнікамі.
Падрабязней пра падзею і ўдзельнікаў экспедыцыі мы раскажам у наступным нумары нашай газеты.
Кацярына Пашкевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).
