Гэтую паездку арганізавала для 47 сваіх актывістаў абласная арганізацыя таварыства Чырвонага Крыжа. За два дні належыла наведаць дзве славутасці Польшчы: яе другую сталіцу – Кракаў і суседнічаючы з ёю горад Вялічка з адзіным ва ўсім свеце падземным музеем на глыбіні больш чым 300 метраў.
Нам загадзя аб’явілі: абувайце самы зручны абутак, бо трэба будзе шмат хадзіць. Але, забягаючы наперад, адзначу: натаптаныя кіламетры і ныючыя ад хадзьбы ногі былі дробяззю побач з тымі ўражаннямі, якія запаланялі нас на кожным кроку.
У Кракаў прыехалі на самым досвітку. Стаяў густы туман. Ён лёгкім покрывам укрыў Віслу і хаваў гатычныя вежы велічнага Каралеўскага замка, пабудаванага ў 10-11 стагоддзях на Вавельскай гары. Каралеўскі замак для палякаў – як для расіян Крэмль. Толькі ў Расіі Крэмль так і застаўся дзяржаўным сімвалам. А ў Кракаве замак быў пазбаўлены гэтага статусу ў пачатку 17 стагоддзя, пасля пераносу сталіцы ў Варшаву. Шкада, што экскурсія ў сам замак не была прадугледжана праграмай. Але вакол яго — гэтай былой рэзідэнцыі польскіх каралёў — мы яўна адчулі подых самой Гісторыі.
—Кожны беларус павінен адчуваць сябе ў Кракаве як дома,— пераконвае наш гід пані Эльжбета.—Тут правілі Ягелоны, вучыўся Скарына, жыў Касцюшка і многія іншыя з вашых знакамітых землякоў…
Эльжбета не перабольшвала. Хутка мы пераканаліся ў гэтым асабіста. Бо тут жа на Вавельскай гары (самым ганаровым месцы Кракава) ўбачылі ўзвышаную скульптуру на кані нястомнага барацьбіта за свабоду Тадэвуша Касцюшкі. А праз некалькі гадзін з замілаваннем сэрца слухалі папулярны студэнцкі гімн з балкончыка Ягелонскага ўніверсітэта. Навучальная ўстанова была адкрыта ў 1354 годзе. І зусім не важна, што цяпер тут ужо не вучацца. Універсітэт з’яўляецца своеасаблівай святочнай установай, дзе праходзяць разнастайныя вучоныя сімпозіумы, семінары, узнагароджанні як прафесараў, так і студэнтаў. І кожны раз іх удзельнікаў вітаюць з балкончыка выявы самой Ягелонкі, трох яго рэктараў і Францішка Скарыны, які тут вучыўся.
Пасля ўбачанага мы не ўтрымаліся ад апладысментаў. І пані Эльжбета таксама не магла стрымаць эмоцый:
—Жыццё такое кароткае, і трэба пражыць яго цэлым сэрцам…
Палякі ведаюць сваю гісторыю і ўмеюць яе шанаваць. У велічным Кафедральным саборы заўсёды праходзіла каранацыя польскіх каралёў, за прастолам Пятра і Паўла і цяпер сядзіць толькі вышэйшая знаць Польшчы, у тым ліку і Папа Рымскі. Тут знахо-дзяцца грабніцы, калі не памыляюся, каля 40 польскіх манархаў ( у тым ліку і святой Ядвігі, пахаванай у 1389 годзе, і Казіміра Вялікага – заснавальніка Кракаўскай акадэміі, якой сёлета спаўняецца 650 гадоў), а таксама народных герояў і вядомых паэтаў. Сярод іх — усыпальніца Адама Міцкевіча, прах якога па настойлівай просьбе ўдзячных за творчасць палякаў быў вернуты на радзіму з Францыі. Усё ў граніце і пазалоце.
Я сфатаграфавалася на фоне барэльефа Фрэдэрыка Шапэна. На што пані Эльжбета зазначыла:
—Шапэн тут не пахаваны. Барэльеф паставілі ў кафедральным саборы проста для таго, каб усе ведалі, што ён таксама быў палякам.
Тут, у саборы, пад вежай Срэбраных званоў, мы пастаялі і каля магілы прэзідэнта Леха Качыньскага і яго жонкі, якія загінулі ў 2010 годзе ў авіякатастрофе пад Смаленскам.
Уразіла лічба: у Кракаве больш як 230 касцёлаў, і ўсе яны дзейнічаюць. На Кірмашовай плошчы – галоўнай плошчы горада—мы любаваліся велічнасцю касцёла святога Войцэха і Ратушнай вежы, Марыяцкім касцёлам, ці, як яго яшчэ называюць, касцёлам Узяцця на Неба Прасвятой Дзевы Марыі, які быў заснаваны ажно ў 1221-22 гадах… Касцёл некалькі разоў знішчаўся і зноў ажываў. Аб гэтым напамінае трубач, які кожную гадзіну адчыняе акно на самай высокай яго вежы і на ўсю плошчу трубіць трывогу, папярэджваючы людзей аб небяспецы. Мелодыя абрываецца на паўноце. Так ажывае старажытная легенда. Трубач быў забіты ў час татарскага нашэсця, але ён і цяпер жыве ў Кракаве…
Пані Эльжбета зазначыла:
—Калі вы хочаце ўбачыць, як Польшча аднаўляецца, едзьце ў Варшаву. Калі хочаце ўбачыць сапраўдную гісторыю і культуру Польшчы, едзьце ў Кракаў.
І сапраўды, здаецца, кожны метр тут мае сваю гісторыю. Вуліцы ў Кракаве вузкія, галоўным чынам забрукаваныя. Быццам знарок для таго, каб даць магчымасць людзям прайсціся пешкі, спыніцца, паглядзець, падумаць. Дзе гэта можна зрабіць, як не на вуліцы Канонікаў – каралеўскім тракце, пабудаваным ажно ў 16 стагоддзі? Тут да цяперашняга часу ў выдатным стане захавалася брусчатка, па якой некалі знакамітыя польскія манархі са сваімі світамі ехалі ў карэтах у замак на гару Вавель… Праўда, кавалачак канца вуліцы выкладзены сучаснай пліткай. Пані Эльжбета звяртае нашу ўвагу на вышчарбленыя яе ўчасткі:
—Напэўна, так робіцца для таго, каб дарожнікам заўсёды была работа…
Наведаць Чырвоны замак на Вавеле, прагуляцца на прасторнай Кірмашовай плошчы і вакол яе, паназіраць з моста за спакойнай плынню Віслы, прывітаць фігуру містычнага Дракона, на добрую гадзіну завіснуць у гандлёвым цэнтры “Галерэя Кракоўска”, пасядзець з новымі сябрамі за ўтульным столікам у адной са шматлікіх кавярняў, праехацца на электрамабілі… Мне здавалася, што гэта будзе доўжыцца бясконца.
Дарэчы, у Кракаве налічваецца каля 5 тысяч сярэднявечных будынкаў і твораў мастацтва. Яго нездарма называюць польскімі Афінамі. А ў 1978 годзе ЮНЕСКА прызнала Кракаў помнікам сусветнай культурнай спадчыны, адным з дзевяці гарадоў, прадстаўляючых еўрапейскую культуру. Як цудоўна, што нам пашчасціла тут пабываць!
Між іншым, самыя адчайныя з нашай групы паспелі наведаць і буйнейшы ва Усходняй Еўропе кракаўскі аквапарк, даўжыня горкі якога складае 202 метры, а вышыня больш як 18 метраў. А самыя нястомныя да позняга вечара гулялі па асветленым горадзе. Кракаў – гэта не толькі велічны гістарычны помнік, але і вельмі прыгожы горад – з чысценькімі вуліцамі, увітымі ліянамі дамамі, прыветлівымі людзьмі….
—Ах, Кракаў! Убачыў Кракаў і… заплакаў,— ужо ў гасцініцы расчулена загаварыў у рыфму адзін з брастаўчан. Як аказалася, ён успомніў, як у Марыяцкім касцёле праходзіла працэдура адкрыцця алтара Прасвятой Дзевы Марыі…
А назаўтра нас чакала яшчэ адно дзіва. Прызнаюся, дагэтуль я ніколі нават не чула пра яго. Вялічка. Падумалася: такое прозвішча шырока распаўсюджана ў Пружанскім раёне.
Невялікі гарадок. Брусчатка. Шмат турыстаў.
—Спачатку быў Вялічка, а ўжо потым – Кракаў,— зазначае экскурсавод.
Назва горада пайшла ад вялікай солі, залежы якой былі адкрыты тут у 11-ым стагоддзі (першы дакумент аб здабычы солі ў Вялічцы датаваны 1044 годам). На тым месцы цяпер цэлы падземны горад. Агульная даўжыня яго «вуліц» на дзевяці ўзроўнях складае каля 300 км, глыбіня 327 метраў.
Цікавы факт: у 14 стагоддзі прыбытак ад дзейнасці саляной шахты ў Вя-лічцы складаў больш як 30% усяго даходу дзяржаўнай казны Польшчы. У значнай меры менавіта гэтаму маленькаму гарадку ўдзячны велічны Кракаў за свае прыгажосць і багацце.
І цяпер Вялічка прыносіць дзяржаве важкія даходы. Саляныя копі, размешчаныя пад ім, адзіныя ў свеце, якія ад глыбокай старажытнасці да цяперашняга часу даюць вядомую ва ўсім свеце высакаякасную соль. Частка іх адкрыта і для наведвання турыстамі.
Уніз мы спускаліся пешкі. Камеры, велізарныя, дзівоснай прыгажосці залы, злучаныя працяглымі пераходамі, упрыгожаныя барэльефамі і скульптурамі з солі, штрэкі, спускі, шурфы, казачныя падземныя азёры…
Перыядычна экскурсавод аб’яўляе:
—Мы на глыбіні 90 метраў, 110 метраў, 127 метраў…
Ад гэтых слоў стана-вілася страшна. Нехта з турыстаў зазначыў:”А мы часам не сустрэнем тут сваіх нябожчыкаў-продкаў?”
Гэта немагчыма апісаць словамі. Гэта трэба бачыць. На некаторы момант мне здалося, што я ў царстве “Медной горы хозяйки” (памятаеце казкі Бажова?). Блакітна-зялёныя адценні, якія суправаджалі на ўсім працягу, яшчэ больш абвастралі адчуванне глыбокай даўніны. А шчодра аздобленыя падсветкай, яны стваралі незвычайны казачны настрой, які літаральна апанаваў усімі намі на гэтыя чатыры гадзіны.
Барэльефы і помнікі з солі расказвалі аб нялёгкай рабоце шахцёраў.
—Выйсці замуж за шахцёра заўсёды лічылася вялікім гонарам для дзяўчыны,— дапаўняе ўбачанае экскурсавод.—Пры гэтым дзяўчына глядзела на велічыню кісці рукі свайго суджанага. Калі далонь шырокая, значыць, ён можа вынесці з шахты больш солі (выносіць дазвалялася жменю ў суткі), якая ў той час была на вагу золата.
Назаву толькі некалькі славутасцей падземнай Вялічкі: рассольны калодзеж, выкапаны ў 12-13 стагоддзі, помнік Адаму Міцкевічу з солі, мост на пропасцю, камера Мікалая Каперніка, сталактыты, грот саляных гномаў… І, безумоўна, ашаламляльная капліца Блаславеннай Кнігі.
На падыходзе да яе экскурсавод загадала:
—А цяпер заплюшчыце вочы!
Тое, што адкрылася нам потым, апісаць словамі немагчыма. Усе ў адзін голас ахнулі. Уявіце сабе высечаную ў солі пячору вышынёй у 10, даўжынёй у 54 і шырынёй у 15 метраў! Набожныя палякі аздобілі яе шматлікімі барэльефамі і помнікамі на біблейскія сюжэты. У тым ліку цуда-алтаром святой Кнігі ў цэнтры і скульптурай Папы Рымскага. Паўтараю, усё зроблена з солі. Вянчае ж гэтую цуда-капліцу велізарная свяцільня з чысцейшых кавалачкаў солі, якія блішчаць як крышталь.
Тут, на глыбіні 101 метр пад горадам, цяпер адбываюцца не толькі службы, але і вянчанні, вяселлі…
А ў вялікім гроце на глыбіні 128 м, куды мы неўзабаве спус-ціліся, праходзяць баксёрскія баі, з высокага балкончыка можна паскакаць на тарзанцы… Дарэчы, тут працуюць і кіёскі, дзе можна купіць сапраўднай глыбіннай солі.
—Наверсе ў горадзе купляць соль не варта – нічога з сапраўднай соллю Вялічкі яна не мае,— засцерагае нас экскурсавод.
Дарэчы, тут, у саляных шахтах на глыбіні 211 м, у 1964 годзе быў адкрыты і цяпер паспяхова працуе санаторый. Сучасныя вучоныя-пульманолагі ўстанавілі, што праведзеныя ў ім 14 дзён хаця б па 3-4 гадзіны поўнасцю знішчаюць бактэрыяльную фаўну ў носе і горле. Вялічка – адзінае месца ў Польшчы, дзе праводзіцца рэабілітацыя хворых на астму. А ўвогуле, як сведчаць вучоныя, яе соль лечыць ад 36 хвароб – ад насмарку да бясплоддзя. Напэўна, нездарма мы бачылі тут так многа моладзі і дзяцей.
—Дыхайце глыбей, можна нават лізнуць сцяну ці адкалупаць ад яе крупінку солі. Гэтае месца вельмі карыснае для здароўя,— паўтарала экскурсавод.
Прызнаюся, у сваім артыкуле я не расказала і дзясятай долі таго, што ўбачыла і адчула. Шкада, што вярталіся мы дахаты, як і ехалі ў Польшчу, ноччу. А можна было б усю дарогу любавацца ўтульнымі, дагледжанымі дворыкамі палякаў-вяскоўцаў, у якіх таксама ёсць чаго пераняць нам, беларусам.
А яшчэ я вельмі хачу зноў вярнуцца ў Кракаў. І не толькі таму, што тут пануе свабодны дух цудоўнай славянскай краіны. У Кракаве я шмат дзе не паспела пабываць. Напрыклад, у яўрэйскім квартале Казімежа, вядомым усім па фільму Сцівена Спілберга “Спіс Шындлера”. А ўсяго ў га-дзіне язды ад горада знаходзіцца былы фашысцкі лагер смерці Асвенцім…
Таму да пабачэння, вялікі Кракаў! Мы яшчэ абавязкова сустрэнемся!
Ганна Хадаровіч.
Фота Людмілы Лелікоўскай.