Суббота, 12 октября 2024

Тренер Сергей Чайковский знает, как вырастить участника Олимпийских игр

1 731

У прафесію прыходзяць па-рознаму. Трэнер-выкладчык ДЮСШ №1 Сяргей Аляксандравіч Чайкоўскі ў дзяцінстве спраўна наведваў урокі фізкультуры, а пасля заняткаў у школе часта, як і ўсе вясковыя хлапчукі, да змяркання ганяў мяч. Але пра тое, каб звязаць свой лёс са спортам, нават і не марыў.

Усё кардынальна памянялася, калі ў Мураўскую СШ выкладаць фізкультуру прыйшоў новы настаўнік — Вячаслаў Вашкевіч.Рабочий стол 012

— З прыходам Вячаслава Міхайлавіча я па-сапраўднаму захапіўся спортам, — гаворыць Сяргей Аляксандравіч. — Пачаў выступаць на раённых спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, дзе займаў прызавыя месцы.

Трэба зазначыць, што юнак у той час спецыялізаваўся ў бегу на спрынтарскія і сярэднія дыстанцыі. Але самай любімай заставалася дыстанцыя ў 800 метраў.

Так дзіцячае захапленне прывяло Сяргея на спартыўны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, які ён закончыў у 1997 годзе. Пасля службы ў войску малады спецыяліст вярнуўся на малую радзіму і ўладкаваўся на працу ў пружанскую ДЮСШ №1.Рабочий стол 005

За сямнаццаць гадоў  працы трэнер выхаваў не адну плеяду спартсменаў. Імя Сяргея Чайкоўскага цяпер добра вядома ў спартыўных колах не толькі вобласці, але і рэспублікі. А яго былая выхаванка майстар спорту міжнароднага класа Ганна Ташпулатава ў 2012 годзе стала ўдзельніцай ХХХ Алімпійскіх гульняў у Лондане. Па праву ганарыцца трэнер і такімі выхаванцамі, як Павел Небыт, Анатоль Бяляеў, Роберт Казловіч, Павел Стагніеў, Аляксандр Бокша, Сяргей Каляда, Юлія Козел, якія станавіліся пераможцамі і прызёрамі самых прэстыжных міжнародных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Выхаванцы Сяргея Аляксандравіча ўваходзяць у склад зборнай краіны па лёгкай атлетыцы, Уладзіслаў Дронь і Аляксей Карпыза працягваюць вучобу ў вучылішчы Алімпійскага рэзерву.

Цяпер у трэнера чатыры групы юных лёгкаатлетаў, а гэта каля 40 хлопчыкаў і дзяўчынак. Адборам дзяцей у агульнаадукацыйных школах займаецца асабіста сам трэнер. Вось і нядаўна ў Хараўской СШ прыглянуліся Сяргею Аляксандравічу браты-блізняты Сяргей і Дзмітрый Ахрамчукі. Цяпер хлапчукі вучацца ў СШ №4, дзе і пражываюць у інтэрнаце, і наведваюць трэніроўкі ў спартыўнай школе.

Займаецца лёгкай атлетыкай пад кіраўніцтам бацькі сын Сяргея Аляксандравіча — Дзмітрый. Вучань сёмага класа СШ №3 ужо дабіўся неблагіх поспехаў на бегавой дарожцы — станавіўся прызёрам абласных спаборніцтваў.

Не забывае трэнер і сваю малую радзіму. Некалькі сезонаў падчас летняга адпачынку адпрацаваў падчас жніва на камбайне разам з братам у ААТ «Мурава». А ўвогуле, трэнерскі лёс такі, што вольнага часу застаецца вельмі мала. І гэта сапраўды так, бо большасць спаборніцтваў праводзіцца ў выхадныя дні, калі ўсе адпачываюць.

-Працуем на вынік, —   гаворыць Сяргей Аляксандравіч. — Самы шчаслівы момант, калі твае вучні ўзнімаюцца на спаборніцтвах на п’едэстал.

Мікола Архуцік.

На здымку: пераможцы  Усебеларускага лёгкаатлетычнага кросу на прызы газеты «Советская Белоруссия» з трэнерам-выкладчыкам С.А.Чайкоўскім.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *