Як толькі на вуліцы падмарозіла, многія жыхары вёскі Ялова пачалі назіраць незвычайны, асабліва для гэтай пары года, малюнак: па іх агародах, з кожным днём усё больш набліжаючыся да жытла, хадзіў… прыгажун-лебедзь. Так цуда-птушка з’явілася і каля хлява трактарыста ААТ «Вялікасельскае Агра» Аляксандра Слабады. Аляксандр Мікалаевіч з сынам Мішам выйшлі паглядзець. А лебедзь быццам толькі іх і чакаў: ратуючыся ад холаду і голаду, практычна сам прыйшоў у рукі.
У хляве птушка пражыла амаль цэлы месяц. Аляксандр Мікалаевіч, а яшчэ больш Міша цярпліва, з любоўю яе даглядалі. Выгнаць лебедзя на люты мароз — значыць, асудзіць на верную пагібель. Ён хутка прывык да курачак і свінчука за перагародкай, з задавальненнем частаваўся з рук сваіх гаспадароў хлебам і зернем і пазіраваў, выгнуўшы шыю, цікаўным вяскоўцам, якія прыходзілі ім любавацца.
Але што далей рабіць з птушкай, Аляксандр не ўяўляў. Наконт сваёй знаходкі ён паведаміў у інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, лясгас, школу, раённым ветэрынарам. Але пытанне ўсё заставалася нявырашаным. Як высветлілася потым, затрымка атрымалася па важкай прычыне: давялося чакаць прыезду прадстаўніка Брэсцкага філіяла грамадскага аб’яднання «Ахова птушак Бацькаўшчыны». І вось днямі ў суправаджэнні галоўнага паляўніцтвазнаўцы лясгаса Алега Гаеля абаронцы птушак завіталі ў Ялова — цяпер «АПБ» займаецца перапісам пярнатых і з гэтай нагоды яны накіроўваліся на Гродзенскія ачышчальныя збудаванні, дзе заўсёды зімавала шмат лебедзяў.
Лебедзя звязалі і паклалі на мяшкі ў машыну.
— «Здалася» птушка без усялякіх праблем,— расказваў потым Алег Аляксеевіч.— Быццам разумела, што людзі не жадаюць ёй благога. А на двары было амаль 30 градусаў ніжэй нуля.
Перад тым, як выпусціць на цёплую ваду ачышчальных збудаванняў, перапісчык адзеў на яго лапку спецыяльнае кальцо, якое стала для птушкі своеасаблівым пашпартам. Хутка звесткі пра лебедзя, якога цэлы месяц даглядалі жыхары вёскі Ялова Аляксандр Слабада і Міша, будуць перададзены ў цэнтр кальцавання пры навукова-практычным цэнтры па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. Для вывучэння яго міграцыі, папуляцыі і працягласці жыцця.
Лебедзь застаўся жыць. Магчыма, ён яшчэ не раз праляціць над Яловай, каб махнуць крылом у знак удзячнасці сваім ратавальнікам.
Ганна Хадаровіч, фота Алега Гаеля.