Апошнім часам назіраецца тэндэнцыя да скарачэння колькасці асабістых падсобных гаспадарак грамадзян. Але, напэўна, нічога дзіўнага ў гэтым няма. На жаль, вёска старэе, змяншаецца колькасць насельніцтва, а па гэтай прычыне менш жывёлы на падворках грамадзян. Не з’яўляецца выключэннем і Мокраўскі сельсавет. На пачатак бягучага года на яго тэрыторыі налічвалася 1019 гаспадарак грамадзян. За пяць гадоў іх колькасць скарацілася на паўсотню.
Цяпер на ўтрыманні грамадзян 105 кароў, 183 галавы свіней, 26 коз і авечак, 4 кані, каля 200 трусоў, 4775 галоў птушкі.
Не трымаюць ніякай жывёлы ў 86,5% домаўладанняў, а каровы ёсць толькі ў 7% асабістых гаспадарак.
— За апошнія гады ў нас стабілізавалася колькасць кароў прыватнага сектара, — гаворыць старшыня Мокраўскага сельвыканкама С.М.Ханавец.
Сельсавет з’яўляецца лідарам у раёне па закупу малака ў насельніцтва. Так, летась грамадзяне рэалізавалі дзяржаве 571 тону малочнай прадукцыі, або 109% да 2014 года. У разліку на карову было прададзена па 5441 кілаграму малака, што на 430 кг больш, чым у папярэднім годзе.
Асноўнае пагалоўе кароў знаходзіцца ў Клепачах, Мокрым і Рудніках. Па некалькі рагуль трымаюць жыхары Ляжайкі і Казлоў. А вось у такіх вёсках, як Баравікі, Котра, Краснае, Сілічы, карова ўжо стала экзатычнай жывёлай.
— Але ж ёсць і сем’і, якія трымаюць на падворках па некалькі кароў, — расказвае Святлана Мікалаеўна.
Менавіта яны ў мінулым годзе рэалізавалі найбольшую колькасць малака. Так, Міхаіл і Наталля Дзеранчукі з Клепачоў прадалі яго дзяржаве больш 16 тон, а іх суседка Алена Каўшліева — 15,6 тоны. У гаспадарцы Алены і Васіля Аблавушкаў з Мокрага закуплена без малога 30 тон малака. У разліку на карову лепшы паказчык мае Ганна Казлоўская з Клепачоў — 6717 кілаграмаў.
Зразумела, што вялікую дапамогу асабістым падсобным гаспадаркам грамадзян аказваюць сельгаспрадпрыемствы. Яны ўзялі на сябе работы па доглядзе пашы. На аснове кантракту закупляюць у насельніцтва цялят. Напрыклад, ААТ «Жураўлінае» за купленае цяля выдзяляе гаспадару 2 тоны сена, а таксама 7 кілаграмаў збожжа за кожны кілаграм вагі цяляці. ААТ «Агра-Калядзічы» за цяля выдзяляе 2,5 тоны сена.
Што датычыцца свіней, то раней на тэрыторыі сельсавета на падворках грамадзян іх налічвалася звыш тысячы галоў. Рэзкае зніжэнне пагалоўя цяпер звязана ў першую чаргу з мерапрыемствамі, накіраванымі на барацьбу з афрыканскай чумой свіней. У радыусе дзвюх кіламетраў ад комплексаў трымаць свіней забараняецца, а гэта самыя буйныя населеныя пункты сельсавета.
У сувязі са змяншэннем пагалоўя свіней, як лічыць старшыня сельвыканкама, павялічылася колькасць птушкі і трусоў.
Хутка Мокраўскі сельскі Савет дэпутатаў прыме праграму развіцця і падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак грамадзян на 2016-2020 гады. Ці надасць яна новы імпульс сельскім падворкам, пакажа час.
Алена Уладзіміраўна Каўшліева з аграгарадка Клепачы (на здымку) трымае тры каровы. Як лічыць жанчына, работы па гаспадарцы хапае, хаця і доіць яна з дапамогай апарата. Але праца гэтая сябе апраўдвае. Грошы, выручаныя за малоко, з’яўляюцца добрай падмогай для дзяцей і ўнукаў.
Мікола Архуцік, фота аўтара.