Пятница, 17 января 2025

Теперь и пружанцы знают, что такое айсшток

1 746

У мінулую пятніцу ў Лядовым палацы ў Пружанах праходзіў II зімовы рэспубліканскі турнір па айсштоку з удзелам каманд Мінска, Гродна, Брэста і польскага Цярэспаля.

Айсшток, або баварскі кёрлінг, — камандны від спорту на лядовай пляцоўцы. Ігракі па чарзе кідаюць на лёд айсштокі (спецыяльныя спартыўныя снарады, якія ўяўляюць сабою палку даўжынёй 30 сантыметраў, прымацаваную да коўзкай паверхні) такім чынам, каб снарад слізгаў  па лёдзе ў зададзеным накірунку. Мэта — кінуць айсшток так, каб ён, у залежнасці ад разнавіднасці гульні, або спыніўся як можна бліжэй да мішэні, або праляцеў як можна далей.

Падчас адкрыцця спаборніцтваў да яго ўдзельнікаў звярнуліся з прамовамі старшыня райвыканкама М.М.Серкоў і старшыня беларускай федэрацыі айсштоку   А.Г.Бялінскі. У прыватнасці, старшыня райвыканкама выказаў спадзяванне, што ў перспектыве і ў нашым раёне будзе развівацца гэты прыгожы від спорту.

Кожны спартсмен выконваў чатыры практыкаванні, самае складанае з якіх «карамболь». Вынікі падводзіліся асобна сярод моладзі, жанчын і мужчын.

Большасць прызавых месцаў дасталася прадстаўнікам Гродна, якія і сталі мацнейшымі ў камандным заліку. На другім месцы каманда Цярэспаля, на трэцім — Брэста.

Каманда Гродна атрымала кубак, а спартсмены-пераможцы ў асабістым заліку — дыпломы і медалі. Галоўны трэнер зборнай Беларусі па айсштоку Уда Райхенекер уручыў памятныя сувеніры ад федэрацыі айсштоку старшыні райвыканкама М.М.Серкову і дырэктару ДЮСШ №2 В.С.Зую.

А.Г.Бялінскі,  старшыня беларускай федэрацыі  айсштоку:

— Гістарычна айсшток развіваўся ў мясцовасцях з замярзаючымі вадаёмамі (Германія, Аўстрыя, Швейцарыя, Люксембург), і займаліся ім толькі зімой. Цяпер гэта ўжо не толькі спосаб баўлення вольнага часу, але і спорт, які мае свае правілы і саюзы. Займаюцца айсштокам на працягу ўсяго года, летам — на спецыяльных пакрыццях. Праводзяцца спаборніцтвы ў розных дысцыплінах: кідкі на дальнасць і кідкі на дакладнасць, камандныя спаборніцтвы.

Алег Генадзьевіч, калі ў Беларусі пачалі займацца айсштокам і якая на сённяшні дзень геаграфія гэтага віду спорту?

— Беларуская федэрацыя айсштоку была ўтворана чатыры гады таму. За гэты час праведзена 8 рэспубліканскіх турніраў. Нашы спартсмены бралі ўдзел таксама ў 10 міжнародных. Апошні з іх праходзіў у лістападзе мінулага года ў Бразіліі. З дзесяці ўдзельнікаў наша каманда заняла шостае месца. На апошнім чэмпіянаце свету бралі ўдзел 12 каманд. Мы занялі ганаровае пятае месца.

У асноўным айсшток пакуль развіваецца ў Гродне, Брэсце і Мінску.

— Айсшток пакуль не з’яўляецца алімпійскім відам спорту?

— На зімовых Алімпійскіх гульнях айсшток быў прадстаўлены двойчы, як паказальны від. У Сочы таксама будзе ў якасці паказальнага.

— Чаму менавіта Пружаны выбраны месцам правядзення гэтых спаборніцтваў?

— Наша мэта — папулярызацыя айсштоку ў рэгіёнах. Пружаны выгадна размешчаны паміж Гродна, Брэстам і Мінскам. Хочацца выказаць падзяку кіраўніцтву раёна за магчымасць правесці спаборніцтвы на лёдзе пружанскага Лядовага палаца.  

На здымку: гасцей турніру вітаў і ўручаў прызы старшыня Пружанскага райвыканкама М.М.Серкоў.

Мікола Архуцік. Фота Аляксандра МЕЛЕША.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *