Некалькі месяцаў назад на старонках раёнкі быў надрукаваны артыкул аб тым, што дзяўчынцы з Лінова Насці Хмары неабходна дапамога. І пачаўся збор грошай для кансультацыі ў ізраільскай клініцы. Сёння з радасцю паведамляем, што кансультацыя адбылася, больш таго – аперацыя магчыма. Насця вырашыла асабіста падзякаваць усім добрым людзям, якія адгукнуліся на яе бяду.
Вітаю, мае дарагія! Нядаўна мы з мамай вярнуліся дадому з сонечнага Ізраіля. Гэта дзіўная краіна, якую немагчыма не палюбіць! Атмасфера там асаблівая! Людзі добрыя! Мы прыляцелі ў Тэль-Авіў ноччу, нас выдатна сустрэў у аэрапорце ізраільскі персанал. Там жа адбылася доўгачаканая сустрэча са Святланай — перакладчыцай, якая ўзяла на сябе дамовы з клінікай і пражыванне ў Ізраілі, і яе сынам. Яны неверагодна цёплыя і пазітыўныя людзі. Мне было дужа прыемна іх бачыць і чуць. Яны адвезлі нас з мамай на кватэру ў Ерусалім, падрыхтавалі нам мноства мясцовых прысмакаў. Мы выспаліся, адпачылі і ўвечары прагуляліся па ваколіцы.
На наступны дзень нам зладзілі выдатную экскурсію па ерусалімскіх славутасцях, мы былі на Маслянічнай гары, адкуль праглядаецца стары горад, глядзелі з вышынь на Іарданію, былі ля Сцяны плачу … Там сапраўды плакаць хочацца. Наведалі Храм Гасподні, падняліся на Галгофу. Гэта было для мяне асаблівым экстрымам: туды лесвіца крутая! Я рэальна думала, што, калі туды падымуся і спу-шчуся без наступстваў, то гэта ўжо будзе цуд! Ён і адбыўся, не перастаю верыць у цуды.
У наступныя дні я праходзіла абследаванне ў клініцы Шаар Цэдэк і была на кансультацыі ў двух лекараў, адзін з якіх даў мне вялікую надзею і гатовы дапамагчы. Па рэкамендацыі ўрача мне трэба набыць больш зручную каляску, каб разгрузіць спіну, павялічыць аб’ём лёгкіх з дапамогай дыхальнай гімнастыкі і сабраць грошы на аперацыю. Таму збор працягваецца. Нізкі паклон усім-усім, дзякуючы каму адбылася гэтая паездка! Хто рабіў і робіць ўклады, хто дапамагаў і дапамагае з распаўсюджваннем звестак аб зборы.
Анастасія Хмара.
На здымках: у Ізраілі.
Нагадваем рэквізіты для дабрачыннага пераводу
Дабрачынныя рахункі адкрыты ў ЦБУ 122/83 філіяла 113 ААТ «ААБ Беларусбанк» — г.Пружаны, вул.Кастрычніцкая, 60:
— беларускія рублі — транзітны рахунак №3819382300001 на дабрачынны рахунак №000003 у аддзяленні № 122/83;
— расійскія рублі — транзітны рахунак №3819382300027 на дабрачынны рахунак № 000002 у аддзяленні № 122/83;
— долары ЗША — транзітны рахунак №3819382300027 на дабрачынны рахунак № 000013 у аддзяленні № 122/83.
Прызначэнне плацяжу: Для залічэння на дабрачынны рахунак на імя Хмары Валянціны Аляксандраўны .
Яндэкс.Грошы: 410011432267577
Кашалькі WebMoney: Z369644610788 R113101492278 B263425798855