22-23 лютага ў Брэсце праходзіў міжнародны турнір па плаванні, прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны. На турнір з’ехалася шмат каманд з Беларусі, у тым ліку з абласных гарадоў і са сталіцы, прадстаўлялі свае краіны каманды з Бельска-Падляскага і Беластока (Польшча), Луцка (Украіна), Мыцішч (Расія). За медалі змагалася і каманда плыўцоў з пружанскай ДЮСШ №2.
Два першыя месцы сярод дзяўчынак 2001 года нараджэння і маладзей (50 і 100 метраў вольным стылем) заняла наша Анастасія Леаненка, на 50 метрах батэрфляем і 200 метрах вольным стылем Анастасія стала другой.
У плаванні на спіне на дыстанцыі 200 метраў сярод дзяўчынак 2003 года нараджэння і маладзей другое месца заваявала Ксенія Раманюк.
Дарослыя трэція разрады атрымалі Варвара Шыракова, Лізавета Люсцібер, Павел Баран, Уладзіслаў Ліпко, Арцём Кавальчук і Антон Якутчык. Нарэшце, атрымалі доўгачаканы першы юнацкі разрад Іван і Уладзімір Валанчусы. З гонарам прадставілі наш раён і іншыя спартсмены, у тым ліку Сяргей Мачэрка, Ганна Вільчык. На раўне са старэйшымі змагаўся 10-гадовы Арцём Шышко, якому да дарослага 3-га разрада не хапіла 0,04 секунды.
Атрымала другі дарослы разрад і Анастасія Хмялеўская (на здымку справа), якая выступала ў асабістым разліку.
Кацярына Пашкевіч.
На здымку: Анастасія Леаненка (крайняя злева) разам з сяброўкамі па камандзе дэманструе новую форму.