На фоне тых падзей, якія адбываюцца на тэрыторыі нашага паўднёвага суседа — Украіны, Беларусь застаецца востравам спакою і стабільнасці. Гэта прыцягвае да нас многіх украінцаў: як расказвае начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Пружанскага РАУС М.М.Папко, штодня ў службу прыходзяць людзі.
— З канца сакавіка па сённяшні дзень да нас звярнуліся 130 грамадзян Украіны,— паведамляе Мікалай Мікалаевіч.— Асабліва паток прыезджых павялічыўся з канца мая.
Трэба прызнаць, што з пачаткам летняга сезона да нас заўсёды прыязджала шмат украінцаў, якіх на радзіме называюць «зарабітчане». Але на гэты раз едуць не паасобку, а цэлымі сем’ямі, з дзецьмі. Часцей за ўсё з планамі на пастаяннае месца жыхарства прыязджаюць з усходу Украіны. Прычына ва ўсіх адна: пошук спакойнага жыцця.
Штодзённа спецыялісты аддзялення па грамадзянстве і міграцыі даюць кансультацыі па афармленні дазволу на часовае або пастаяннае пражыванне ў РБ. Згодна з папярэднімі пагадненнямі на ўрадавым узроўні, грамадзяне Украіны маюць права знаходзіцца на тэрыторыі нашай краіны без атрымання такога дазволу на працягу месяца. Тым, хто жадае затрымацца даўжэй, супрацоўнікі тлумачаць, што патрэбны законныя падставы — афіцыйнае месца працы або наяўнасць сваякоў у Беларусі.
Працаўладкаванне для многіх становіцца галоўнай задачай, таму аддзяленне цесна супрацоўнічае з мясцовай службай занятасці.
— Мы праводзім пастаянныя рабочыя сустрэчы, падчас якіх ствараем банк вакансій для прапановы прыезджым украінцам, — кажа начальнік аддзялення.
У адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, іншаземцы, што жадаюць атрымаць дазвол на пастаяннае пражыванне ў сувязі з працаўладкаваннем, маюць на яго права як работнікі і спецыялісты, у якіх маюць патрэбу арганізацыі Беларусі, як людзі, якія валодаюць выключнымі здольнасцямі і талентам ці маюць заслугі перад нашай краінай, высокія дасягненні ў галіне навукі, тэхнікі, культуры і спорту. Для такіх катэгорый замежных грамадзян прадугледжана спрошчаная працэдура атрымання дазволу. Рашэнне па выдачы такога дазволу прымаецца на працягу месяца, але для жыхароў Луганскай і Данецкай абласцей прынята яшчэ больш спрошчаная працэдура. Хоць і тут патрэбны адпаведны пакет дакументаў, які не ўсім сітуацыя дазваляе падрыхтаваць загадзя.
Часцей за ўсё, як зазначае спецыяліст аддзялення Н.П.Пракапеня, прыходзяць грамадзяне толькі з пашпартам, хаця патрэбны і іншыя дакументы — напрыклад, даведка аб адсутнасці судзімасці. У такіх выпадках у якасці гарантавальнікаў могуць выступаць арганізацыі-наймальнікі: яны афармляюць спецдазвол на працаўладкаванне іншаземцаў.
Такі спецыяльны дазвол, па словах Наталлі Паўлаўны, вельмі ахвотна афармляюць гаспадаркі Пружаншчыны, якім патрэбны працоўныя рукі людзей, які едуць усур’ёз і надоўга. Сямейных адразу селяць у свабоднае жытло, і ўжо ў некаторых вёсках стварыліся цэлыя ўкраінскія вуліцы. Такія прыклады ёсць у ААТ «Жураўлінае», «Айчына», «Ружаны-Агра», «Вялікасельскае Агра».
Алег Сідарэнка.