Пятница, 17 января 2025

Судья Николай Репиха: «Слушать сердцем, решать по закону»

1 848

Суддзя Пружанскага раёна Мікалай Віктаравіч Рэпіха ў асаблівым прадстаўленні не мае патрэбы. Прысвяціўшага юрыдычнай рабоце на Пружаншчыне больш трыццаці гадоў жыцця, правёўшага тысячы судовых пасяджэнняў, яго, вопытнага юрыста, не ведае хіба толькі выпадковы ў нашым райцэнтры чалавек. Сваю юрыдычную дзейнасць пачынаў натарыусам, быў суддзёй і старшынёй суда. У 2000 годзе Прэзідэнтам нашай краіны яму адзінаму ў нашым раёне была прысвоена кваліфікацыя суддзі першага класа.IMG_4246

—Але ж, Мікалай Віктаравіч, суддзёй Вы маглі наогул не стаць…

—Фізкультуру і спорт любіў з дзяцінства. Таму пасля заканчэння вясковай школы ў Драгічынскім раёне нават меркаваў паступаць у інстытут фізкультуры. Падкачала здароўе.

Але перад тым, як канчаткова вызначыцца з прафесійным выбарам, давялося папрацаваць і настаўнікам фізкультуры, і нават начальнікам радыёстанцыі ДТСААФ (гады тэрміновай службы ў радах Савецкай Арміі не прайшлі бясследна). А неўзабаве пад уражаннем ад расказаў дваюраднага брата, які ў той час працаваў у Расіі старшынёй суда, паступіў на эканоміка-прававы факультэт Калінінградскага ўніверсітэта.

У 1979 годзе ў якасці натарыуса я прыбыў у Пружанскі раён.

—Судовыя справы можна параўнаць з журналісцкімі артыкуламі. Напісаныя за столькі гадоў, іх ужо не падлічыш… І ўсё ж, самыя цікавыя справы ўспомніце?

—Як правіла, гэта найбольш складаныя з іх. Крымінальныя справы, калі даводзіцца разглядаць забойствы і згвалтаванні. Нядаўна ў мяне была палітычная, надзвычай рэзанансная справа. Цяпер – махлярства, дзе па сарака эпізодах праходзяць шаснаццаць пацярпелых. Разглядаць іх няпроста найперш у псіхалагічным плане.

—Дагэтуль прапускаеце чужы боль праз сябе?

—Так было, пакуль не набыў адпаведны прафесійны вопыт. Цяпер, адкінуўшы эмоцыі, навучыўся кіравацца выключна розумам.  Бо галоўнае – прыняць правільнае рашэнне. Асабліва з вялікай асцярожнасцю, надзвычай абдумана стаўлюся да прыняцця рашэнняў па справах у дачыненні непаўналетніх. Калі ад цябе залежыць будучыня чалавека, шабляй махаць нельга.

—Ну, а хоць нешта прыемнае ў Вашай рабоце здараецца?

—Прыемнае, калі разглядаеш справы аб усынаўленні ці ўдачарэнні. Калі разумееш, што даеш шанц дзецям адчуць сябе шчаслівымі.

—Мікалай Віктаравіч, а Вам бывае шкада абвінавачваемых ці, магчыма,  наадварот, хацелася б пакараць віноўніка больш сурова?

—Бывае. Як правіла, пашкадаваць хочацца ціхіх, простых людзей, якія пакорліва прымаюць, калі можна так сказаць, удары лёсу.

А бывае наадварот: па-чалавечы разумею, што за ўчыненае злачынства проста недастаткова прадугледжанага законам пакарання.

Як у першым выпадку, калі стаўлю сябе на месца абвінавачваемага, так і ў другім, калі адчуваю сябе пацярпелым, слухаю не толькі сваё сэрца, але і розум. Аднак… Ёсць верхавенства закона,  якім  суддзя павінен кіравацца. Ёсць выпадкі, калі можна не пагаджацца з мерай пакарання па тым ці іншым артыкуле крымінальнага ці адміністрацыйнага заканадаўства, але змяніць нешта ўжо не магчыма.

—Акрамя работы, што ў сваім жыцці Вы лічыце галоўным?

—Сям’ю і сяброў, якія дораць душэўны спакой, заўсёды зразумеюць, дапамогуць і ніколі не здрадзяць.

—У сувязі з асабістымі святамі людзям прынята нешта жадаць добрага і пазітыўнага. А што б Вы, Мікалай Віктаравіч, самі сабе пажадалі з нагоды юбілею?

— Пабываўшы на аперацыйным стале, зразумеў сапраўдную цану здароўю.  Таму не толькі сабе, але і сваім родным найперш жадаю моцнага здароўя. А таксама дабрабыту і задаволенасці жыццём. Калі так будзе ва ўсіх людзей, паменшае спраў і ў судах.

Інтэрв’ю ўзяла Галіна Каляда.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *