Воскресенье, 19 января 2025

Судьба сельчанина Андрея Хильковича, или Десять тысяч безымянных жертв

1 937

Раніцай 22 чэрвеня 1941 года войскі германскага вермахта перайшлі мяжу нашай Радзімы. Пачалася Вялікая Айчынная вайна.

Усім вядома, што кожная вайна перш за ўсё ўсім сваім цяжарам кладзецца на плечы простых людзей. Яны — нічым, здаецца, не датычныя да глабальных падзей перадзелу свету — найбольш за ўсё пакутуюць ад паранаічных амбіцый сваіх правадыроў.

На календары 21-е стагоддзе, і вельмі справядліва, што дзень 22 чэрвеня пачалі лічыць Днём усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Па традыцыі будуць ускладзены кветкі да помнікаў на брацкіх могілках, сказаны  дастойныя выпадку прамовы.Exif_JPEG_420

На жаль, да нашага сораму  ёсць яшчэ і такія пахаванні, на якіх нават крыжа не стаіць. А на некаторых, як у лясным урочышчы Яськаўшчына каля Слабудкі, жудасны надпіс: “Тут пахавана больш за дзевяць тысяч расстраляных немцамі мірных жыхароў і каля тысячы ваеннапалонных”.  Але ж у кожнага з гэтых дзесяці тысяч было імя і прозвішча, месца жыхарства, радня і, нарэшце, за кожным з іх быў учынак, а магчыма, і подзвіг, за які ён быў пакараны смерцю. Калі кожны вучань у сваёй вёсцы ці ў горадзе правядзе асабістае даследаванне і напіша ў сваім школьным сачыненні хоць аб адным з  герояў-нябожчыкаў, гэта і будзе сапраўдная ўсенародная памяць і патрыятычнае выхаванне.

Я добра разумею цяжкасці, з якімі давядзецца сутыкнуцца гэтым юным даследчыкам. Па-першае, таму што ў Яськаўшчыне пахаваны мірныя жыхары, не арга-нізаваныя ў сваёй барацьбе, і таму з вялікай цяжкасцю падлягаемыя нейкаму ўліку. Каторы раз праглядаю кнігу “Памяць. Пружанскі раён” і бачу, што ў спісах загінулых у той вайне — прозвішчы  не толькі франтавікоў і партызан, але і  ахвяр з мірнага насельніцтва, якое таксама прыняло на сябе ўсе пакуты ваеннага часу.

Хачу спыніцца на асобе толькі аднаго чалавека з тых дзесяці тысяч – нашага земляка, расстралянага немцамі восенню 1942 года за сувязь з партызанамі. Дзякуючы былым партызанам імя гэтага чалавека – Хільковіча Андрэя Дзмітрыевіча – увекавечана, хоць і сімвалічна, на помніку ў вёсцы Шані.Exif_JPEG_420

Аповед аб ім пачну здалёк.

Пасля падпісання ў 1921 годзе  Рыжскай дамовы  тэрыторыя Заходняй Беларусі ўвайшла ў склад Польшчы. Каб павысіць эфектыўнасць выкарыстання зямель, польскія ўлады пачалі праводзіць зямельную рэформу, згодна з якой памешчыкам дазвалялася мець не больш як 300 гектараў сельгасугоддзяў. Астатнія землі павінны быць парцэляваны – гэта значыць, прададзены. На маю думку, гэтая зямельная рэформа мела не толькі эканамічную, але і па-літычную мэту: яна давала вялікую магчымасць такой з’яве як асадніцтва. Каб больш хутка асіміляваць праваслаўнае насельніцтва ў склад Рэчы Паспалітай, трэба было яго сур’ёзна разбавіць выхадцамі з карэннай Польшчы – у асноўным былымі ваеннымі, якім дзяржава давала пазыку на набыццё зямлі ў “крэсах Усходніх”.

Аднак пастанова аб рэформе прадугледжвала магчымасць пазбегнуць поўнай парцэляцыі для тых маёнткаў, у якіх гаспадарка вядзецца на высокім узроўні, а зямля апрацоўваецца з выкарыстаннем новых методык і сучаснай тэхнікі. Маёнтак Чахец на Пружаншчыне ў памеры 1360 га належаў Янушу Дзяконскаму, які звярнуўся ў Міністэрства сельскай гаспадаркі з прашэннем пакінуць яму маёнтак цалкам.

Дзяконскі абяцаў аднавіць працу спіртзавода, пабудаванага яго бацькам Мар’янам Тадэвушам яшчэ ў 1911 годзе. У 1928 годзе быў пабудаваны новы малочны завод з лядоўняй для захавання сыроў.  У Беластоку Януш набыў трактар “Фардзон” за 6 121 злотых і плуг “Алівера” за 1 480 злотых. Акрамя гасподскага мураванага дома на 20 пакояў і шасці дамоў для работнікаў, у маёнтку мелася аранжарэя і гараж для машыны гаспадара і сельгастэхнікі.

Аднак, нягледзячы на станоўчыя вынікі працы камісіі, якая правярала стан маёнтка, частку свёй зямлі Дзяконскі павінен быў прадаць. Заўвагі камісіі тычыліся ляснога ўчастка “Крывуля” плошчай 895 га, з якіх было 586 га лесу, 222 га лугоў і пашы і 87 га няўжыткаў. Частка гэтых зямель (каля 150 га) падлягала парцэляцыі. У Брэсцкім архіве захаваўся дакумент – купчая, складзеная пружанскім натарыусам Уладзіславам Кавалеўскім, які сведчыць аб гэтым распродажы. Найбольшыя надзелы ў 1933 годзе купілі:  Аляхновіч Ян з урочышча Хомна – 10 га за 10 620 злотых, Валанцэвіч Вітольд з в.Ляхі – 11 га за 1 000 злотых, Круцель Нісон з Пружан – 19 га за 11 372 злотых, Мікус Мікалай з в.Чахец – 18 га за 9 1790 злотых, Хільковіч Андрэй з в.Лука Кобрынскага павета – 17 га за 9 928 злотых.

У кожнага з гэтых людзей была свая доля і свой лёс. Нехта дажыў да сталых гадоў, а некаму, як Хільковічу Андрэю, лёс наканаваў застацца навечна маладым, яму так і не давялося парадавацца ў поўнай меры жыццю, дачакацца ўнукаў, адчуць цяжар і асалоду пражытых гадоў. Дарэчы, лёс Андрэя падзяліла і яго родная вёска Лука, якую немцы спалілі, а большасць яе жыхароў, што не паспелі схавацца ў лесе, расстралялі каля мясцовай школы.

Купляючы ў Дзяконскага на заробленыя цяжкай працай у Канадзе грошы 17 гектараў зямлі, Хільковіч набыў сабе не толькі турботы і цяжкую працу, а яшчэ і людскую зайздрасць. “Жаба ела” людзей з суседніх з кавалкам яго зямлі хутароў. Ды якой зямлі?! Балота і пясчаны груд, дзе трэба было ад цямна да цямна працаваць, каб нешта з гэтага мець.

Партызаны былі нярэдкімі  гасцямі на мясцовых хутарах, паўсюдна раскіданых сярод лесу і балота. Невялікімі групамі яны наведваліся да хутаран з  мэтай атрымаць нейкую падтрымку, адпачыць пасля далёкіх пераходаў і, галоўнае, здабыць інфармацыю аб немцах.

Хутаране, дапамагаючы партызанам, добра ведалі, чым рызыкуюць. Партызаны, у сваю чаргу, таксама ўсведамлялі тую небяспеку, якую яны наклікаюць на гэтых людзей. Але ў вайны свае законы, якія патрабуюць ахвяр не толькі ад людзей, што непасрэдна трымаюць у руках зброю, але і ад мірнага насельніцтва.

Бліжэй да восені 1942 года партызаны актывізавалі сваю дзейнасць на чыгунцы. У дзённіку баявых падзей атрада імя Чкалава партызанскай брыгады “Савецкая Беларусь” у гэты перыяд адзначана: “На чыгунцы Брэст-Баранавічы на ўчастку Аранчыцы-Сасноўка пушчаны пад адхон воінскі цягнік з жывой сілай. Рух на чыгунцы прыпынены на 10 гадзін. Забіта 4 і паранена 6 немцаў. Разбіта: 1 паравоз і 8 вагонаў”. “Участак Сасноўка-Аранчыцы: пушчаны пад адхон цягнік з ваеннай тэхнікай. Рух на чыгунцы прыпынены на 12 гадзін. Разбіта: паравоз – 1, вагонаў – 10”.

Вядома, немцы не маглі не адрэагаваць на гэтыя дыверсіі. Пачаліся аблавы на партызан і рэпрэсіі супраць мірнага насельніцтва. Карным атрадам, сфарміраваным, у асноўным, з паліцэйскіх і мясцовай жандармерыі, была ачэплена ўся прылеглая да чыгункі зона. Абапіраючыся на сабраную ад рознага роду здраднікаў і “добразычліўцаў” інфармацыю, карнікі дзейнічалі не агулам, а выбарачна. Хутару Андрэя Хільковіча ўдзялілі асаблівую ўвагу. Гаспадара з гаспадыняй у хаце не было: паехалі па справах у вёску Обеч да бацькоў жонкі. У хаце заставаліся чацвёра дзяцей і наняты хлопчык-пастушок.

Найбольш дасталося старэйшай з дзяцей – Марыі, якая таксама пасільна дапамагала партызанам, цыравала ім вопратку. Дзяўчынку білі нават ботамі, дапытваючыся пра партызан. Малодшыя з дзяцей заходзіліся ў плачы ад страху і болю. Самаму малому было толькі два гадкі. Васілю і Мікалаю – на пару гадоў больш. Колю так моцна збілі кіем, што яго нават давялося адліваць вадой. Васіль Мікус — сусед па хутары — расказваў потым бацькам аб гэтых здзеках над дзецьмі.

Андрэй з жонкай Анастасіяй Дзмітрыеўнай адразу пачалі выбірацца ў Чахец, каб вызваліць старэйшую дачку, якую карнікі забралі з сабой для допыту. Ён адразу звярнуўся да вясковага солтыса — старасты, які знаходзіўся ў гэты час у будынку школы, дзе размяшчаліся немцы. Добра яшчэ, што дачка солтыса папярэдзіла Анастасію, каб уцякала і схавалася, што тая і зрабіла. Дзякуючы гэтаму дзеці не засталіся круглымі сіротамі. Андрэя ж немцы арыштавалі і разам з дачкой пратрымалі два месяцы ў пружанскай турме. Нічога ад іх не дабіўшыся, дачку як малалетнюю адпусцілі дамоў, а бацьку за дапамогу партызанам прыгаварылі да пакарання смерцю.

Сярод смяротнікаў у той партыі знаходзілася яшчэ некалькі нашых землякоў. Быў там і Цай Сяргей з Чахца. Цая арыштавалі па даносе правакатара, які выдаваў сябе за акружэнца і, ходзячы па хутарах, прасіў дапамогі. Цай, будучы чалавекам даверлівым, даў яму сала і аддаў знойдзены ў лесе пісталет, за што і быў арыштаваны.

Везлі іх у крытай машыне, у адзін толькі бок – у апошні.  Везлі да загадзя выкапанай ямы ў лесе за Слабудкай,  у якую ім, зусім яшчэ маладым, праз нейкі час прыйдзецца зваліцца. Мы можам толькі здагадвацца, пра што мог думаць Андрэй перад тым, як атрымаць пякучыя дзевяць грамаў у сваё сэрца. Напэўна, думаў, як там будзе жонка адна, з малымі дзецьмі; што ім давядзецца ўсім перажыць, перапакутаваць…

Можа, напісана што не так, то хай прабачыць мне заслужаны работнік МУС СССР Хільковіч Васіль Андрэевіч з вёскі Клятное. Гэта памяці яго бацькі, Андрэя Дзмітрыевіча, прысвечаны гэты нарыс. І ў лозунг “Нішто не забыта, ніхто не забыты” мы павінны ўнесці і сваю нейкую часцінку, бо толькі людская памяць можа быць удзячнасцю тым, хто ахвяраваў дзеля нас свае жыцці.

На здымках:

Андрэй Дзмітрыевіч Хільковіч. Помнік каля Слабудкі.

Віктар РАЧКО. Фота Сяргея Купцэвіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *