Пятница, 18 апреля 2025

Стреляли по знакам, а попали в лося?

1 132

Чаго толькі ні просіць душа, падагрэтая алкаголем! Два Міколы — Раманчук і Краўчук, Аляксандр Шурын (усе яны былі на падпітку) і з імі Міхаіл Зубеня вырашылі… пастраляць у дарожныя знакі. Відаць, менавіта таму і паклалі ў аўтамабіль паляўнічую стрэльбу і фару-шукальнік. Выехаўшы на аўтадарогу, аматары вострых адчуванняў пачалі асвятляць яе і ўскраек лесу ў пошуках тых самых знакаў. Аднак тут у іх поле зроку, як на бяду, трапіў лось. Хлопцы некалькі разоў стрэлілі ў яго праз адчыненую фортку аўтамабіля. Вялікі звер, як падкошаны, упаў у снег. Тут жа, у лесе, туша была разабрана.

Браканьерства здарылася 20 лютага на тэрыторыі 44 квартала Бярозаўскага лясніцтва Пружанскага лясгаса, які прымыкае да аўтадарогі на Ружаны. «Стралялі па знаках», а дакладней, палявалі сябрукі без належнага на тое дазволу, у забаронены час, у дадатак з выкарыстаннем механічнага транспартнага сродку, якім з’яўляецца аўтамабіль «Аўдзі», належачы Аляксандру Шурыну.

Гэтыя стрэлы ў начным лесе аказаліся для іх «залатымі». Прыйшлося кампенсаваць урон, нанесены лясгасу, які склаў 3,325 мільёны рублёў, і аплаціць судовыя выдаткі. Улічваючы, што абвінавачваемыя ўпершыню прыцягваліся да крымінальнай адказнасці, чыстасардэчна раскаяліся ва ўчыненым і добраахвотна кампенсавалі страты, суд прыгаварыў усіх чатырох да аднаго года пазбаўлення волі без прывядзення назначанага пакарання ў дзеянне, калі на працягу года асуджаныя не ўчыняць новага злачынства.

Стрэльбы (у тым ліку і тыя, якія захоўваліся ў браканьераў дома), порах і патроны да іх, фара-шукальнік, ласінае мяса, а таксама аўтамабіль, на якім браканьерства было ўчынена, канфіскаваны ў даход дзяржавы. Праўда, аўтамабіль знаходзіцца ў Расіі і прыгавор наконт яго пакуль яшчэ не прыведзены ў выкананне.

Бярозаўскае лясніцтва справядліва лічыцца самым багатым у раёне на дзічыну. Праязджаючы па шашы Пружаны-Ружаны, на гэтым участку даволі часта на ўзбочыне  альбо на самой дарозе можна сустрэць велічнага лася, ці стройную казульку. На такую прыгажосць прыемна палюбавацца.
Але, як бачым, знаходзіцца рука, якая паднімаецца, каб страляць…
Ганна Хадаровіч.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *