Вторник, 21 января 2025

Страйкбол пришел в Пружаны!

2 792

Зараз у раёне пад патранажам аддзела па справах моладзі ствараецца новы ваенна-патрыятычны клуб «Пілоты», які аб’яднае жадаючых займацца страйкболам.

Cтрайкбол — ваенна-тактычная гульня, у якой выкарыстоўваюцца пнеўматычныя аналагі сучаснай зброі. Стральба вядзецца невялікімі пластыкавымі шарыкамі. Галоўнае правіла — ігракі самі пры-знаюць, што ў іх патрапіў шарык. На англійскай       мове гэта гульня называецца — airsoft sport. Назву «страйкбол» прыдумалі рускія.

У нашай краіне ёсць рэспубліканскае спартыўнае грамадскае аб’яднанне «Страйкбол» — афіцыйная арганізацыя, якая мае выразную іерархію, адказных асоб і фінансаванне. Таму для РСГА «Страйкбол» магчымы мерапрыемствы, якія не пад сілу розным нефармальным суполкам.
НЕАФІЦЫЙНА страйкбольнае аб’яднанне дзейнічае ў нашым горадзе каля года. У рэспубліцы адпаведны рух існуе звыш дзесяці гадоў і мае звыш трох тысяч прыхільнікаў. Як гаворыць адзін з заснавальнікаў раённай суполкі Дзмітрый Зайкоў, зараз у ёй налічваецца каля дваццаці чалавек.

— Аднойчы мне разам з сябрамі ўдалося пабачыць на штогадовыя рэспубліканскія спаборніцтвы страйкбалістаў, і мы загарэліся ідэяй стварыць сваю каманду,— расказвае ён.— «Чапляе» страйкбол па-сапраўднаму, бо гэты  мужчынскі адпачынак нельга параўноўваць з іншымі задавальненнямі.

Цяпер апантаныя гэтым відам спорту людзі ў вольную хвіліну збіраюцца разам, выязджаюць за горад у пошуках прыгодных для правядзення трэніровак мясцін. Недасведчаным людзям, якія параўноўваюць страйкбол з пейнтболам, трэба ведаць некаторыя істотныя адрозненні. Страляніну фарбамі па-іншаму называюць яшчэ «паркетнай» гульнёй, бо выкарыстоўваемая ў ёй зброя патрабуе невялікай адлегласці паміж спартсменамі. У выніку галоўную ролю ў пейнтболе адыгрывае толькі рэакцыя і хуткасць. У страйкболе патрэбны большыя адлегласці, тут на першы план выходзяць тактыка, уменне арганізаваць рух групы, камандныя здольнасці. Паміж «салдатамі» аднаго атрада неабходна радыёсувязь.

— Многія думаюць, што страйкбол — гульня па падрыхтоўцы салдат. Але гэта далёка не адпавядае рэчаіснасці. Мы не вучымся ваяваць для вайны, мы рэканструіруем баявыя дзеянні для таго, каб змагацца з баязлівасцю і здрадай.

Безумоўна, можна правесці паралелі паміж страйкболам і адпаведнымі камп’ютарнымі «стралялкамі»: вядомы выпадкі, калі падлеткі, перагружаныя адрэналінам пасля такіх гульняў, выносілі сваю агрэсію на вуліцы. Аднак такую выснову, як зазначаюць удзельнікі трэніровак, могуць зрабіць толькі тыя, хто ні разу не ўдзельнічаў у спаборніцтвах. Страйкбол — гульня сяброў, а не ворагаў.

МЯРКУЕЦЦА, што  новы ваенна-патрыятычны страйкбольны клуб «Пілоты», як і дзеючы цяпер «Беркут», аб’яднае пад сваімі крыламі многіх людзей.

— У час трэніровак мы знайшлі выдатнае месца для стварэння страйкбольнага палігона,— лічаць удзельнікі суполкі.— Каля вёскі Залессе, на землях, дзе раней размяшчалася вайсковая часць,  можна пабудаваць выдатную пляцоўку, прыгодную нават для правядзення чэмпіянатаў.

Магчыма, таму і вырашылі аматары новага руху займець афіцыйны статус. Справа ў тым, што былы ваенны гарадок зараз толькі псуе пейзаж, паціху нішчыцца прыродай і людзьмі.  Страйкбалісты мараць дабіцца дазволу на замацаванне за клубам гэтай тэрыторыі, закансерваваць неабходныя аб’екты, стварыць усе патрэбныя ўмовы. І пры гэтым разлічваюць толькі на ўласныя сілы і сродкі, не патрабуючы матэрыяльнай падтрымкі ад дзяржавы.

СТРАЙКБОЛ для нашай краіны — новы від спорту, які яшчэ не стаў масавым. Таму складана набыць неабходную амуніцыю. Напрыклад, у Брэсце спецыяльныя прылады можна знайсці толькі ў адной краме. Улічваючы гэта, можна здагадацца і пра высокі кошт зброі і адзення страйкбаліста. Але ўсе выдаткі потым акупяцца неаднаразова добрым настроем, здароўем, новымі знаёмствамі і сяброўствам.
Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *