Четверг, 19 июня 2025

Степан Адамчук встретил 80-летие за рычагами экскаватора

2 116

Сцяпан Міхайлавіч Адамчук ¬— чалавек-легенда. У свае восемдзесят гадоў ён працягвае працаваць машыністам экскаватара ў ДУВП «Пружанскае ПМС» на старэнькім экскаватары-драглайне ЭО-4112.
Пра гісторыю асушэння балот на Пружаншчыне дакладней за ўсіх можа расказаць менавіта Сцяпан Міхайлавіч. З непасрэдным удзелам меліяратара на месцы былых непраходных балот пракладзены прамыя стужкі каналаў. Экскаватаршчык і цяпер памятае ўсё да драбніц.

Хутка споўніцца паўстагоддзя, як Адамчук каўшом экскаватара пачаў адлік кіламетражу сваіх каналаў у нашым раёне. А да гэтага ж была яшчэ праца на меліярацыйных аб’ектах Кобрынскага і Брэсцкага раёнаў. Агульны стаж работы Сцяпана Міхайлавіча налічвае 55 гадоў. Колькі за гэты час пракладзена каналаў, ён спецыяльна не падлічваў.

«Глубанец», «Дзікі Нікар», «Дахлаўка», «Выдранка», «Вярхоўе Ясельды» — асноўныя меліярацыйныя аб’екты, дзе давялося працаваць экскаватаршчыку. А пра тое, як працаваў гэты чалавек, сведчаць яго ўрадавыя ўзнагароды: уручаныя ў 1971 годзе ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, у 1986 — ордэн Леніна. Адамчук адзначаны медалямі «За доблесную працу» і «Ветэран працы», а таксама шматлікімі граматамі, грашовымі прэміямі і каштоўнымі падарункамі.

Нягледзячы на свой сталы ўзрост, Сцяпан Міхайлавіч Адамчук штогод выконвае  планавыя заданні на 105-130%. Ветэран аказвае вялікую дапамогу маладым механізатарам у авалоданні прафесіяй, дзеліцца вопытам з калегамі і карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у працоўным калектыве.
Апошнім часам Сцяпан Міхайлавіч працуе на рэканструкцыі меліярацыйнага аб’екта «Вінец» на тэрыторыі ААТ «Айчына».

Днямі ў актавай зале ДУВП «Пружанскае ПМС» сабраўся ўвесь працоўны калектыў. Ушаноўвалі Сцяпана Міхайлавіча Адамчука, якому споўнілася 80 гадоў. У адрас юбіляра было сказана шмат цёплых слоў і пажаданняў. Грамату Дэпартамента па меліярацыі і воднай гаспадарцы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь уручыў Сцяпану Міхайлавічу дырэктар ДУВП «Пружанскае ПМС» А.А.Шахновіч. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплекса С.С.Лаўрыновіч уручыў імянінніку грамату галіновага абкама прафсаюза. Ну, і, безумоўна, былі каштоўныя падарункі.

Доўгіх Вам гадоў жыцця, шаноўны юбіляр!

Мікола Архуцік, Аляксандр Мелеш  (фота).

НА ЗДЫМКУ: грамату Дэпартамента па меліярацыі і воднай гаспадарцы ўручае С.М.Адамчуку дырэктар ДУВП «Пружанскае ПМС» А.А.Шахновіч.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *