Воскресенье, 8 декабря 2024

Спустя 30 лет вернулись в юностью выпускники совхоза-техникума

2 122

30-годдзе Маскоўскай Алімпіяды для выпускнікоў аддзялення механізацыі сельскай гаспадаркі Пружанскага саўгаса-тэхнікума (група 58) супала з 30-годдзем заканчэння імі навучальнай установы.

ПРАХОЖЫЯ на вуліцы Маякоўскага 17 ліпеня сталі сведкамі неардынарных паводзін самавітых мужчын, якія  кідаліся адзін аднаму ў абдымкі. Не дзіўна: сярод іх былі і такія, хто не бачыўся на працягу ўсіх гэтых 30 гадоў.  Нямала намаганняў прыйшлося прыкласці запрошаным на сустрэчу былым выкладчыкам, каб у сталых мужчынах пазнаць тагачасных Ваню, Пецю, Дзіму…
Экскурсія па навучальных аўдыторыях, кабінетах, лабараторыях, майстэрнях узмацніла настальгічныя пачуцці па далёкіх часах, якія кавалі з 15-гадовых вясковых хлапчукоў годных  мужчын, добрых спецыялістаў.

Працягам сустрэчы стаў своеасаблівы «круглы стол» у музеі Перамогі паміж былымі навучэнцамі, былымі  кіраўнікамі тэхнікума і цяперашнім кіраўніцтвам каледжа. Месца зносін было абрана не выпадкова. За актыўны ўдзел у зборы матэрыялаў і афармленні экспазіцыі музея Перамогі менавіта 58-я група была ўзнагароджана ў далёкім 1979 годзе паездкай у Маскву, дзе сустракалася ў Зорным гарадку з двойчы Героем Савецкага Саюза касманаўтам Пятром Клімуком і сфатаграфавалася ля сцяга Перамогі ў Цэнтральным музеі Савецкай арміі.
З цікавасцю выслухалі інфармацыю намеснікаў дырэктара каледжа  А.В.Дразда і А.Р. Апарынай пра сённяшнія навучальна-педагагічныя дасягненні і праблемы, паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Кіраўніцтва каледжа цікавілася ў былых выпускнікоў, якія цяпер кіруюць сельскагаспадарчымі таварыствамі, магчымасцямі праходжання вытворчай практыкі і размеркавання на працу цяперашніх навучэнцаў.

Час ляцеў, а струмень успамінаў не вычэрпваўся. Успомнілі і пра ўдзел у механізаваным студэнцкім атрадзе ў калгасе «Расія» Брэсцкага раёна, дзе пасля ўборкі збожжавых нас папрасілі падоўжыць дамову яшчэ на перыяд уборкі бульбы. Тым самым мы сталі ўдзельнікамі рэспубліканскага семінара па распаўсюджанні Іванаўскага метаду ўборкі бульбы. Для нас гэты семінар быў важны яшчэ і тым, што ініцыятарам метаду быў першы сакратар Іванаўскага райкама партыі Васіль Іванавіч Борыс — былы дырэктар Пружанскага саўгаса-тэхнікума.
І гэта не адзіны выпадак перапляцення лёсаў выпускнікоў тэхнікума з легендарнымі асобамі. Узяць тую ж сустрэчу ў Зорным з Пятром Клімуком: удзельніку  яе Віктару Васільевічу Ніканчуку цяпер даверана кіраўніцтва адной з найбуйнейшых у рэспубліцы птушкафабрык, якая будуецца на радзіме касманаўта ў вёсцы Камароўка.

Безумоўна, займанню высокіх пасад кіраўнікоў папярэднічала паспяховая вучоба былых выпускнікоў тэхнікума ў розных вышэйшых навучальных установах краіны. Але, як вядома, прыярытэтам у педагагічным працэсе з’яўляецца выхаванне агульначалавечых якасцей. Што і прагучала лейтматывам у выступленнях былога намесніка дырэктара па навучальнай рабоце В.А.Гаўрыловіча, былога загадчыка аддзялення механізацыі В.М.Сушанкова, былога намесніка дырэктара па вытворчасці П.П. Круглея. Педагагічны калектыў заўсёды імкнуўся стварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця асобы. У нас працавалі гурток радыётэлеграфістаў, розныя спартыўныя секцыі, танцавальны  і музычныя калектывы (духавы аркестр наогул быў шырока вядомы ў гора-дзе), вялася ваенна-патрыятычная і шэфская работа в дубне, арганізоўваліся шматлікія паходы і паездкі…  Як ні дзіўна гучыць для цяперашняга пакалення настаўнікаў, але гэтая тытанічная праца вялася бясплатна. Як вынік, усе былыя выпускнікі сталі дастойнымі грамадзянамі.

У выніку сустрэчы з уласным юнацтвам экспазіцыя музея папоўнілася карцінай, на якой паставілі свае подпісы ўсе яе ўдзельнікі.
Алег ВЕРБАВІКОЎ.

НА ЗДЫМКАХ: год 1979, сустрэча з касманаўтам П.Клімуком; год 2010, сустрэча з юнацтвам.

Фота з архіву аўтара і Аляксандра МЕЛЕША.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *