Вторник, 18 февраля 2025

Список литературы на лето: читать или не читать?

2 404

Стаю ў чарзе. Час бяжыць, а я ўсё на адным месцы. Яшчэ было б зразумела, калі б у краме стаяла, а то ў бібліятэцы!

«Пробкі» ствараюць… спісы літаратуры на лета, з якімі прыйшлі многія чытачы.

Пазашкольнае чытанне — з’ява, вядомая кожнаму школьніку. Напрыканцы навучальнага года атрымліваеш гэты спіс і думаеш: чытаць ці не чытаць? Пытанне спрэчнае. Разумееш, што патрэбна развівацца, што кнігі дапамагуць сфарміраваць светаўспрыманне, павышаюць адукаванасць. Ды і калі прачытаеш цяпер, то потым, на працягу навучальнага года нагрузка зменшыцца. Але ж усё роўна кнігу дэталёва не запомніш, потым прыйдзецца зноў перагортваць старонкі, успамінаць, перачытваць… Дык ці варта чытаць? Спытаемся ў спецыялістаў.

Наталля Канстанцінаўна Супруновіч, дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М. Засіма:

— Спіс літаратуры на лета — гэта добра, ён арганізуе, дысцыплінуе, вучыць праві-льна размяркоўваць вольны час. Тым больш, што кніга ўплывае на ўзровень культуры і пісьменнасці, узбагачае лексічны запас для больш лёгкіх зносін з людзьмі. Мы не аднойчы сутыкаемся з праблемай, калі падлетак прыходзіць і не можа словамі выказаць тое, што яму патрэбна. Але чытанне — гэта праблема апошніх гадоў: цяпер  моладзь чытае мала, не тое, што раней.

— Калі і чытаюць, то найбольш «бульварныя» раманы, якія лягчэй успрымаюцца, класіку мала хто просіць, — дадае бібліятэкар абанементнага аддзела Алена Анатольеўна Вайцяхоўская. — Гэта тычыцца старшакласнікаў. Малодшыя школьнікі чытаюць больш ахвотна.

Дарэчы, толькі за ліпень раённую бібліятэку наведала 445 маладых людзей, з якіх 184 — студэнты ВНУ, 123 — навучэнцы сярэдніх навучальных устаноў, 138 — вучні агульнаадукацыйных школ…

Вольга Фёдараўна Дзімітруковіч, дырэктар раённай дзіцячай бібліятэкі:

— Спіс літаратуры на лета патрэбен. Калі дзіця не прымушаць, яно ніколі па сваёй волі не сядзе чытаць. Магчыма, гэта і навязванне, але калі так не рабіць, дзеці ўвогуле перастануць чытаць.

— Са спісамі часта прыходзяць мамы ці бабулі. І мы імкнемся задаволіць попыт, — дапаўняе бібліятэкар Га-ліна Адамаўна Чулец.

— Акрамя таго, самі складаем спісы пазашкольнага чытання. У аддзеле адукацыі звяраем іх з праграмай, а калі не маем нейкіх кніг, замяняем на падобныя. Чытаць кнігі, безумоўна, патрэбна, асабліва вучням малодшых класаў. Некаторыя дзеці, калі доўга не чытаюць, пачынаюць пісаць з памылкамі і нават з нахілам у іншы бок…

Людміла Сяргееўна Кашуба, загадчыца філіяла №5 гарадской бібліятэкі:

— Безумоўна, спісы кніг патрэбны. Але ж не настолькі вялікія! Да таго ж, хацелася б, каб настаўнікі прапаноўвалі не канкрэтныя творы, а проста называлі аўтараў. Трэба разумець, што праграма некалькі змяняецца, і задаволіць попыт іншы раз мы не маем магчымасці.

І пажадана, каб, акрамя безумоўнай карысці для сябе, школьнікі атрымлівалі нейкія ўзнагароды ад настаўнікаў за прачытаныя кнігі са спіса.

Маленькія шкаляры яшчэ цікавяцца кнігай, а старшакласнікаў больш цікавіць інтэрнэт. Альбо прыходзяць і просяць скарочаны варыянт твору. Прайшлі тыя гады, калі па Купера ці Дзюма стаяла цэлая чарга.

Святлана Валер’еўна Хвясюк, настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №3:

— Я ўжо каторы год не прапаноўваю дзецям на лета літаратуру. У старэйшых класах яшчэ магу папрасіць, каб прачыталі адзін-два вялікія творы, а ў малодшых нават не намагаюся. Зараз не такая праграма, як раней. Цяпер творы не чытаюць цалкам, толькі некалькі раздзелаў на выбар. Таму няма сэнсу марнаваць дзецям летні адпачынак. Усё адно драбніцы не запамінаюцца, на тэхніку чытання ў старэйшых класах гэта ўжо не ўплывае, на памяць таксама — чытаюць жа «па дыяганалі». Тым больш, што час на вывучэнне беларускай, ды і рускай літаратур скарацілі да адной га-дзіны ў тыдзень. Гэтага дастаткова, каб прачытаць адзін твор. Толькі тым, каму літаратура будзе патрэбна потым, для экзамена, я магу парэкамендаваць тыя ці іншыя творы.

Таццяна Юр’еўна Гаманчук, маці другакласніка:

— Кнігі на лета патрэбны. Гэта адназначна. Спачатку яны дапамагаюць адпрацаваць тэхніку чытання. А потым ужо вучаць запамінаць і разумець тое, што чытаеш. Мы спачатку чыталі, не асэнсоўваючы, аб чым ідзе гаворка, а цяпер ужо ўмеем пераказваць прачытанае…

Стаю ў чарзе ў бібліятэку. Асабіста я ў карысці кнігі ніколькі не сумняваюся і сёння вырашыла не адкрываць сацыяльную сетку, а пачытаць Шэкспіра ці Талстога…

Алеся Шумовіч

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *