Дасылайце фотаздымкі і пісьмы на адрас: г.Пружаны, вул.Чырвонаармейская, 78, рэдакцыя газеты «Раённыя будні». Можна скарыстацца і электроннай поштай: RRBud2@brest.by.
Больш падрабязную інфармацыю наконт праекта можна атрымаць у Ганны Хадаровіч па тэл. 9-15-02.
ІВАН НІКІФАРАВІЧ Басак (1909 — 1944), В.СМАЛЯНІЦА
Тату забралі на вайну пасля вызвалення Пружаншчыны. Мне ішоў толькі пяты год, але я памятаю пра ўсё вельмі выразна. Тата быў майстрам на ўсе рукі: пчаляром — у нас ніколі не пераводзіўся мёд, цесляром — ён сваімі рукамі пабудаваў для сям’і дом. Нас ў яго было трое. Але калі тата ішоў ваяваць, мама была цяжарнай. Жанчыны са Смаляніцы павезлі сваім мужам хлеб на дарогу. А наша любая мамачка не магла з імі зыйсціся і адстала. Калі яна дабралася да станцыі, састаў ужо адправіўся. Мама вельмі гаравала, што не здолела перадаць хлеб.
А 15 сакавіка 1945 года нарадзілася мая малодшая сястрычка. Толькі таты ў гэты час ужо не было ў жывых. Як высветлілася потым, ён загінуў 28 жніўня 1944-га…
Тады мы атрымалі паведамленне пра тое, што «ваш муж і бацька Іван Нікіфаравіч Басак прапаў без вестак». Спачатку чакалі, спадзяваліся, што тата знойдзецца і вернецца да нас,— вярталіся ж некаторыя прапаўшыя мужчыны…
Але ў 1989 годзе трапіў мне ў рукі нумар газеты «Комсомольская правда» за 21 ліпеня і ў ім артыкул польскага пісьменніка, палкоўніка Яна Пшыманоўскага з паведамленнем, што адшукваюцца салдаты, загінуўшыя пры вызваленні Польшчы, і каб адгукнуліся тыя, каму вядомы прозвішчы гэтых герояў. Я напісала тры пісьмы: у Чырвоны Крыж, у маскоўскі архіў і самому аўтару гэтага артыкула. Амаль адразу прыйшоў адказ ад Яна Пшыманоўскага. У ім паведамлялася, што на самой справе наш тата загінуў 28 жніўня ў баі пад Пулавамі і пахаваны ў брацкай магіле ў мястэчку Гарвалін Седлецкага ваяводства Рэспублікі Польшча, у 65 кіламетрах ад Варшавы.
У 1990 годзе мы, тры сястры, пабывалі на брацкай магіле, дзе назаўсёды застаўся наш татачка. Усклалі кветкі, высыпалі жменьку роднай смаляніцкай зямліцы. Настаўніца вадзі-ла нас па могілках, расказвала, як старанна даглядаюць брацкую магілу польскія школьнікі.
Мы бачылі вялікае поле пад польскімі Пулавамі, дзе адбыўся апошні татаў бой. Палячка, сведка тых падзей, расказвала, як гарэла на ім зямля ад мін і снарадаў, а ўсё поле было чырвоным ад крыві. Тата быў камандзірам і, безумоўна, ішоў наперадзе наступаючых. Яго лепшы сябар і зямляк са Смаляніцы Мікалай Дзевянцейчык, які ваяваў разам з ім, расказваў, як тата аглянуўся на хаду і крыкнуў яму: «Коля, у цябе на галаве кроў!» Ён клапаціўся аб сябрах, а сябе не збярог, назаўсёды застаўся ляжаць паміж Бугам і Одэрам. Аддаў сваё жыццё, каб вызваліць польскі народ ад фашысцкага рабства. У знак пашаны і памяці імя татынесена ў другое выданне польскай кнігі «Памяць».
Тата ваяваў нядоўгі час. Мы беражліва захоўваем яго апошняе пісьмо, датаванае 24 жніўня 1944 года. З хвалюючым паведамленнем, што жывы і здаровы, сардэчнымі прывітаннямі землякам, расказам, што разам з ім змагаюцца з заклятым ворагам шмат знаёмых са Смаляніцы і навакольных вёсак, што хутка яны з перамогай прыедуць дахаты… Сапраўды, татавы аднапалчане Васіль Карпыза, Мікалай Дзевянцейчык, Сяргей Басак, Фёдар Шугай, Сяргей Пракаповіч, Мікалай Сідаровіч, хоць многія і пакалечаныя, але вярнуліся. Праўда, і яны не дажылі да светлага сёлетняга юбілею Вялікай Перамогі.
Усе яны — нашы героі. Вечная ім памяць і нізкі паклон да самай матухны-зямлі ад іх удзячных нашчадкаў.
Паліна СЕВАСЦЯНЧЫК.