Воскресенье, 20 апреля 2025

Спецпроект «РБ»: Этот день мы приближали, как могли

1 204

Дасылайце фотаздымкі і  пісьмы на адрас: г.Пружаны, вул.Чырвонаармейская, 78, рэдакцыя газеты «Раённыя будні».   Можна скарыстацца і электроннай поштай: RRBud2@brest.by.
Больш падрабязную інфармацыю наконт праекта можна атрымаць у Ганны Хадаровіч па тэл. 9-15-02.
Іван Рыгоравіч МАРТЫСЕВІЧ (1909 — 1971), В.РОЎБІЦК
У год майго нараджэння Вялікая Перамога адзначалася толькі ў пяты раз. Спачатку мне было вельмі цяжка зразумець слова «вайна». «Што гэта?» — пыталіся мы, дзеці, мацаючы пальцам невялікі шрам-рубец на спіне бацькі, пад левай лапаткай. Уздыхнуўшы, тата тлумачыў: «Гэта, дзеткі, вайна…»

На наступны дзень, у каторы ўжо раз перабіраючы бацькавы медалі (дарэчы, гэта былі найлепшыя цацкі для дзятвы таго часу), я зноў чула слова «вайна». Вайна была вінавата ў тым, што дзядзька Косця ходзіць на драўлянай кульці, а цётка Маня — «салдатка» і дагэтуль з надзеяй выглядае вясковага паштальёна… З-за вайны мы не маглі ўдосталь наесціся нават хлеба. А яшчэ вайна забрала з вёскі многа дзядзькоў, і яны там прапалі.

Я ніяк не магла зразумець, чаму ўсе лічаць вайну страшнай пачварай, калі яна ціхенька сядзіць пад скурай на спіне бацькі.

Такія, як мой тата, 1909 года нараджэння  радавы Іван Рыгоравіч Мартысевіч, вярталіся ў 1945-ым у кожны трэці двор. У кожны чацвёрты прыходзіла пахавальная альбо яшчэ страшнейшая паперка «…прапаў без вестак». Але, вярнуўшыся з франтоў, былыя салдаты (і мой тата — таксама) зноў аказваліся на перадавой: будавалі зямлянкі, дамы, сеялі збожжа, касілі…  Хваліцца сваім гераічнымі ўчынкамі ім не было часу. І мы, вясковая дзятва, нават не здагадваліся, што побач з намі таксама жывуць героі. Мы ганарыліся і хацелі быць падобнымі на Гастэлу, бацьку Міная, Зою Касмадзям’янскую, Марэсьева…
Т

ата часта ўспамінаў розныя франтавыя эпізоды, але звычайна з гумарам. І хаця ён лічыўся здатным расказчыкам, мне гэта было не вельмі цікава. Разуменне прыйшло, калі сама пасталела. Але жыццё тады здавалася такім доўгім. Я была ўпэўнена, што яшчэ хопіць часу, каб паслухаць, запісаць…

У 1971-ым таты не стала. Па сённяшні дзень дакараю сябе, што не знайшла хвілінкі, каб распытаць, выслухаць яго ўспаміны, што не магу цяпер пераказаць іх сваім дзецям і ўнукам. А нядаўна з жахам заўважыла: не засталося і бацькавых фотаздымкаў. І толькі некаторыя фрагменты яго аповедаў выдае мне памяць дзяцінства.

…ЛЕТАМ 1944-га вёска адпраўляла сваіх мужчын на фронт. Перад маёй маці стаў няпросты выбар: ці праводзіць мужа за сяло, дзе яго і іншых аднавяскоўцаў чакала аўтамашына, ці застацца дома каля моцна хворага дзіцяці. Адправіўшы свайго Івана, мама бегла дахаты і крычала, як параненая птушка. Але яна спазнілася: дзяўчынка ўжо не дыхала. А праз два-тры дні ваўкі выцягнулі з хлеўчыка і загрызлі падсвінка, і вецер сарваў паўстрахі з нашай хаткі…  Ёй здавалася, што жыць ужо няма сілы. Але быў яшчэ маленькі сын, была маладосць, здароўе і надзея на лепшае.

…АПОШНЯЯ ваенная зіма была вельмі суровай. Вайсковая часць, у якой ваяваў бацька, спынілася пад Лугай. Ноч. Мароз і вецер. Да касцей прамёрзлы і галодны тата стаяў вартавым ля бочак з гаручым. Вось-вось яго павінны былі змяніць, але тут праз дзірку ў плоце праціснулася хударлявая жанчына. І папрасіла хоць бутэльку газы для лямпы. Узамен яна паказала з-за пазухі акраец хлеба. Сама плача: мужа забілі ў 41-ым, у сям’і сем чалавек… «За паў- літра газы не расстраляюць»,— падумаў тата і, хуценька адкруціўшы ў бочцы крышку, пачаў запаўняць бутэльку. Крышка ўпала ў снег, пальцы ўмомант задубелі,  перасталі слухацца, а яшчэ хваляваўся, спяшаўся. Па-спрабаваў закрыць дзірку далоняй — ледзяны струмень пацёк у рукаў шыняля. Здавалася, яшчэ адно імгненне і бочка апусцее. Перапалоханая жанчына знікла разам з тым жаданым акрайцам хлеба. «Ну, вось і канец тваёй службе, Іван,— падумаў бацька.— Цяпер ужо, пэўна, расстраляюць…» На яго шчасце прыйшла змена, і байцы дапамаглі справіцца з той бочкай. Тату, вядома ж, пакаралі, але ён працягваў ваяваць.

…ВЯСНА 1945-га. Цяжкі бой перад Прагай. Узвод атрымаў заданне любой цаной знішчыць варожага кулямётчыка, які стрымліваў наступленне. У акопе шэсць чырвонаармейцаў. «Наперад!» — гучыць голас камандзіра. А як наперад, калі ў адказ на спробу высунуць галаву адразу трашчыць кулямёт ці ціўкае куля снайпера. Праз колькі часу ў акопе засталося толькі два байцы.

— Прыйшла мая чарга,— успамінаў потым бацька.— Перахрысціўся і ў думках ужо развітаўся з роднымі, узяў у руку гранату. І тут убачыў, як камандзір пачаў павольна асядаць на зямлю, як з-пад яго пілоткі пацякла кроў. Потым стала ціха. Напэўна, немцы вырашылі, што ўсе знішчаны…
Рана камандзіра аказалася не смяротнай, і хутка яны разам святкавалі Перамогу ў Празе. Яшчэ тата расказваў, як сустракалі іх чэхі,— няслі хлеб, віно, кветкі, гучалі музыка і смех (а зараз, каб слухаць музыку, можна купить mp3 плеер в москве).

На жаль, толькі некалькі разоў атрымаўшы пенсію па ўзросту, мой бацька цяжка захварэў. Мо тая «вайна» з левага боку дала знаць аб сабе, а мо проста Бог адмерыў яму такі нядоўгі шлях. Паміраючы,  тата гаварыў: «Чаму так? Колькі разоў на фронце смерці ў вочы глядзеў, ад голаду ледзь не памёр у акружэнні. Цяпер, здаецца, толькі жыць пачаў… Такое цікавае жыццё пачынаецца, а паміраць трэба…»

Калі Марк Бернэс спяваў «Журавы», ён прасіў гучней уключыць радыё.

39 разоў ужо адляталі журавы без таты. Кожны раз яны забіраюць з сабой душы новых і новых ветэранаў Вялікай Айчыннай. Толькі трое з іх засталіся ў нашым Роўбіцку — з усіх тых, хто прайшоў вогненнымі дарогамі вайны і вярнуўся дахаты ў 45-ым. Каб ніхто і ніколі не змог перакрэсліць сапраўднае значэнне Вялікай Перамогі, давайце прыслухаемся да іх успамінаў. Ім ёсць аб чым расказаць, каб новымі старонкамі папоўніць народны альбом Перамогі.

Алена РАМАНОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *