Вторник, 21 января 2025

Спецпроект «РБ»: Этот день мы приближали, как могли

1 599

Дасылайце фотаздымкі і  пісьмы на адрас: г.Пружаны, вул.Чырвонаармейская, 78, рэдакцыя газеты «Раённыя будні».      Можна скарыстацца і электроннай поштай: RRBud2@brest.by.
Больш падрабязную інфармацыю наконт праекта можна атрымаць у Ганны Хадаровіч па тэл. 9-15-02.

Міхалай Іванавіч УЛЕЗЛА (1904 — 1973), в. Белы Лясок
ДЗМІТРЫЙ РЫГОРАВІЧ Такарэўскі (1910 — 1945), Г.ПРУЖАНЫ
Менш месяца засталося да найвялікшага свята — 65-ай гадавіны Перамогі. На жаль, да яго не дажылі мільёны людзей. Сярод іх і мой дарагі татачка Мікалай Іванавіч Улезла.

У 20-ыя гады, яшчэ пры панскай Польшчы, Мікалай Іванавіч са сваім бацькам працаваў у Белавежскай пушчы на вывазцы драўніны. Быў актывістам, удзельнічаў у забастоўцы лесарубаў і возчыкаў лесу ў 1932 годзе, якая стала самай знамянальнай падзеяй рэвалюцыйнай барацьбы на Пружаншчыне. За  падпольную
работу быў арыштаваны і пасаджаны ў Беластоцкую турму. Нягледзячы на катаванні, тата праявіў вялікую мужнасць і застаўся верным сваім перакананням.

З прыходам Чырвонай Арміі ён стаў актыўным будаўніком Савецкай улады. Працаваў начальнікам лесаўчастка ў мястэчку Чола (цяпер Польшча).

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, нашу сям’ю (дзядулю з бабуляй, маму, тату і трое малых дзяцей) разам з іншымі аднавяскоўцамі адвезлі ў Антопальскі раён — далей ад пушчы. Вёску Ківачына потым спалілі, а ў Белым Ляску ў будынку лясніцтва атабарыліся немцы.

Мы жылі на хутары. І тата хутка наладзіў сувязь з партызанамі атрада «Сцяг» Брэсцкага злучэння. А ў канцы 1942 года і сам пайшоў у атрад. Мне было 9 гадоў, і я добра памятаю, як плакала мама, калі ён развітваўся з намі. Тата наказваў: «Глядзі малых, я вярнуся з перамогай!» Вучыў маму: «Калі што, разбягайцеся ў розныя бакі, так, магчыма, хоць хто-небудзь застанецца ў жывых…»

Мая старэйшая сястра Ліна хітрая была, многае ведала і часта расказвала нам з мамай: там партызаны ўзарвалі мост, там забілі фашысцкага паліцая… Мама войкала і хрысцілася. А мне нават пасля вайны яшчэ доўга снілася, што мы ўцякаем ад немцаў у лес, і яны страляюць наўздагон…

Тата быў разведчыкам. Пасля вызвалення раёна родныя расказвалі, як аднойчы ён прыходзіў і да сваёй це-шчы ў Хвалава. Тая вельмі спалохалася: у вёсцы гаспадараць немцы, а тут — партызаны. А дома ён быў толькі адзін раз за амаль два гады знаходжання ў атрадзе… Ужо потым мы даведаліся, што ў адным з баёў тата быў паранены ў нагу. Ён мала што нам расказваў,— стараўся не хваляваць нас падрабязнасцямі.
За мужнасць, праяўленую ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, Мікалай Іванавіч Улезла быў узнагароджаны медалём «Партызану Вялікай Айчыннай вайны» другой ступені.

Калі Пружанскі раён вызвалілі ад фашысцкіх акупантаў, тата працаваў у Картуз-Бярозе на нарыхтоўцы драўніны, потым лесніком у Белавежскай пушчы і Хойніцкім лясніцтве. Ён быў добрым, працавітым. Старанна вучыў усяму і нас, дачок. Дзякуючы тату, я і цяпер магу скасіць траву ці пустазелле ў сваім двары…

Мы вельмі любілі спяваць. А тата, бывала, сядзе побач: «Давайце, дзяўчаты, пра бярозы ды сосны…» Безумоўна, мы не пярэчылі…

Мой свёкар Дзмітрый Рыгоравіч Такарэўскі таксама ваяваў за набліжэнне светлага дня Вялікай Перамогі. Ён загінуў 24 студзеня 1945 года і пахаваны ў Германіі…
Яўгенія ТАКАРЭЎСКАЯ, г.Пружаны.

Фота з сямейнага  архіву: М.І.Улезла з сябрамі.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *