Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны мы пабывалі на заставе «Хвойнікі». Пра тое, як нала-джана ахова межаў нашай краіны, як праходзіць служба вайскоўцаў і многае іншае, у нашым рэпартажы.
Дабрацца да пагранічнай заставы «Хвойнікі» не так проста. Ад цывільнага жыцця гэты рэжымны аб’ект аддзяляе не толькі плот з аднаго боку і пагранічная паласа з другога: застава размясцілася сярод векавых пушчанскіх дрэў — белавежскай запаведнай тэрыторыі, трапіць на якую можна толькі па пропуску. Апынуўшыся за шлагбаўмам у Белым Ляску, больш дзесяці кіламетраў едзем у глыб лесу, яшчэ некалькі кіламетраў — па разбітай вялікагрузнай тэхнікай бездаражы на пагранічным «УАЗіку». Ну, вось мы і на месцы!
Дзён адчыненых дзвярэй тут не бывае
Застава непадалёку вёскі Хвойнік была створана напрыканцы 1960-х гадоў. З-за аддаленасці падраздзялення ад цывілізацыі вельмі дарэчы эпітэт «глухая». Сярод іншых адметнасцей хіба толькі тое, што ў свой час тут служыў былы намеснік старшыні Дзяржпагранкамітэта генерал-маёр Дзмітрый Шугай.
Як сведчыць статыстыка, самымі трывожнымі для заставы былі 1990-я гады: тады назіралася найбольшая колькасць парушэнняў заканадаўства аб дзяржаўнай мяжы. Але з таго часу абстаноўка памянялася. Сёння «Хвойнікі» жывуць параўнальна ціхім і спакойным жыццём. Так, за апошнія чатыры гады на аператыўна важным участку пагранічнікам давялося прадухіляць усяго пяць незаконных перасячэнняў мяжы.
Нярэдка «парушальнікамі» аказваюцца тыя, для каго візавае заканадаўства не пісанае, — жывёлы. «Але пераважная большасць спрацовак сігналізацыі на мяжы адбываецца з-за грамадзян Польшчы ці іншых краін Еўрасаюза, — удакладняе намеснік начальніка заставы Андрэй Гапееў. — Выходзяць еўрапейцы да беларуска-польскай мяжы, канешне, ненаўмысна: турысты губляюць арыенціроўку ў лесе».
Да слова, байцы ахоўваюць участак мяжы Беларусі і Польшчы, працягласць якога складае больш дзесяці кіламетраў па цяжкапраходнай мясцовасці, у тым ліку каля двух кіламетраў праходзяць праз забалочаны масіў.
У штаце пагранзаставы два чацвераногія памочнікі: калі снежнай зімой можна выйсці на след парушальніка, то ў астатні час без разумнага сабакі не абысціся.
У распарадку дня — усё, акрамя суму
Лейтэнант Андрэй Гапееў расказвае пра асаблівасці службы:
— На нашай заставе да 40 чалавек. Амаль палова — салдаты тэрміновай службы, астатнія — афіцэры, прапаршчыкі і некалькі чалавек цывільнага персаналу. І ў кожнага, у прынцыпе, як і на любой іншай пагранзаставе, дзень рэгламентаваны па-свойму. Нягледзячы на тое, што пад’ём у 7.00, а адбой у 23.00, кожны салдат жыве па асобным распарадку, які не заўсёды ўпісваецца ў гэтыя часавыя рамкі: пакуль адзін ахоўвае межы нашай краіны, другі можа займацца гаспадарчымі справамі, а трэці адпачываць пасля нараду.
Усе байцы заняты справай нават у вольны час: летам гуляюць у футбол, валейбол, зімой займаюцца фізпадрыхтоўкай у спартыўным гарадку ці трэнажорнай зале. Каб ведаць, што робіцца ў свеце, вечарам хлопцы збіраюцца каля тэлевізара, чытаюць газеты. Асобную ўвагу намеснік начальніка заставы ўдзяляе ваенна-патрыятычнаму выхаванню.
Увогуле, застава — быццам аўтаномная дзяржава: тут ёсць свае медпункт, лазня, харчовы склад… Ежу гатуе свой повар, прадукты — з уласнай гаспадаркі: на заставе гадуюць свіней і вырошчваюць агародніну.
Сабака — не толькі сябар, але і калега
Сярод юнакоў, якіх пасля вучэбкі размеркавалі ў «Хвойнікі», пружанскіх няма: «срочнікі» апошняга прызыву — хлопцы з Брэста, папярэдняга — ураджэнцы Магілёўскай, Гомельскай абласцей. Не кожны з іх на час службы атрымаў абавязкі, з якімі быў знаёмы ў цывільным жыцці: вадзіцеля, повара, майстра па электрапрыборах…
Антон Раздзёрын — кінолаг. Пра службу на мяжы яму расказвалі сябры, і калі надышла яго чарга аддаваць доўг Радзіме, прызыўнік папрасіўся ў органы пагранічнай службы. Так Антон спачатку апынуўся ў вучэбцы ў Смаргоні, дзе атрымаў спецыяльнасць інструктара службы сабак, а пазней — у Хвойніку. Дарэчы, на гэтай заставе па іроніі лёсу служыў і яго таварыш.
На ахову дзяржаўнай мяжы Антон выходзіць са службовай аўчаркай Лэры, разумнай і зусім не грознай, на першы погляд.
Цяжкасці вайсковага жыцця не палохаюць хлопца.
— Ва ўсё часы служба на пагранічнай заставе была прэстыжнай, — разважае салдат. — Акрамя таго, гэта школа мужнасці, якая з хлопчыкаў робіць сапраўдных мужчын.
Адпускных тут не даюць, але па ўзгадненні з начальнікам заставы ваеннаслужачых можна наведваць у выхадныя. Акрамя таго, сувязь з роднымі і сябрамі салдаты трымаюць па тэлефоне, у выхадныя байцам дазваляюць карыстацца мабільнымі тэлефонамі.
Пушчанская глыбінка маладых не палохае
Камандны састаў на заставе малады. Намеснік начальніка Андрэй Гапееў — выпускнік ваеннай ВНУ 2015 года. У камандзіра Аляксандра Філіповіча крыху пабольш вопыту: пасля заканчэння Інстытута пагранічнай службы два гады ён быў намеснікам начальніка па ідэалагічнай рабоце на заставе «Ліпінкі» пад Брэстам, а ў лістападзе мінулага года старшы лейтэнант быў пераведзены ў «Хвойнікі».
Аляксандр — ураджэнец Оршы Віцебскай вобласці. Ён вырас у сям’і ваеннаслужачага: бацька служыў у агульнавайсковай часці на Далёкім Усходзе. «Наўрад ці хтосьці абірае службу ва Узброеных Сілах толькі па ідэйных памкненнях: звычайна гэта ўсвядомленае рашэнне, таму ў арміі выпадковых людзей не бывае», — лічыць пагранічнік.
Жыццё ў глыбінцы не спалохала і яго жонку Алену, таксама гарадскую жыхарку. Варта адзначыць, тутэйшае жыццё здольна памяняць погляд на многія рэчы: тут не скардзяцца на адсутнасць магазінаў крокавай даступнасці (да бліжэйшага ў Белым Ляску больш дваццаці кіламетраў), на спазненні паштовай карэспандэнцыі (яе трэба забіраць у Роўбіцку), на вялікую адлегласць да дзіцячага садка ці школы і многае іншае.
— Як кажуць на заставах, каб мяжа была пад надзейнай аховай, павінен быць надзейны тыл. Калі выйшла замуж за пагранічніка, значыць павінна быць побач з мужам, — кажа маладая жонка.
У Алены цывільная спецыяльнасць — інжынер-землеўпарадкавальнік. Працаўладкавацца нават пры наяўнасці вакансіі можна толькі ў Сухопалі, да якога ад заставы каля 40 кіламетраў. Але пра месца працы, прызнаецца, яшчэ не думала: пакуль яна рэалізоўвае сябе як маці, займаецца выхаваннем двухгадовай дачушкі Алінкі.
Пра што мараць салдаты на заставе? Зразумела, хутчэй вярнуцца дамоў, знайсці дастойнае месца ў цывільным жыцці, каб дзяўчына дачакалася… І, канешне, каб каманда «Застава, у ружжо!», якая прыводзіць абаронцаў мяжы ў поўную баявую гатоўнасць, гучала як мага радзей.
На здымках: зброя заўсёды павінна быць у парадку; повары хоць і без спецыяльнай адукацыі, але кормяць смачна; маладая сям‘я на заставе не сумуе; песня — спадарожніца салдата.
Марына Вакульская. Фота аўтара.