Прасторны дом Дзяхцярыкаў у Ружанах вылучаецца сярод іншых, як і іх вялікая сям’я сярод іншых сем’яў. Акрамя трох уласных дзяцей, Аляксандр Данілавіч і Алена Валер’еўна выхоўваюць зараз яшчэ трох прыёмных. Сёмы тут — Руслан, які хоць і “выбыў” з прыёмнай сям’і, па-ранейшаму туліцца да цёплага сямейнага ачага і прыязджае з Кобрына, дзе вучыцца.
Шлюбу Дзяхцярыкаў дзевятнаццаць гадоў. Алена – мясцовая, Аляксандр пераехаў у Ружаны разам з бацькамі цяпер ужо ў далёкім 1994 годзе. Сустрэліся выпадкова, на пошце. Аднак нават мімалётнага позірку хапіла, каб запасці адзін другому ў душу…
Пасля вяселля жылі ў свекрыві. Яна працавала прадаўцом. Ён – у саўгасе, пасля на мэблевай фабрыцы. Выхоўвалі Вікторыю, якая нарадзілася першай, затым Арцёма, Карыну. І жылі, як мноства пасялкоўцаў, у сваіх клопатах і рабоце.
Думка ўзяць у сям’ю прыёмных дзяцей прыйшла сама сабой. Проста, па словах Дзяхцярыкаў, абодва ведалі, як гэта жыць, калі чаго нестае. Дэфіцыт цяпла ў сямейных адносінах зведалі з дзяцінства. Таму так хацелася сагрэць душы дзяцей, якія яго наогул не спазналі.
Так упершыню ў іх сям’і з’явіліся дзеткі з сацыяльнага прытулку, — Сашку і Юльку яны забралі да сябе на канікулы. Аднак аформіць іх як прыёмных дзяцей тады не ўдалося: не дазваляла жылплошча, якую на той момант займала сям’я. З гэтага і пачалося вырашэнне жыллёвага пытання Дзяхцярыкаў і афармленне новага статусу сям’і.
Дзяржаўную субсідыю на пакупку дома яны атрымалі як шматдзетная сям’я. Дзякуючы дапамозе дзяржавы набылі дом плошчай у дзвесце квадратных метраў, у які пераехалі ў 2007 годзе. Тады ж сям’я была афіцыйна аформлена і як прыёмная.
А неўзабаве ў новым доме з’явіліся і двое малышоў. Родных братоў – пяцігадовага Арцёма і трохгадовага Улада — Алена і Аляксандр Дзяхцярыкі прывезлі з Кобрынскага дзіцячага дома. Быццам упершыню малыя вучыліся і есці, і гуляць, і кантактаваць з іншымі дзецьмі. Хлопчыкаў вярнулі роднай маці праз паўтара года, калі яна ўзялася за розум. Аднак дагэтуль Дзяхцярыкі падтрымліваюць з ёю добрыя адносіны, а для малых яны так і засталіся ружанскімі мамай і татам.
Сірата Руслан трапіў у гэтую сям’ю ў дзесяцігадовым узросце. У Ружанах атрымаў базавую адукацыю, паступіў у каледж у Кобрыне. Аднак па-ранейшаму прыязджае па выхадных, спяшаецца, калі захварэе. Ведае: тут яму дапамогуць. Алена і Аляксандр смяюцца: мы яго і ажэнім.
У свой час былі на выхаванні ў Дзяхцярыкаў васьмігадовая Насця, шасцігадовая Сашка, трохгадовы Лёха. У кожнага свой характар і свая, на жаль, горкая гісторыя, часцей за ўсё прычынай чаму – п’янства бацькоў. Многія з іх выпраўляюцца, і тады дзеці з прыёмнай сям’і вяртаюцца ў біялагічныя. Аднак сувязей не губляюць, тэлефануюць, а то і сустракаюцца. Некаторыя малыя так і называюць прыёмных бацькоў мамай і татам.
— Мы заўсёды тлумачым дзецям, якіх прымаем у сям’ю, кім ім даводзімся, — расказвае Алена Валер’еўна. – Да ўсяго, у нашым доме частыя госці родныя бацькі дзяцей, якія ў нас выхоўваюцца. Таму яны самі выбіраюць, як нас з мужам называць. Для нас асноўнае — прывіць ім лепшыя чалавечыя якасці і паказаць, як патрэбна жыць у нармальнай сям’і.
Прыёмныя бацькі прызнаюцца, што часам даводзіцца тлумачыць дзецям элементарнае: што нельга браць чужога, хлусіць і хітрыць, што трэба дзяліцца і клапаціцца пра бліжняга. Найлепшымі жыццёвымі ўрокамі для многіх з іх з’яўляецца пражыванне ў агульным пакоі з роднымі дзецьмі Дзяхцярыкаў. Часам прыклад іншых дзяцей з’яўляецца больш эфектыўным за словы дарослых. У любым выпадку, як расказваюць Алена Валер’еўна і Аляксандр Данілавіч, у іх ніколі не здараліся з дзецьмі непрыемныя выпадкі, якія маглі б выклікаць сур’ёзныя разборкі. На іх думку, пражыванне ў дружнай сям’і з трывалымі маральнымі ўстоямі – вось школа для дастойнага жыцця ў будучым.
Цяпер на выхаванні ў Дзяхцярыкаў дзесяцігадовая Маша, васьмігадовы Давід і шасцігадовая Танька, якая толькі збіраецца ў школу. Іх старэйшая дачка Вікторыя – навучэнка музычнага каледжа ў Баранавічах. Арцём – адзінаццацікласнік, рыхтуецца да паступлення. А Карына вучыцца ў сёмым класе.
Яднаюць дзяцей яшчэ і агульныя абавязкі па гаспадарцы. А яна ў Дзяхцярыкаў немалая: свінні, куры, зямельны ўчастак агульнай плошчай каля трыццаці пяці сотак.
У хлеў дзяўчынкі, як і іх мама, не ходзяць. Накарміць жывёлу і птушку, прыбраць у хлявах – справа выключна мужчын. Калі гэтую работу па нейкіх прычынах не можа зрабіць бацька, яе выканаюць хлопцы. Яны першыя памочнікі і ў апрацоўцы зямлі. Любую работу на мотаблоку выканаць могуць. Ды і ў справе вырабу мэблі, устаноўцы вокнаў і дзвярэй, чым як індывідуальны прадпрымальнік цяпер займаецца Аляксандр Дзяхцярык, шмат чаго разумеюць.
А вось клопат па доме – гэта абавязак мамы і дзяўчынак. Апошнім таксама не варта нагадваць нешта прыбраць ці памыць. Гэта яны і самі добра ведаюць. А пазавіхацца на кухні, штосьці прыгатаваць – для іх гэта задавальненне.
Многія лічаць, што дзяцей з няўдалых сем’яў цяжка адаптаваць да нармальнага жыцця, што “дрэнны” ген усё роўна нагадае пра сябе… З гэтым Алена і Аляксандр Дзяхцярыкі катэгарычна не згаджаюцца.
— Калі так разважаць, — супярэчыць галава сям’і, — я павінен быў бы даўно прапасці ў гэтым жыцці. Аднак жыву, нешта значу. Магчыма, некалі трэба было нізка ўпасці, каб зразумець, як хораша там, наверсе… Каб такога не здарылася з дзеткамі, якія не па сваёй волі трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, нам з жонкай хочацца даць ім магчымасць адчуць асалоду жыцця без горычы абставін, у якіх яны апынуліся. Дзіця, якое бачыць у сям’і добрыя адносіны, адчувае веру ў Бога, проста не можа вырасці дрэнным чалавекам.
Галіна Каляда, Сяргей Талашкевіч (фота).