Калі вы жадаеце апынуцца сярод экзотыкі, то абавязкова наведайце заамагазін, які не так даўно пачаў працаваць у нашым горадзе. Ужо на ўваходзе ў будынак па вул. Кастрычніцкай, 104 чутны разнастайныя спевы і гоман папугайчыкаў. Смела ідзіце на гукі, не пашкадуеце.
«Птушкавы» асартымент тут даволі разнастайны, папугайчыкаў прывозяць яшчэ мала-дзенькімі, таму яны лёгка прывыкаюць да новага гаспадара і становяцца сапраўднымі сябрамі.
Акрамя распаўсюджаных хвалістых папугайчыкаў (яны вельмі жвавыя, галасістыя, добра навучаюцца часта паўтораным словам, прыязныя), тут ёсць карэлы (гэта птушкі з прыгожым чубком на галаве, больш буйныя і спакайнейшыя, важныя), амадзіны (маленькія, падобныя на канарэек, даволі прыгожа пяюць) і неразлучнікі (яны заўсёды прадаюцца парай, бо ў адзіноце зусім не могуць існаваць, вельмі замілавана сядзяць побач).
Што адметна, у магазіне можна купіць не толькі саму птушачку, але і жыллё для яе і ўсё неабходнае для догляду. Вам параяць, чым карміць, якія цацкі набыць, каб папугайчык не сумаваў.
Акрамя птушак, тут жывуць пухнатыя тушканчыкі, кожны са сваім характарам, марская свінка (вельмі ласкавая, дарэчы). А ў хуткім часе з’явяцца і прадстаўнікі падводнага свету — акварыумныя рыбкі, расліны і разнастайныя ўпрыгожванні для вялікіх акварыумаў.
Не забыліся тут і пра менш экзатычных гадаванцаў: хаткі, цацкі, ложачкі, посуд для катоў і сабак – ажно вочы разбягаюцца.
Калі я сыходзіла, то ўслед мне нёсся развітальны рознагалосы хор. І захацелася абавязкова вярнуцца.
Вольга Вадзяновіч, студэнтка 5 курса філалагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна.
Фота Сяргея Талашкевіча.
