Пераможцам вярнуўся з чэмпіянату свету (трохбор’е) і чэмпіянату Еўропы па гіравому спорту сярод майстроў выпускнік СШ №4 Дзмітрый Серы.
Чэмпіянат, які праходзіў у г.Лухаўцы Маскоўскай вобласці 23-26 верасня, сабраў звыш трохсот спартсменаў з 17 краін свету. Узяла ўдзел у ім і беларуская каманда, Брэсцкую вобласць у якой прадстаўляў гіравік з Пружан Дзмітрый Серы.
Спартсмены спаборнічалі ў алімпійскім трохбор’і, нетрадыцыйным падняцці цяжару, сілавым жангліраванні.
Прыняў удзел у спаборніцтвах і стаў чэмпіёнам свету па гіравому спорту чэмпіён Алімпійскіх гульняў па цяжкай атлетыцы Валерый Шары. На яго імкнуліся раўняцца астатнія.
Дзевяць спартсменаў, якія прадстаўлялі Беларусь, заваявалі 7 залатых, 5 сярэбраных і 4 бронзавыя медалі. Два другія месцы — за перамогі на чэмпіянаце Еўропы і чэмпіянаце свету — на рахунку Дзмітрыя Серага. Спартсмен упершыню здолеў вырваць серабро ў традыцыйна моцных у дадзенай праграме расіян і ўкраінцаў.
Дзмітрый расказвае, што захапіўся спортам яшчэ падчас вучобы ў школе. Пачынаў з веласпорту, займаўся лёгкай атлетыкай. Пакуль аднойчы не сустрэўся з вялікім аматарам цяжкай атлетыкі Аляксандрам Віктаравічам Мацэюком. Трэнер запрасіў падаючага надзеі спартсмена ў атлетычны клуб “Тытан”. Тут Дзмітрый захапіўся спачатку двухбор’ем, а затым сілавым жангліраваннем. А неўзабаве з’явіліся і першыя перамогі. Адна з самых значных – на адкрытым рэспубліканскім турніры, які праходзіў у Гродна. Тады ўсе чатыры атлеты з пружанскага “Тытана”, якія прымалі ўдзел у турніры, вярнуліся з узнагародамі.
Гэта, як прызнаецца пружанскі асілак, толькі ўмацавала ўпэўненасць у сваіх сілах. Займаўся гіравым спортам па некалькі разоў на дзень. Разам з Аляксандрам Віктара-вічам прыдумваў новыя элементы. Як вядома, сілавое жангліраванне патрабуе не толькі спартыўнага майстэрства, але і артыстычнага таленту.
Цяпер спартсмен, нягле-дзячы на вучобу ў Брэсцкім ліцэі чыгуначнага транспарту, трэніруецца ў пары са сваім трэнерам і, вядома, рыхтуецца да новых відовішчных выступленняў. Перамога на чэмпіянатах Еўропы і свету абавязвае…
Галіна Каляда, Аляксандр Мелеш (фота).