Суббота, 14 декабря 2024

Сельскому хозяйству не хватает молодых специалистов, а молодым специалистам — опыта

2 588

Штогод у раён прыбываюць на працу маладыя спецыялісты. Летась 188 юнакоў і дзяўчат пасля заканчэння вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў па размеркаванні трапілі на Пружаншчыну. 78 з іх атрымалі сваё першае рабочае месца на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу.

На мінулым тыдні ў райвыканкаме адбылася сустрэча з маладымі спецыялістамі, якія вырашылі звязаць свой лёс з сельскагаспадарчай вытворчасцю. Адкрыла яе намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання М.В.Сцепанюк. Яна азнаёміла прысутных з сацыяльна-эканамічным становішчам раёна, адзначыла яго адметнасць. Пружанскі раён з’яўляецца базавым у краіне па ўкараненні інтэнсіўных тэхналогій у сельскагаспадарчай вытворчасці. І гэта бачна ўжо сёння па тым шырокамаштабным будаўніцтве фермаў , якія ўзводзяцца ў гаспадарках. Ставіцца задача, каб у бліжэйшы час сельгаспрадпрыемствы выйшлі на самаакупнасць і самафінансаванне, а сярэднямесячная заработная плата перавысіла 1 мільён рублёў.

Што ж датычыцца маладых спецыялістаў, то, як адзначыла прамоўца, праблем тут яшчэ хапае. І самая галоўная — замацаванне іх на месцах.

Як паказвае практыка, значная частка спецыялістаў пасля адпрацоўкі належнага тэрміну пакідае раён. Па гэтай прычыне ў асобных гаспадарках не хапае работнікаў заатэхнічнай і ветэрынарнай службаў, інжынераў-механікаў, энергетыкаў. Маладыя людзі часам проста не вытрымліваюць фізічных і псіхалагічных нагрузак. Каб іх зменшыць, неабходна арганізоўваць пазменныя работы як падчас пасяўной, так і на жывёлагадоўчых  комплексах.

Некаторыя маладыя спецыялісты не адчуваюць той адказнасці, якая на іх ускладзена.
Як падкрэсліла М.В.Сцепанюк, тэарэтычных ведаў у маладых спецыялістаў у пэўнай ступені хапае, не хапае практыкі. Але гэта справа нажыўная.

Можна прад’яўляць прэтэнзіі і да некаторых выкладчыкаў навучальных устаноў, якія чытаюць свае лекцыі без паправак на сённяшні дзень. Не кожны малады аграном знаёмы, напрыклад, з выкарыстаннем дэльтапланаў для правядзення ахоўных мерапрыемстваў на пасевах, а заатэхнік — з тонкасцямі халоднай гадоўлі маладняку буйной рагатай жывёлы.

Начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама В.І.Матвіенка азнаёміў прысутных з рэалізацыяй маладзёжнай палітыкі ў раёне і ўручыў чацвярым з іх пасведчанні клуба маладых спецыялістаў. Галоўны спецыяліст па прававой і кадравай рабоце ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ю.Р.Бакуменка засяродзіў увагу на гарантыях маладым спецыялістам.

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу С.С.Лаўрыновіч сказаў, што яшчэ паступаюць скаргі ад маладых спецыялістаў. Хаця па логіцы іх быць не павінна. У кожным сельгаспрадпрыемстве ёсць калектыўны дагавор, які ўтрымлівае раздзел аб сацыяльных гарантыях моладзі.

Старшыня райкама прафсаюза ўручыў каштоўныя падарункі асобным маладым спецыялістам за іх добрасумленную працу. Іх атрымалі П.С.Ягавенка — інжынер па забеспячэнні ААТ «Мурава»; І.Ю.Слясюк — галоўны эканаміст ААТ «Роўбіцкае»; А.С.Папко — загадчык машыннага двара ААТ «Пружанскае»; М.М.Папко —памочнік брыгадзіра ААТ «Жураўлінае». Прынята таксама рашэнне накіраваць падзячныя пісьмы бацькам маладых спецыялістаў: В.М.Ярома — аграном-садавод; Н.П.Алясюк — ветфельчар; Ю.М. Аўдзейчык — ветфельчар (усе ААТ «Жураўлінае»), а таксама В.А.Раўнейка — бухгалтар; А.А.Бародзіч — галоўны аграном (абодва з ААТ «Ружаны-Агра»).

Падвяла вынікі сустрэчы і выступіла з прамовай загадчыца аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Н.П.Зеляняк.

Мікола Архуцік, Аляксандр Мелеш (фота).

НА ЗДЫМКАХ: удзельнікі сустрэчы — намеснік дырэктара ААТ «Агра-Калядзічы» Аляксандр  Якімавец, галоўны эканаміст ААТ «Радзіма» Людміла Дарагакупец, ветфельчар эксперыментальнай базы «Белавусаўшчына» Наталля Цельпук; пасведчанні ўручае В.І.Матвіенка.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *