У раёне ў апошнія гады шпаркімі тэмпамі развіваецца садаводства. Сады інтэнсіўнага тыпу займаюць цяпер звыш 800 гектараў. Закладзены яны ў ААТ «Айчына», «Жураўлінае», «Ружаны-Агра», РУП «Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», фермерскіх гаспадарках «Тытул-Агра», «ТЭК».
Сярод гаспадарак піянерам у садаводстве можна лічыць ААТ «Айчына». У 2005-2007 гадах тут быў закладзены прамысловы яблыневы сад інтэнсіўнага тыпу з сістэмай кропельнага арашэння.
— Цяпер пад садам у нас знаходзіцца 171 гектар зямель, — гаворыць начальнік цэха садаводства таварыства М.У.Гардзяйчук (на здымку). — Плануем сёлета сабраць каля тысячы тон яблыкаў.Калі параўноўваць з годам мінулым, то сёлетні ўраджай яблыкаў меншы. Начальнік цэха асноўную прычыну такога становішча бачыць у позняй засушлівай вясне, калі яблыні адцвілі вельмі хутка.
Апошнім часам у садзе з’явіліся і ягадныя культуры: суніца садовая, чорная парэчка, маліна рэмантантная, буякі. Было сабрана каля 7 тон суніц, 810 кілаграмаў парэчкі і 560 кілаграмаў маліны. Рэалізоўваліся ягады ў асноўным ва ўласнай гандлёвай сетцы і на рынках. Што датычыцца буякоў, то іх ураджай плануецца атрамаць толькі ў наступным годзе.
У гэтыя кастрычніцкія дні ў садзе завяршаецца ўборка яблыкаў позніх сартоў: «айдарэд», «джонаголд», «шампіён». У самы напружаны час збору ўраджаю на дапамогу прыходзяць сезонныя работнікі.
— Практычна ўвесь ураджай позніх сартоў закладваем у фруктасховішча на працяглае захоўванне, — расказвае Марына Уладзі-міраўна Гардзяйчук.
Попытам у спажыўцоў карыстаюцца таксама і летнія сарты яблыкаў: «мелба», «жэнева», «сонейка».
Каб мець уласны пасадачны матэрыял, сёлетняй вясной на тэрыторыі саду закладзены матачнік і гадавальнік. Штогод плануецца атрымліваць каля 10 тысяч саджанцаў для сваіх патрэб.
Наперадзе ў садаводаў таварыства не менш адказны перыяд. Зімой неабходна правесці абрэзку пладовых дрэўцаў.
Як паказвае практыка, сад можа прыносіць нядрэнны грашовы прыбытак. Як пры вырошчванні той жа бульбы, неабходна імкнуцца атрымаць з гектара больш прадукцыі, а потым прадаць яблыкі па выгаднай цане. Пра гэта добра ведаюць садаводы ААТ «Айчына».
Мікола Архуцік.
На здымку: уборка яблыкаў позніх сартоў.
Фота Аляксандра Мелеша.