Четверг, 10 октября 2024

Сахарный диабет: следите за весом!

1 621

Сёння ў свеце налічваецца  220 мільёнаў хворых на цукровы дыябет. Колькасць захварэўшых кожныя 15 гадоў павялічваецца ўдвая. У нашым раёне такі дыягназ пастаўлены 1359 чалавекам. Медыкі і арганізацыі аховы здароўя б’юць трывогу, спрабуюць прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы.

Шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку гэтага захворвання, прайшоў на мінулым тыдні на Пружаншчыне. Больш падрабязна пра гэта і не толькі мы гутарым з урачом-эндакрынолагам І.К. Кажэўнікавай.

— Ірына Канстанцінаўна, ці задаволены Вы вынікамі акцыі, якую праводзілі 8 лістапада ў гарадскім універмагу?

— Нагадаю, што ў той дзень можна было атрымаць кансультацыю ўрача, набыць інфармацыйны матэрыял па пытаннях захавання здароўя. Падчас акцыі да нас звярнуліся 98 чалавек, пераважна жанчыны, у многіх з якіх лішняя маса цела. Добра, калі людзі разумеюць, што яны ў зоне рызыкі і клапоцяцца пра сваё здароўе. У рамках акцыі мы раздавалі накіраванні на даследаванне ўзроўню цукру ў крыві. У двух чалавек выяўлены цукровы дыябет, яшчэ ў чатырох павышаны ўзровень цукру.

А ў чацвер у нас адбылася «гарачая тэлефонная лінія»,  за дзве гадзіны нам патэлефанавалі 24 чалавекі.

—  І якія пытанні хвалююць насельніцтва?

— Некаторыя жадаюць ведаць пра захворванне ўсё да драбніц, шмат тэлефанаванняў было ад родных хворых, якія турбуюцца за сваіх блізкіх і пытаюцца, як ім дапамагчы. Цікавіліся і тым, адкуль такая колькасць захворванняў у нашай краіне. Але найбольш пытанняў пра меры прафілактыкі.

— Ірына Канстанцінаўна, спыніцеся, калі ласка, на гэтых пытаннях для нашых чытачоў.

— Амаль кожны сёння дабіраецца на работу на машыне альбо аўтобусе, тэхнічны прагрэс пазбавіў нас ад значнай часткі фізічнай работы. Мы вядзем маларухомы лад жыцця, а мышцам неабходна нагрузка! Мышца, якая працуе, сама пазбаўляе арганізм ад лішкаў цукру ў крыві і да таго ж выпрацоўвае гармон радасці. Маларухомы лад жыцця і лішняя вага – вось асноўныя ворагі нашага здароўя. 96% хворых у нашым раёне (дарэчы, так і ў свеце) – гэта дыябетчыкі другога тыпу, які яшчэ называюць дыябетам тоўстых. Асноўная мера прафілактыкі – кантроль за ўласнай вагой.

Вельмі крыўдна, што сярод хворых ёсць дзеці з лішняй вагой. Прыгледзьцеся да сваіх дзяцей: ці гуляюць яны ў рухомыя гульні, займаюцца спортам, танцамі? Калі падлеткі праводзяць ля тэлевізара ці камп’ютара больш дзвюх гадзін у суткі – прымайце меры!

— А што тычыцца дыябету першага тыпу, як можна засцерагчыся?

— На жаль, на сённяшні дзень мер прафілактыкі дыябету першага тыпу не існуе. Ён з’яўляецца пажыццёвым захворваннем і патрабуе пастаяннага ўводу інсуліну ў арганізм з дапамогай шпрыца ці іншых распрацаваных для гэтага прылад. Прыём інсуліну ў таблетках немагчымы па прычыне таго, што ён разбураецца ў страўнікава-кішачным тракце. Але і тут прагрэс не стаіць на месцы, у свеце ўжо прымяняецца інгаляцыйны інсулін. Рана ці позна ім змогуць карыстацца і беларусы, што значна аблегчыць жыццё хворых.

— Ірына Канстанцінаўна, Вы многа гаварылі пра залішнюю вагу як прычыну захворвання. Але і тыя мадэлі стройнасці, якія навязваюцца нам з тэлеэкранаў нельга назваць вельмі здаровымі. Што медыкі лічаць нармальнай вагой?

— Сапраўды, добра тое, што ў меру. У медыкаў існуе такая формула: вагу ў кілаграмах трэба падзяліць на рост у метрах у  квадраце. Калі атрыманая лічба больш 25 – час пазбаўляцца ад лішніх кілаграмаў. Чым яна вышэй, тым горш для здароўя. Паказчык менш 18,5 таксама сведчыць аб праблемах, але ўжо іншага плана.

Ужывайце здаровую ежу,  не адмаўляйцеся ад фізічных нагрузак — і будзеце здаровымі!

Гутарыла Кацярына Пашкевіч.

На здымку: на прыёме падчас акцыі 8 лістапада ва ўнівермагу.

Фота Аляксандра МЕЛЕША.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *