Прызнацца, раней на Дзень сям’і мы не звярталі асаблівай увагі. Але сёлета 15 мая былі запрошаны на пасяджэнне клуба маладой сям’і, якое традыцыйна ў гэты дзень праводзіцца работнікамі аддзела ЗАГС сумесна з актывістамі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
Як расказала першы сакратар райкама БРСМ Т.А.Дзядзюн, традыцыя праводзіць такія пасяджэнні бярэ пачатак больш за дзесяць гадоў таму. За гэты час сфарміраваўся «касцяк» клуба, але штогод прыходзяць і новыя члены. І кожная сям’я, якая хаця б раз пабывала на такім мерапрыемстве, Дзень сям’і цяпер адзначае па-асабліваму.
А для запрошаных на пасяджэнне сёлета намаганнямі арганізатараў было наладжанна сапраўднае сямейнае свята. Запрашэнні атрымалі восем сем’яў з райцэнтра, Пружанскага, Мокраўскага, Новазасімавіцкага і Шаняўскога сельсаветаў. Практычна ўсе прыйшлі на свята з дзецьмі.
Як расказаў намеснік старшыні райвыканкама М.П.Кудравец, дзяржава ўдзяляе шмат увагі дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне. Таму ён выказаў асаблівую падзяку тым, хто гадуе шмат дзяцей. Мікалай Пятровіч пажадаў усім моцнага здароўя і паразумення ў сем’ях.
Пасяджэнне атрымалася вельмі задорным і вясёлым, дзякуючы праграме, падрыхтаванай артыстамі гарадскога Палаца культуры. Увесь вечар паміж удзельнікамі праводзіліся розныя конкурсы, гучалі песні, былі і танцы. Вясёлыя заданні знаходзіліся не толькі для тат і мам, але і для малых. І, трэба прызнацца, што мне, як і іншым удзельнікам, давялося ўспомніць гісторыю стварэння сям’і, захапленні кожнага яе члена, а таксама паказаваць, як ты шануеш сваіх блізкіх. А кампетэнтнае журы дакладна ацэньвала кожную сямейную каманду.
У выніку прыз «Самай дружнай сям’і» дастаўся Бяляевым з Шаняўскога сельсавета. Спецыяльны падарунак сям’і Клюкач з Мокраўскага сельсавета ўручыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК С.С.Лаўрыновіч. Але і іншыя ўдзельнікі, нават самыя маленькія, атрымалі памятныя падарункі. А ў дадатак — добры настрой і прыклад, як ладзіць сямейныя святы.
Фота Сяргея Кавальчука.