Пятница, 13 декабря 2024

Рукодельница Светлана Швед из д.Клепачи редко дарит свои работы, но для Президента сделала исключение

2 394

Па ўменні вышываць спрадвеку меркавалі пра жаночае працалюбства і здольнасці. Сёння гэты від творчасці, які, здавалася, страціў папулярнасць, нібы набывае «другое дыханне». А для Святланы Швед вышыўка стала справай усяго жыцця.

Святлана Мікалаеўна — выкладчык класа народнай творчасці Кляпацкага Дома культуры. Думаю, кожны, хто бываў у яе кабінеце, пагодзіцца, што там створана проста казачная краіна. Пра навагоднія святы нагадвае аб’ёмная кампазіцыя, зробленая з тканіны, — у прыгожых санях, запрэжаных коньмі, імчыць з падарункамі Дзед Мароз. Далей позірк прыцягвае вязаны каравай у натуральную велічыню, а на століку каля акна ў промнях сонца пераліваецца лістота дрэўцаў з бісеру і паетак, лебедзі на сурвэтцы раскрылі свае накрухмаленыя крылы, на некалькіх паліцах шчыльна размясціліся мяккія цацкі…

— Ідэй  больш чым дастаткова, — гаворыць Святлана, — напрыклад, да Ражства хацела калекцыю анёлкаў зрабіць. Але ўвасобіць іх у жыццё, як і некаторыя іншыя задумкі, не ўдалося: не заўсёды хапае грошай на пакупку неабходных матэрыялаў. Напэўна, таму і выхаванцаў, якія ўсур’ёз займаюцца рукадзеллем і вышыўкай і рэгулярна наведваюць заняткі, у мяне не больш дзясятка. Дый многія мамы разважаюць: маўляў, замест пакеціка бісеру за 10 тысяч рублёў лепш купіць дзіцяці шакаладку ці цукерак.

Нягледзячы на тое, што ў сям’і Святланы Мікалаеўны жанчыны валодалі тэхнікай вышыўкі, яна зацікавілася рукадзеллем не адразу. Рашаючую ролю адыграў выпадак…

— Здаецца, у класе шостым я трапіла ў бальніцу. Ляжала ў палаце з жанчынай-украінкай, якая настолькі дасканала валодала майстэрствам вышыўкі, што не на жарт захапіла і мяне. Паказала мне асновы тэхнікі вышыўкі крыжыкам, расказала пра некаторыя нюансы.

Канвой для першых яе вышыванак паслужылі старыя, выцвіўшыя работы, схаваныя ў шафах вясковых майстрых. Між іншым, Святлана часта давала новае жыццё ўжо гатовым карцінам: бабулі і сёння без шкадавання гатовы аддаваць рарытэты, якія ў руках маладой майстрыхі пачынаюць іграць новымі колерамі. Затым Святана стала капіраваць сюжэты са схем, надрукаваных у часопісах, назапашвала літаратуру, з часам стала дабаўляць асабістыя элементы ў карціны, а сёння і сама можа скласці схему для вышыванкі.

— Цяпер наогул няма праблем з пошукам новых схем — вялікае поле для работы ў гэтым плане дае інтэрнэт. І вельмі прыемна бачыць у сусветным павуцінні свае работы, якія, відаць, трапілі туды пасля друку ў спецыялізаванай перыёдыцы. Упэўненасць у тым, што гэта менавіта мая вышыўка, даюць узоры, прыдуманыя асабіста мною і дабаўленыя да ўжо вядомых схем,— хваліцца жанчына.

Рукадзеллю, у тым ліку вышыўцы, Святлана навучыла і дачку, на раённай алімпіядзе па абслугоўваючай працы дзяўчынка нават заняла трэцяе месца.

Аўтарству Святланы Швед належыць больш ста работ: кожную з іх яна перафатаграфавала і здымкі сабрала ў асобным альбоме. Але глянцавыя фотакарткі — нішто ў параўнанні з арыгіналамі. Варта адзначыць, што вышытымі карцінамі завешаны амаль усе сцены ў кватэры Шведаў. Асабліва вылучаюцца карціны з мінімальнай колькасцю колераў: з дапамогай вышыўкі канва пераўтвараецца ў старыя фотаздымкі — незвычайна і прыгожа.

— Свае работы дару вельмі рэдка, — прызнаецца Святлана, — цяжка расставацца з рэчамі, у якія ўклаў душу, патраціў столькі часу. Дарэчы, колькі ствараецца вышыўка — тыдзень, месяц ці больш, — залежыць не толькі ад складанасці схемы ці яе памераў, але і ад настрою. Я падарыла, напэўна, не больш дзясятка работ: адну — бабулі, некалькі дасталіся знаёмым, дзве выставіла на продаж у сувенірную лаўку ў Ружанскі музей, ікона была ўручана Прэзідэнту  падчас наведвання ім нашага аграгарадка.

Наогул, Святлану цікавяць і іншыя віды рукадзелля: для ўпрыгожання некаторых работ яна вышывае ў новай тэхніцы — стужкамі, вяжа цацкі, якія затым раздае дзятве, робіць тэкстыльныя лялькі. І яшчэ адно захапленне Святланы — усходнія танцы. Касцюмы для выступленняў яна шые сама: дэкаратыўна аздоблены ліф, расшытыя бісерам паясы, камплекты біжутэрыі выклікаюць жаночую зайздрасць і… жаданне таксама заняцца танцамі.

У бліжэйшы час плануецца наладзіць выставу работ майстрыхі ў Пружанскім палацыку. Таму, калі хтосьці захоча ўвачавідкі пазнаёміцца з работамі Святланы Швед, варта сачыць за афішай, каб наведаць музей-сядзібу.

Марына Вакульская.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *