Дырэктар ААТ «Жураўлінае» Міхаіл Міхайлавіч Грышкевіч — адзін з самых маладых кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў у нашым раёне. Падчас падрыхтоўкі матэрыялаў для газетных старонак неаднойчы даводзілася сустракацца з гэтым чалавекам. Эрудыцыя, кампетэнтнасць, веданне справы — гэта адразу кідаецца ў вочы пасля гутаркі з дырэктарам. Самае цікавае, што Міхаіл Міхайлавіч усе лічбы, якія датычацца развіцця эканомікі гаспадаркі, трымае ў галаве.
Хлопец з вёскі Баравікі заўсёды вельмі любіў тэхніку — пакатацца на трактары для яго было вялікай радасцю. І хаця спачатку — па прыкладу старэйшага брата — будаваў планы пра кар’еру вайскоўца, пагра-нічніка, усё ж выбраў прафесію інжынера. Закончыў Беларускі аграрны тэхнічны ўніверсітэт і з дыпломам інжынера-механіка ўзначаліў інжынерную службу ААТ «Шані-аграпрадукт». Дарэчы, Міхаіл Міхайлавіч лічыць тагачаснага кіраўніка гэтай гаспадаркі Васіля Іванавіча Сароку сваім настаўнікам, у якога шмат чаго пераняў у рабоце.
Пасля атрымання другой вышэйшай адукацыі ў Брэсцкім дзяржаўным ўніверсітэце па спецыяльнасці менеджар-эканаміст стаў кіраўніком ААТ «Вялікасельскае Агра». А з чэрвеня 2007 года Міхаіл Грышкевіч — дырэктар ААТ «Жураўлінае». Пры гэтым з адзнакай паспеў закончыць Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Спадчына маладому кіраўніку дасталася, мякка кажучы, не самая лепшая. Што там казаць пра эканамічныя паказчыкі, калі нават у адміністрацыйным будынку працякаў дах. За восем гадоў ААТ «Жураўлінае» ператварылася ў адну з самых эканамічна моцных гаспадарак не толькі ў раёне, але і ў вобласці, і нават рэспубліцы. Гаспадарка вырабляе 17% валавой сельскагаспадарчай прадукцыі раёна. На сённяшні дзень яе вытворчая база — гэта новыя малочнатаварныя комплексы, свінакомплекс з рэпрадуктарам, камбікормавы завод, пладовы сад. Развіваецца ўласны гандаль і турызм. За адзін толькі летні дзень вытворчасць малака перавышае 100 тон. У няпростых умовах сёлетняга надвор’я ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых склала 54 цэнтнеры з гектара.
Значныя змены адбыліся і ў сацыяльнай сферы таварыства. Яго цэнтральная сядзіба, размешчаная ў аграгарадку Кляпацкі, — узор добраўпарадкавання вёскі. Гэтак жа прадумана і сістэмна вялося будаўніцтва і добраўпарадкаванне іншых аграгарадкоў — Жураўлінага і Сухопаля. Шмат робіцца для адпачынку людзей і асабліва моладзі. На тэрыторыі знаходзяцца два плавальныя басейны і два сучасныя стадыёны. І невыпадкова дзіцячая хакейная каманда «Жураўлінага» стала сёлета бронзавым прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў «Залатая шайба».
Кіраваць нават невялікім калектывам няпроста. У ААТ «Жураўлінае працуюць больш за 650 чалавек. За сем месяцаў бягучага года сярэднямесячная заработная плата склала 5,6 мільёна рублёў. Многа гэта ці мала — кожны можа прымерыць на сябе.
Калі казаць шчыра, то застаць Міхаіла Міхайлавіча ў рабочым кабінеце атрымліваецца не заўсёды. Ён з раніцы да позняга вечара ўвесь у справах. Такі напружаны рытм яго не стамляе. Адпачывае кіраўнік зімой. І, як сам прызнаецца, ні разу не быў «на моры пад пальмамі».
— Люблю паблукаць па лесе са стрэльбай, але паляванне пры гэтым адыходзіць на другі план, — гаворыць Міхаіл Міхайлавіч. — Прырода супакойвае і надае новых сіл.
Не сакрэт, што Міхаілу Грышкевічу прапаноўвалі высокую прэстыжную пасаду ў райцэнтры. Ён адмовіўся. І тлумачыць гэта тым, што ў «Жураўліным» ёсць усё тое, што і ў горадзе: і плавальны басейн, і школа з разнастайнымі гурткамі для дзяцей, і стадыён, і рэстаран.
Кіраўнік займаецца і грамадскай дзейнасцю, з’яўляецца дэпутатам Брэсцкага абласнога і Мокраўскага сельскага Саветаў дэпутатаў і добра ведае праблемныя пытанні сваіх выбаршчыкаў. Ён ахвотна ідзе на кантакт з журналістамі. Інтэрв’ю з кіраўніком і матэрыялы пра ААТ «Жураўлінае» неаднойчы друкаваліся на старонках рэспубліканскіх газет і часопісаў, мясцовай прэсы.
— Пад ляжачы камень вада не цячэ, — кажа Міхаіл Міхайлавіч. — У нашай гаспадарцы ўсе навучыліся гэта разумець. І якія б сучасныя тэхналогіі ні ўкараняліся, галоўны сакрэт поспеху заключаецца ў саміх людзях.
Заўтра дырэктару ААТ «Жураўлінае» Міхаілу Міхайлавічу Грышкевічу спаўняецца сорак гадоў. Наперадзе ў яго шмат задумак і планаў. Магутны, як той дуб, ён моцна пусціў карані ў родную зямлю, якой ніколі не здрадзіць.
Мікола АРХУЦІК, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).