Сямейны экіпаж камбайна «GS-12» з ААТ «Ружаны-Агра»
— На жніве разам з братам мы працуем усяго другі сезон, — кажа Мікалай. — А ўвогуле я ў гаспадарцы майстар-наладчык, а брат — механізатар, за ім замацаваны трактар «МТЗ-1221». Маем сялянскія карані: нарадзіліся ў вёсцы Еськаўцы. Жніво для нас — асаблівы час. Гэта і вялікая адказнасць, і магчымасць зарабіць. Але сёлета працаваць нялёгка, тэмпература за бортам камбайна перавышае трыццаць градусаў. Што ж, і да гэтага прывыклі. Самы большы намалот за дзень у нас склаў 160 тон — калі ўбіралі азімае тры-цікале. І нават самі не заўважылі, як з вялікім адрывам аказаліся наперадзе не толькі ў ААТ «Ружаны-Агра», але і наогул у раёне, намалацілі больш за 2000 тон збожжа.
*
Збожжавы палетак ААТ «Ружаны-Агра» самы вялікі сярод гаспадарак раёна. Пад збожжавымі і зернебабовымі культурамі сёлета занята каля шасці тысяч гектараў пасяўных плошчаў. На жніве былі задзейнічаны 23 камбайнавыя экіпажы. Адных толькі абедаў для тых, хто працаваў на ўборачнай, штодзень у сталовых Ружан і Калазубаў рыхтавалася каля 250-ці.
— Плануем атрымаць валавы збор збожжа сёлета на ўзроўні 27 тысяч тон, — гаворыць галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Андрэй Лаўрутыч. — Як бачна, лічба на тры тысячы тон меншая за леташнюю, але на гэта, як самі ведаеце, ёсць аб’ектыўныя прычыны.
Сапраўды, каб атрымаць добры ўраджай ва ўмовах пясчаных глебаў Ружанскай зоны, патрэбны дажджы. Дэфіцыт вільгаці востра адчуваўся на палетках ААТ «Ружаны-Агра» на працягу сёлетніх вясны і лета. І тым не менш, нават у такіх няпростых умовах удалося атрымаць годны ўраджай.
Намалочана 2200 тон алейнага насення рапсу. Уся яго перапрацоўка арганізавана на месцы ў гаспадарцы. Атрыманы алей, як ужо расказвалася на старонках нашай газеты, будзе выкарыстаны для прыгатавання камбікармоў на камбікормавым заводзе ў Калазубах, багатая бялком макуха таксама стане добрай падмогай для жывёлагадоўлі.
Што тычыцца ўраджайнасці збожжавых, то найбольш парадавалі жыта і трыцікале. Так, ураджайнасць жыта склала каля 50 цэнтнераў з гектара.
У таварыстве дзейнічае сапраўдны ўборачны канвеер. Пасля вызвалення палёў ад саломы праводзіцца лушчэнне іржышча. Ужо рыхтуецца глеба пад сяўбу азімага рапсу, які, як і летась, будзе размешчаны на плошчы тысячу гектараў.
Поспех на жніве вызначаюць людзі. Андрэй Мікалаевіч вельмі цёпла адзываецца пра кожнага з камбайнераў і іх памочнікаў. У ліку лідараў — сямейныя экіпажы: Аляксандр і Мікалай Густыры, Васіль і Андрэй Шапавалы, Леанід і Андрэй Хлебнікі. Сярод маладзёжных экіпажаў у ліку лепшых Сяргей Густыр і Юрый Ясінскі. На адвозцы збожжа ад камбайнаў выдатна папрацавалі вадзіцелі Уладзімір Зубеня, Андрэй Вайцешка, Юрый Савін. Няма роўных у раёне калектыву ЗСК-80 (старшы машыніст Анатоль Макарэвіч), які дапрацаваў больш за 15 тысяч тон збожжа.
Асноўная запаведзь земляробаў — забеспячэнне паставак збожжа ў дзяржаўныя засекі. Сёлета сельскія працаўнікі ААТ «Ружаны-Агра» па-вінны паставіць для патрэб прадпрыемстваў Дэпартамента хлебапрадуктаў 1520 тон збожжа. І гэта задача паспяхова вырашаецца.
На здымках: галоўны аграном Андрэй Лаўрутыч і ўпраўляючы ўчастка «Маеўскае» Л.І.Якіменя; сямейны экіпаж Леанід і Андрэй Хлебнікі; малады вадзіцель Андрэй Вайцешка; лепшы маладзёжны экіпаж Сяргей Густыр і Юрый Ясінскі.
Мікола Архуцік. Фота аўтара.